Беларусі трэба заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Такую думку кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаў на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе.
“Сучасны этап развіцця беларускай дзяржавы патрабуе выбудоўваць знешнепалітычную і знешнеэканамічную дзейнасць па-новаму — больш маштабна і наступальна. Лічу, што надышоў час, калі нам трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Больш актыўна пашыраць і абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І не дзеля нейкіх амбіцый, а дзеля таго, каб умацаваць нашу суверэнную і незалежную дзяржаву як палітычна, так і эканамічна. Перш за ўсё эканамічна”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі са знешнім светам — поле дзейнасці не толькі Міністэрства замежных спраў. “Гэта задача ўсіх тут прысутных: прэзідэнта, парламента, урада, міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай выканаўчай улады, суб’ектаў гаспадарання. Прычым па ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, гуманітарным, у сферах бяспекі, культуры, адукацыі, спорту”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Калі якая-небудзь з нашых структур не можа знасці сваё месца ў гэтай рабоце, значыць, вызначаны няправільныя прыярытэты. Без прасоўвання сваіх праектаў за мяжу сёння не выйсці на маштабнае развіццё. Калі няма праектаў, то няма эфектыўнай работы!” — лічыць беларускі лідар.
Гаворачы аб павышэнні ролі Беларусі ў сусветнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе падставы для гэтага ў краіны ёсць. “Так, для большай часткі свету мы — маладая суверэнная дзяржава. Але працэс фарміравання нашай дзяржаўнасці налічвае не адно стагоддзе. Дзяржаўныя ўтварэнні, пераемніцай якіх з’яўляецца суверэнная Беларусь, былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей, што адбываюцца ў нашым рэгіёне. А часам і рэй вялі. Таму пэўны гістарычны вопыт актыўнай знешняй палітыкі ў нас ёсць”, — сказаў беларускі лідар.
“Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а сябраваць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўстанаўленне ўзаемавыгадных адносін”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі курс Беларусь ужо даўно і паспяхова ажыццяўляе на практыцы. “Шматвектарнасць — ад зін з найважнейшых прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі — стала бясспрэчным здзейсненым фактам”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Што тычыцца ўсходняга вектара, то тут вызначаны выразныя арыенціры і падыходы ў рабоце. “Стратэгічным саюзнікам нашай краіны была, ёсць і застанецца Расія. Мы праводзім узгодненую лінію ў знешняй палітыцы і ў сферы бяспекі. Паспяхова вырашаем комплекс сацыяльна-гуманітарных пытанняў”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ў выключна кароткія тэрміны Беларусь са сваімі партнёрамі рэалізавала праект стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза — аднаго з найбольш маштабных інтэграцыйных аб’яднанняў апошняга часу.
Практычнае напаўненне таксама атрымлівае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем.
“І па заходнім вектары ёсць канструктыўныя зрухі. Пройдзены няпросты шлях па нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Паступова нарошчваюцца тэмпы развіцця супрацоўніцтва з ЗША”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін вектар, прадоўжыў прэзідэнт, — гэта актыўны пошук новых партнёраў і пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі краінамі далёкай дугі на ўсіх кантынентах.
“У выніку такой шматвектарнай палітыкі мы дасягнулі новага ўспрымання нашай краіны ў свеце — як незалежнай, міралюбівай дзяржавы, своеасаблівага донара бяспекі ў рэгіёне. Беларусь з’яўляецца ініцыятарам і суаўтарам розных ініцыятыў на такіх найважнейшых міжнародных пляцоўках, як ААН, АБСЕ, у іншых не менш значных і аўтарытэтных рэгіянальных арганізацыях”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Звяртаюся да ўсіх удзельнікаў нарады — не толькі да МЗС і паслоў, але і да ўрада, да асноўных экспарцёраў. Нельга ўпусціць момант паляпшэння становішча ў сусветнай эканоміцы і кан’юнктуры для прасоўвання нашых тавараў. Пры гэтым трэба выключыць сітуацыю, калі мы кідаемся туды, дзе нас не чакаюць, пакідаючы найбольш выгадныя напрацаваныя рынкі найбліжэйшых краін”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асноўным крытэрыем паспяховасці знешняй палітыкі ў цэлым і работы МЗС і загранустаноў у прыватнасці з’яўляюцца нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту. У бягучым годзе прырост беларускага экспарту за студзень — май перавышае 20 працэнтаў, што складае каля $2 млрд. Без уліку нафты, нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў экспарт вырас яшчэ больш — амаль на 30 працэнтаў. “А гэта якраз той несыравінны паказчык, за які адказваюць нашы паслы і замацаваныя службовыя асобы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі, краіны разам выпрацоўваюць агульныя падыходы па ключавых задачах у эканоміцы. З двух мільярдаў долараў экспарту, якія Беларусь дабавіла ў студзені — маі бягучага года, палова прыпала менавіта на Расію. “Мы бачым, што, нягледзячы на ўсе ўзнікаючыя для нас перашкоды на гэтым рынку, у тым ліку штучныя, попыт на нашы тавары ёсць. І ён будзе ўзрастаць. І калі расіяне сёння гавораць аб тым, што эмбарга, санкцыі — шанс для іх эканомікі, вы павінны разумець, што гэта не меншы шанс і для нашай эканомікі, таму што нашы народнагаспадарчыя сувязі вельмі пераплецены і кааперацыя вельмі глыбокая”, — падкрэсліў беларускі лідар.
