Савет Бяспекі ААН рашуча асудзіў ракетныя выпрабаванні КНДР і заклікаў да спынення ядзернай праграмы, паведамляюць інфармагенцтвы.
У прынятай Саветам Бяспекі ААН увечары 29 жніўня па выніках закрытых кансультацый заяве гаворыцца, што дзейнасць КНДР уяўляе сабой пагрозу не толькі для рэгіёна, але і для ўсіх дзяржаў — членаў ААН. У выніковым дакуменце падкрэсліваецца, што СБ ААН рашуча асуджае праведзенае КНДР выпрабаванне ракеты, а таксама серыю пускаў балістычных ракет.
У заяве змяшчаецца патрабаванне да КНДР спыніць пускі ракет і выконваць прынятыя раней рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН. Таксама адзначаецца, што краіна павінна адмовіцца ад усіх ядзерных узбраенняў і існуючых ядзерных праграм цалкам, незваротна і спосабам, які паддаецца праверцы. Акрамя таго, КНДР не павінна праводзіць у будучыні ядзерных выпрабаванняў і ажыццяўляць якія-небудзь правакацыі, а таксама адмовіцца ад усёй зброі масавага знішчэння.
“Савет Бяспекі зноў заяўляе пра важнасць захавання міру і стабільнасці на Карэйскім паўвостраве і ў Паўночна-Усходняй Азіі ў цэлым, выказвае імкненне да мірнага, дыпламатычнага і палітычнага вырашэння праблем і вітае намаганні членаў СБ ААН, а таксама іншых дзяржаў садзейнічаць мірнаму і ўсёабдымнаму ўрэгуляванню праз дыялог”, — адзначаецца ў дакуменце.
КНДР 29 жніўня запусціла ракету ў бок рэгіёна Тахоку ў Японіі. Ракета праляцела над паўночнымі рэгіёнамі Японіі, развалілася на тры часткі і ўпала ў Ціхім акіяне ля берагоў вострава Хакайда. Улады краіны заклікалі мясцовых жыхароў схавацца ў сховішчах. Прэм’ер-міністр Японіі Сіндза Абэ заявіў, што зробіць усё неабходнае для абароны японскіх грамадзян.