Расія запрасіла на заключны этап вучэнняў “Захад-2017” кіраўніцтва абаронных ведамстваў шэрага дзяржаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра абароны Расійскай Федэрацыі Аляксандр Фамін.
“Імкнучыся да максімальнай транспарэнтнасці, мы ў ініцыятыўным парадку запрасілі для наведвання заключнага этапу сумеснага стратэгічнага вучэння “Захад-2017” на палігоне Лужскі (Ленінградская вобласць) кіраўніцтва абаронных ведамстваў шэрага замежных дзяржаў і прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса”, — сказаў ён.
Аляксандр Фамін нагадаў, што да ўдзелу ў вучэннях плануецца далучыць каля 12,7 тысячы ваенных, каля 70 самалётаў і верталётаў, да 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў, да 200 гармат, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў, а таксама 10 караблёў.
Такім чынам, колькасць войскаў, танкаў, баявых браніраваных машын, артылерыі, мінамётаў, якія прыцягваюцца, колькасць самалёта-вылетаў, якія плануюцца, не перавышае ўзровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, устаноўлены Венскім дакументам 2011 года”, — адзначыў Аляксандр Фамін.
Па яго словах, у склад органаў кіравання Узброеных сіл Расіі і Беларусі, якія прыцягваюцца да вучэнняў, будуць уключаны прадстаўнікі генеральных штабоў дзвюх дзяржаў, органаў кіравання Заходняй ваеннай акругі, Ваенна-транспартнай авіяцыі УС Расіі, а таксама камандавання ВПС і СПА Беларусі.
“Для планавання сумесных дзеянняў ад расійскага боку будуць прыцягвацца аператыўныя групы іншых сілавых ведамстваў: Міністэрства ўнутраных спраў, Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі, ФСБ і МНС”, — дадаў ён.