У існуючых умовах трэба спакойна, упэўнена і настойліва прадаўжаць работу з расійскім бокам над вырашэннем канкрэтных эканамічных пытанняў, адзначыў прэзідэнт. “Цесныя эканамічныя сувязі ахопліваюць тысячы буйных прадпрыемстваў. Ад іх залежаць непасрэдна мільёны расіян і беларусаў. На жаль, пэўныя складанасці для нас на гэтым рынку ёсць. Айчынныя тавары апынаюцца ў нявыгадным становішчы з-за маштабнай падтрымкі расійскіх прадпрыемстваў з федэральных крыніц”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў ураду правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах, каб вызначыць, хто вырабляе тавар, запатрабаваны ў свеце, а хто бяздарна працуе на павелічэнне складскіх запасаў. “Гэта ключ да абнаўлення нашых вытворчасцей, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мадэрнізаваць, весці сюды замежных інвестараў трэба з улікам заўтрашняга дня, а не праводзіць мадэрнізацыю, якая старэе, не паспеўшы завяршыцца. І інвестары будуць укладваць грошы толькі ў перспектыўныя вытворчасці”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна распрацаваць новую стратэгію экспарту, заснаваную на паляпшэнні яго якаснай структуры. “Нядобра, калі па-ранейшаму больш за 80 працэнтаў нашага экспарту ў Еўропу складаюць сыравіна і паўфабрыкаты, — сказаў ён. — Трэба імкнуцца да стварэння сумесных вытворчасцей з удзелам заходняга капіталу. Укараняць перадавыя тэхналогіі і вопыт. Уводзіць нашых экспарцёраў у міжнародныя вытворчыя ланцужкі вядомых еўрапейскіх і сусветных карпарацый”.
Складнікам беларускай экспартнай палітыкі, на думку кіраўніка дзяржавы, павінны стаць зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці працы. І, вядома, становяцца ўсё больш важнымі інавацыйнасць і высокая тэхналагічнасць прадукцыі.
“Неабходна развівацца не ў напрамку “што мы можам вырабіць сёння”, а ў напрамку “што мы можам вырабіць з таго, што будзе запатрабавана заўтра”. Гэта больш чым актуальная праблема для прамысловасці, якая складае аснову нашай эканомікі. І не толькі для прамысловасці, але і нашых вучоных. Аб гэтым восенню пагаворым на вялікім з’ездзе вучоных, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нельга дапусціць адставанне краіны ў тэхнічным і тэхналагічным плане ад нашых гандлёвых партнёраў і развітых эканомік у цэлым. Мы павінны стварыць не толькі ІТ-парк, але і ІТ-краіну. Аб гэтым неаднойчы ўжо было сказана”.
Кіраўнік дзяржавы даручыў паслам разам з Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам прамысловасці і іншымі арганізацыямі больш энергічна прыцягваць інвестараў, якія валодаюць самымі перадавымі тэхналогіямі. “Патрабуецца новае заканадаўства? Уносьце прапановы”, — дадаў ён.
“Разуменне ўсімі звёнамі нашага дзяржаўнага апарату і бізнесу неабходнасці актыўнай экспартнай палітыкі дае магчымасць стварыць новыя міжведамасныя механізмы супрацоўніцтва, — сказаў прэзідэнт. — На сённяшні дзень мы паспяхова апрабавалі схему работы з замацаванымі службовымі асобамі. Мы стварылі гэтую форму ўзаемадзеяння два гады назад. Вынікі куратарства, трэба сказаць, розныя. Тым не менш чаканы эфект ёсць”.
