У БДУ прайшлі першыя залічэнні на бюджэтную форму навучання

- 12:41Актуально
Як паведамілі ў прэс-службе БДУ, сёлетняя ўступная кампанія адметная шэрагам рэкордных паказчыкаў. Напрыклад, на 6,7% павялічылася колькасць пададзеных дакументаў на дзённую бюджэтную форму навучання ў параўнанні з мінулым годам. На 2075 месцаў абітурыенты падалі 3606 заяў. Такім чынам, сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 1,7 чалавека на месца (у мінулым годзе — 1,5).

Павялічылася і якасць падрыхтоўкі абітурыентаў БДУ. Так, ва ўніверсітэт паступаюць 128 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (на 5,8% больш, чым у мінулым годзе). Акрамя таго, сёлета сярод абітурыентаў БДУ 598 залатых медалістаў (на 22% больш за паказчык 2012 года) і 1731 выпускнік ліцэяў і гімназій (на 15,2% больш, чым летась). Амаль 45% абітурыентаў БДУ маюць звыш 300 балаў.
Станоўчая тэндэнцыя цяперашняй прыёмнай кампаніі — высокі конкурс на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці. Так, конкурс на біялагічным факультэце — 1,7, на геаграфічным і факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій — 1,5, на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычным і хімічным факультэтах — 1,4 чалавека на месца. Зрэшты, найвышэйшы конкурс адзначаны на гуманітарным факультэце па спецыяльнасці “Дызайн (камунікатыўны)” — 10,8 чалавека на месца.
фота з сайта www.ria.ruЯк паведамілі ў прэс-службе БДУ, тут ужо прайшлі першыя пасяджэнні прыёмнай камісіі і адбылося залічэнне на шэраг факультэтаў. У прыватнасці, сталі вядомы вынікі прыёму абітурыентаў на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, дзе сярэдні бал склаў 270 (летась быў 237). Самы высокі прахадны бал на гэтым факультэце адзначаны на спецыяльнасць “Камп’ютарная бяспека (радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі)” — 302 (у 2012 годзе — 270). Трэба сказаць, што ўвогуле прахадныя балы павялічыліся на ўсе спецыяльнасці факультэта. Напрыклад, на “Фізічную электроніку” для гарадскіх абітурыентаў прахадны бал сёлета 216, для сельскіх — 204 (летась быў 139).
На геаграфічным факультэце сярэдні бал застаўся амаль на ўзроўні мінулага года — 280 (у 2012 годзе — 276). Самымі папулярнымі сярод абітурыентаў з’яўляюцца спецыяльнасці “Геалогія і разведка радовішчаў карысных выкапняў” — прахадны бал 329 (летась — 311), “Геаграфія (геаінфармацыйныя сістэмы)” — прахадны бал 310 (летась — 283), “Космааэракартаграфія” — прахадны бал 304 (летась — 268). Адначасова істотна знізіўся прахадны бал на спецыяльнасць “Гідраметэаралогія” (у мінулым годзе быў 279, а сёлета 260).
Адметна, што панізіўся сярэдні бал на эканамічным факультэце. У гэтым годзе ён склаў 346 (у 2012 годзе — 357).
Істотнае павелічэнне сярэдняга бала зафіксавана сёлета на механіка-матэматычным факультэце — 298 супраць леташніх 257, а сярэдні бал атэстата ў першакурснікаў мехмата — 9,0. На некаторыя спецыяльнасці гэтага факультэта розніца з мінулагоднім прахадным балам проста велізарная. Напрыклад, на “Матэматыку (навукова-канструктарскую дзейнасць)” прахадны бал склаў 272 (летась — 192), на “Матэматыку (навукова-вытворчую дзейнасць)” — 263 (летась — 204), на “Матэматыку (навукова-педагагічную дзейнасць)” — 251 па гарадскім конкурсе і 196 па сельскім (летась — 182), на “Камп’ютарную матэматыку і сістэмны аналіз” — 314 (летась — 257).
На ваенны факультэт БДУ залічаны ўсяго 24 абітурыенты. Іх сярэдні бал таксама павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам: 279 супраць леташніх 216. Адметна, што на спецыяльнасці “Геаграфія (геаінфармацыйныя сістэмы ваеннага прызначэння), “Прыкладная крыптаграфія”, “Хімія (радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона)” залічаны ўсе абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе. І толькі на спецыяльнасць “Правазнаўства (юрысконсульцкая работа ў ваеннай галіне)” быў конкурс, згодна з якім прахадны бал для гарадскіх абітурыентаў склаў 276, а для сельскіх 231 (летась — 224 і 210 адпаведна).
У Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій на бюджэтную форму залічана ўсяго 12 абітурыентаў, сярэдні бал якіх — 367 (летась — 371), сярэдні бал атэстата — 9,8.
Паведамляем таксама, што ўчора напрыканцы дня прайшло залічэнне абітурыентаў хімічнага, біялагічнага, філалагічнага і яшчэ некалькіх факультэтаў. І падобныя пасяджэнні будуць праходзіць штодня да 1 жніўня ўключна. Усе яны трансліруюцца ў анлайн-рэжыме на сайце БДУ, і абітурыенты могуць з першых рук атрымаць інфармацыю пра сваё паступленне.
Тыя, для каго першая спроба апынецца няўдалай, змогуць прыняць удзел у конкурсе на завочную і вячэрнюю форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, а таксама прыняць удзел у конкурсе на платныя месцы.

 

Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.