Новы суперсучасны айчынны збожжаўборачны камбайн, які будзе стварацца на “Гомсельмашы”, плануецца распрацаваць на аснове практычнага вопыту, набытага пры выпуску прадпрыемствам серыйных машын. Аб гэтым паведаміў начальнік агульнатэхнічнага комплексу загадчык аддзела агульнатэхнічных распрацовак навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання (НТЦК) холдынга “Гомсельмаш” Віктар Сусаў.
Размова аб стварэнні суперкамбайна ішла на нарадзе ў прэзідэнта 22 жніўня. Чакаецца, што машына не будзе ўступаць імпартным аналагам, а па некаторых пазіцыях перасягне іх. У працэсе стварэння могуць быць пераняты новыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся ў час работы над КЗС-1624-1 — самым высокапрадукцыйным з мадэльнага рада камбайнаў “Палессе”, здольнага ўбіраць палі з ураджайнасцю да 120 ц/га. “Задача заключаецца ў тым, каб давесці вузлы і механізмы гэтага камбайна, які пастаўлены ўжо на вытворчасць, да дасканаласці. З гэтай мэтай нам неабходна максімальна напрацаваць і вывучыць практычны вопыт работы КЗС-1624-1 на ўборцы збожжавых, кукурузы, соі, іншых культур”, — сказаў Віктар Сусаў.
Канструктарам трэба ўдасканаліць працоўнае месца механізатара, каб стварыць для яго ў кабіне больш камфортныя ўмовы, а таксама зрабіць лягчэйшым кіраванне механізмамі. Ёсць таксама ідэі па паляпшэнні дызайну машыны, праграмнага забеспячэння камп’ютара, дапрацоўцы некаторых вузлоў. “Гэта будзе самы сучасны камбайн — як па канструкцыі, так і па знешнім выглядзе”, — адзначыў спецыяліст.
Галоўнай выдатнай якасцю новай машыны стане надзейнасць у рабоце. Канструктарскія рашэнні спецыялістаў НТЦК, якія грунтуюцца на 20-гадовым вопыце і стварэнні збожжаўборачных камбайнаў, даюць магчымасць гэта зрабіць. “Разам з тым хацелася б нагадаць, што гэтая надзейнасць залежыць і ад камплектуючых, якія будуць пастаўляць для новага камбайна беларускія прадпрыемствы: рухавікі, гідраўліка, электраабсталяванне і г.д. Яны таксама павінны быць даведзены да дасканаласці”, — падкрэсліў Віктар Сусаў.