Цяпер 35 замацаваных службовых асоб адказваюць за 79 краін. “Галоўнае, каб дасягаліся даведзеныя экспартныя паказчыкі росту па напрамках, якія курыруюцца. Гэта ваш прамы абавязак, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Кіраўнікоў загранустаноў таксама хачу настойліва заклікаць да цеснага ўзаемадзеяння з замацаванымі службовымі асобамі. Тым больш што многія з іх узначальваюць эканамічныя міжурадавыя камісіі. Хачу яшчэ раз нагадаць: знешнеэканамічная, асабліва экспартная, дзейнасць з’яўляецца абсалютным прыярытэтам у рабоце пасольстваў і МЗС”.
Далейшая нармалізацыя адносін з Еўрасаюзам застаецца ў ліку знешнеэканамічных прыярытэтаў, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Наш сусед — Еўрапейскі саюз — перажывае няпростыя часы. Сёння там сутыкнуліся з шэрагам сур’ёзных выклікаў. Але, хачу запэўніць, з гэтымі выклікамі Еўрасаюз справіцца. Я ўжо шмат разоў гаварыў, што нам патрэбны моцны Еўрапейскі саюз як у эканамічным, так і ў палітычным плане. ЕС — гэта магутная апора шматпалярнага свету. Гэтым усё сказана”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі з прадпрыемстваў зняты. Няма больш квот на пастаўкі беларускага тэкстылю, ёсць зрухі ў пазіцыі ЕС па ўзаемадзеянні Беларусі з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, па ўступленні Беларусі ў СГА.
“Гэтыя рэаліі адкрываюць новыя магчымасці супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Нельга ўпусціць момант. Трэба літаральна ўгрызацца ў еўрапейскі рынак, які з’яўляецца найбольш плацежаздольным і тэхналагічным. І гэта задача для ўсіх”, — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, таксама важна прадаўжаць сістэмнае нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі. “Мы зацікаўлены ва ўстойлівым і бесперашкодным доступе беларускіх тавараў і паслуг на ёмісты і плацежаздольны рынак ЗША. Акрамя таго, хочам прыцягнуць амерыканскія капіталаўкладанні, тэхналогіі і ўдзельнічаць у вытворчай кааперацыі з кампаніямі гэтай краіны, — дадаў прэзідэнт. — Павінен сказаць, тут мы працуем не проста слаба, а вельмі дрэнна. Можна сказаць, мы наогул там не працуем”.
“Асноўная праблема — бар’еры на агульнай эканамічнай прасторы. Трэба, каб работа над іх устараненнем вялася больш вынікова. На ўсіх пляцоўках — і ў “двойцы”, і ў “пяцёрцы”, і на рэгіянальным узроўні. І ўраду, і МЗС, і Мінэканомікі трэба дабівацца рэальнага эфекту ў гэтым напрамку”, — сказаў прэзідэнт.
“Стварэнне аднолькавых умоў для суб’ектаў гаспадарання ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС з’яўляецца для нас стратэгічнай задачай. І яе трэба вырашаць настойліва і як мага хутчэй”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“Размова ідзе не толькі пра цэны на нафту і газ. Не менш важна дабівацца правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай і аграрнай сферах. Павінны быць выключаны як прамыя бар’еры па доступе на рынак, так і іншыя меры, якія дыскрымінуюць беларускіх вытворцаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“У той жа час трэба выпрацоўваць сумесныя падыходы для абароны агульнага ўнутранага рынку. Тут бачу сур’ёзныя недапрацоўкі з боку ўрада, МЗС, прадстаўнікоў у інтэграцыйных аб’яднаннях”, — дадаў беларускі лідар.
Для прысутных на нарадзе кіраўнікоў прадпрыемстваў-экспарцёраў прэзідэнт падкрэсліў, што, нават калі ў іх усё ідзе адносна добра на расійскім рынку, гэта не азначае, што можна расслабіцца. “Любое самазаспакаенне да смерці падобна. Калі выціснуць адтуль, то на ранейшыя пазіцыі ніколі не верніцеся. Трэба чапляцца, замацоўвацца і пашырацца! І ніяк інакш!” — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што дзяржавы СНД з’яўляюцца традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі, аднак гэта не азначае, што рынак СНД поўнасцю асвоены і адносіцца да катэгорыі простых. “І тут стварэнне безбар’ернага гандлёвага асяроддзя — важны пункт прыкладання нашых агульных намаганняў. У нас ёсць ключавы элемент — дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Наступны крок — пабудова паміж краінамі СНД адзінага рынку дзяржаўных закупак і фарміраванне асноў рынку свабоднага гандлю паслугамі”, — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтыя задачы былі рэалізаваны і дапоўнены новымі агульнымі пунктамі эканамічнага ўзаемадзеяння на прынцыпах вытворчага інвестыцыйнага і навуковага супрацоўніцтва.
“Пры гэтым наша членства ў ЕАЭС і падпісанне шэрагам дзяржаў СНД пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС не толькі не павінна нас раздзяляць, а, наадварот, павінна стымуляваць да стварэння сумеснага прадукту і вывядзення яго на найбольш прывабныя рынкі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым захаванне дружалюбных сувязей абсалютна з усімі дзяржавамі, што ўваходзяць у склад СНД, і тымі, хто з яе выйшаў, прэзідэнт назваў значным дасягненнем. “Трэба падтрымліваць пазітыўную дынаміку гандлю з Украінай, на якую ўдалося выйсці ў мінулым і бягучым годзе. Для нас гэта 12 працэнтаў беларускага экспарту”, — адзначыў ён.
Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шансам у плане свайго актыўнага ўдзелу ў кітайскай ініцыятыве “Ад зін пояс і адзін шлях”, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў прэзідэнта, дасягнуты высокі ўзровень даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітаем патрабуе павышанай увагі як да рэалізацыі двухбаковых праектаў, так і да ўзаемадзеяння ў рамках маштабных інтэграцыйных аб’яднанняў. “Асабліва гэта тычыцца ініцыятывы Старшыні КНР Сі Цзіньпіна “Адзін пояс і ад зін шлях”. Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шансам і стаць важным транзітным, лагістычным, вытворчым, тэхналагічным звяном гэтага новага транскантынентальнага інтэграцыйнага праекта”, — сказаў беларускі лідар.
Дзейсным інструментам, адзначыў прэзідэнт, павінен стаць індустрыяльны парк “Вялікі камень”, названы Сі Цзіньпінам “жамчужынай эканамічнага пояса Шаўковага шляху”. “Яго неабходна выкарыстоўваць для прыцягнення самых перадавых тэхналогій і вытворчасцей з усяго свету. Падкрэсліваю: з усяго свету, а не толькі з Кітая! Умовы для гэтага створаны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нам там не склады патрэбны. Нам там патрэбны самыя высокія тэхналогіі, якія будуць садзейнічаць вытворчасці тавараў заўтрашняга і паслязаўтрашняга дня. Вы павінны забяспечыць там размяшчэнне прадпрыемстваў самага перадавога ўкладу з усіх краін свету”.
На нарадзе Прэзідэнт Беларусі падтрымаў прапанову аб больш шырокім вывучэнні ў Беларусі кітайскай мовы. “Абсалютна вас падтрымліваю. Усе вашы прапановы будуць не проста ўлічаны, па іх будуць прыняты рашэнні. Зрабіце, каб да верасня гэтыя ўсе рашэнні былі фармалізаваны, пачынаючы ад вывучэння кітайскай мовы (мы сапраўды тут спазняемся) аж да турызму, пра які тут гаварылі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, рэагуючы на даклад пасла Беларусі ў КНР Кірыла Рудага.
У ліку праблем, якія стрымліваюць эфектыўнае развіццё супрацоўніцтва, дыпламат назваў моўны бар’ер. Гэта асабліва актуальна ў сувязі з тым, што ўсе допускі прадукцыі на рынак Кітая — заяўкі, кантракты — афармляюцца менавіта на кітайскай мове, але спецыялістаў у такой сферы недастаткова. “Сёння гэта ўжо становіцца неабходнасцю для ўсіх. У многіх краінах кітайская мова стала калі не нараўне з англійскай, то другой замежнай мовай. У сувязі з гэтым прапануецца павялічыць яе вывучэнне як у нашых школах, так і ва ўніверсітэтах”, — сказаў пасол.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сур’ёзным пунктам апоры на далёкай дузе можа і павінна стаць Паўднёвая Азія — каласальны па сваім аб’ёме рынак у амаль два мільярды чалавек. “Дзяржавы рэгіёна на працягу апошніх гадоў дэманструюць устойлівы эканамічны рост. Яны актыўна мадэрнізуюць сваю прамысловасць і сельскую гаспадарку, узводзячы маштабныя аб’екты дарожна-транспартнай, рэсурсаздабываючай і энергетычнай інфраструктуры. Усё гэта фарміруе натуральны попыт на тавары і паслугі беларускага экспарту. Таму надышоў час трансфармаваць высокі ўзровень палітычнага дыялогу з вядучымі краінамі гэтага рэгіёна, такімі як Індыя, Іран, Пакістан, у эканамічныя дывідэнды”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў яго з кіраўніцтвам Індыі і Пакістана склаліся вельмі добрыя адносіны, ёсць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю. “Менш як праз месяц Беларусь мае намер наведаць Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф. МЗС і іншыя дзяржаўныя органы павінны максімальна адказна падысці да гэтага візіту, напоўніць яго змест канкрэтнымі праектамі”, — даручыў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў, што пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і В’етнамам, якое ўступіла ў сілу, дае магчымасць разглядаць гэтую краіну як плацдарм для пашырэння нацыянальных інтарэсаў у краінах АСЕАН. “Візіт Прэзідэнта В’етнама і нашы дамоўленасці аб выхадзе на тавараабарот $500 млн — гэтая задача павінна быць безумоўна выканана”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Неабходна і паўнацэнная доўгатэрміновая стратэгія супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе.
“Неабходна адысці ад практыкі работы ў гэтым напрамку наскокамі, ад візіту да візіту. Трэба мець паўнацэнную доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі як у шэрагу супастаўных з Беларуссю еўрапейскіх дзяржаў”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам стабільна высокага росту эканомік, якія развіваюцца, павышаецца значнасць пашырэння беларускай прысутнасці на афрыканскім рынку. “Мы там працуем, але маштабы трэба пашыраць! Па выніках 2016 года наш экспарт у краіны кантынента склаў усяго $233 млн. Не трэба думаць, што Афрыка — адна беднасць і там плаціць няма чым. Нічога падобнага! Без рэсурсаў гэтага кантынента свет сёння не можа дынамічна развівацца, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы не павінны ўпусціць свае магчымасці ў канкурэнтнай барацьбе за афрыканскія рынкі. Наперадзе — вялікая і напружаная работа”.
Паводле слоў прэзідэнта, у першую чаргу трэба поўнасцю рэалізаваць усе дамоўленасці і напрацоўкі па выніках візітаў у Судан і Егіпет. “Неабходна максімальна выкарыстоўваць вынікі беларуска-афрыканскіх форумаў, што праводзяцца, для павелічэння экспартных паставак беларускіх тавараў і паслуг у гэты рэгіён”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб краінах Лацінскай Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія 16 гадоў беларускі экспарт тавараў у краіны гэтага рэгіёна павялічыўся больш як у пяць разоў. Знешнегандлёвае сальда з адмоўнага ў 2000 годзе стала дадатным. “Гэта наглядны прыклад таго, як спрацоўвае стаўка на развіццё адносін з краінамі далёкай дугі. Яна садзейнічае рэгіянальнай дыверсіфікацыі беларускага экспарту”, — заўважыў беларускі лідар.
Ён сказаў: нягледзячы на тое, што Лацінаамерыканскі рэгіён перажывае цяжкія часы, нельга сядзець склаўшы рукі і чакаць, калі што-небудзь там зменіцца. “Нашым пасольствам трэба дзейнічаць актыўна не толькі там, дзе яны знаходзяцца (Аргенціна, Бразілія, Венесуэла, Куба, Эквадор), але і ў краінах, дзе нашы паслы працуюць па сумяшчальніцтве”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў пашырэнні беларускіх эканамічных інтарэсаў галоўная роля належыць беларускім суб’ектам гаспадарання. Іх работа павінна адпавядаць сучасным рыначным умовам і патрабаванням. З улікам гэтага трэба выбудоўваць увесь комплекс прасоўвання тавару: ад яго сертыфікацыі і продажу — да прадастаўлення гарантыйных і сэрвісных паслуг. “Я ўжо гаварыў міністру замежных спраў узяць гэтае пытанне на вельмі строгі кантроль. У нас кіруемая дзяржаўная эканоміка. Хто перашкаджае, напрыклад, Міністэрству прамысловасці, ствараць там адзіныя пляцоўкі для рэалізацыі і сэрвіснага абслугоўвання нашай тэхнікі. Навошта МАЗу, БелАЗу, МТЗ і іншым ствараць асобна гэтыя прадпрыемствы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.