ШАГУН Таццяна Мікалаеўна,
настаўніца англійскай мовы ліцэя № 1 Баранавіч.
Т.М.Шагун вышэйшую педагагічную адукацыю па спецыяльнасці “Замежная мова (англійская). Беларуская мова і літаратура” атрымала ў Баранавіцкім вышэйшым педагагічным каледжы, скончыўшы яго на выдатна ў 2003 годзе. Вучылася таксама ў магістратуры МДЛУ, атрымаўшы ў 2006 годзе дыплом з адзнакай. У 2016 годзе завяршыла навучанне ў аспірантуры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Беларуская мова. Філалагічныя навукі”. Стаж педагагічнай дзейнасці — 14 гадоў.
Намінацыя “Замежная мова”
Прыярытэтная мэта дзейнасці педагогаў ліцэя № 1 Баранавіч, у якім працуе Таццяна Мікалаеўна, — стварэнне аптымальных умоў для самаразвіцця асобы навучэнца. Аднак, прыступаючы да работы ў 9 і 10 класах, педагог выявіла невысокі ўзровень сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі, гэта значыць здольнасці і гатоўнасці ліцэістаў ажыццяўляць міжасобасныя і міжкультурныя зносіны на замежнай мове, выбранай для вывучэння.
Пасля працяглых пошукаў яна спынілася на кантэнце навін, убачыўшы ў ім істотны адукацыйны патэнцыял, асабліва неабходны і актуальны сродак навучання, які, галоўнае, прыносіць яўную карысць, рэсурс эфектыўнай і плённай вучэбнай работы з кожным, хто вывучае мову падчас вучобы ў ліцэі.
Кантэнт навін — аўтэнтычная інфармацыя, якая ўяўляе сацыяльную, эканамічную ці палітычную цікавасць для аўдыторыі, тэле- або радыёпаведамленні на замежнай мове аб падзеях, што адбыліся нядаўна ці адбываюцца ў гэты момант у краіне, мова якой вывучаецца, і маюць сацыякультурную накіраванасць.
Актуальнасць, аператыўнасць, арыгінальнасць і аўтэнтычнасць запісаў, узятых на сайтах www.BBCworldnewsforchildren.com, www.breakingnewsenglish.com, www.onestopenglish.com, www.kidslearnoutloud.com, распрацаваныя да іх інтэрактыўныя заданні, як было ўстаноўлена ў ходзе іх прымянення на занятках, не толькі дапамагаюць сфарміраваць і развіваць аўдытыўныя ўменні і навыкі, вучыць лексіцы і граматыцы, забяспечваючы сапраўдную зацікаўленасць і запланаваныя вынікі, але і прывучаюць навучэнцаў да адэкватнага рэагавання на рэальныя, а не штучна створаныя сітуацыі зносін, пераадолення псіхалагічнага бар’ера ў гаварэнні на замежнай мове.
Кантэнт навін у якасці вучэбнага аўдыяматэрыялу выгадна адрозніваецца ад іншых (фільмаў, песень, рэкламы, радыёперадач, аўдыякніг) такімі параметрамі, як аўтэнтычнасць (неадаптаваная, натуральная англійская мова); якасць (маналагічная мова, дакладнае і правільнае вымаўленне, якое адпавядае арфаэпічным нормам, лексічная і граматычная нарматыўнасць, працягласць да 3 хвілін); разнастайнасць тэматыкі (сацыяльная, эканамічная, навуковая, экалагічная, медыцынская і г.д.); сенсацыйнасць (здольнасць уразіць, выклікаць эмоцыі, жаданне адказаць, абмеркаваць).
Прымяняючы кантэнт навін у навучанні англійскай мове, настаўніца прыйшла да высновы, што яго можна выкарыстоўваць на ўроках любога тыпу. Структурна ўрокі ўключаюць у сябе наступныя абавязковыя этапы: увядзенне ў акалічнасці іншамоўных зносін (Warm-ups); перадтэкставы і тэкставы этапы (Listening); паслятэкставы этап (Afterlistening); творчае дамашняе заданне (Homework).
На першым абавязковым этапе, які вызначае паспяховасць і выніковасць наступных, настаўнік павінен адказна паставіцца да выбару тэматыкі кантэнту навін. Змест павінен быць актуальным, арыгінальным, надзённым: навучэнцы любяць працаваць з матэрыялам, які на цяперашні момант актыўна абмяркоўваецца, хвалюе многіх, закранае пэўныя жыццёвыя інтарэсы.
Прыкладнымі на першым абавязковым этапе могуць быць наступныя заданні:
1. На працягу адной хвіліны запішыце (назавіце настаўніку, абмяняйцеся з партнёрам) усе словы, якія вы асацыіруеце з тэмай урока “Адукацыя”, “Экалагічныя праблемы”, “Кінамастацтва” і г.д.
2. Праранжыруйце наступныя пункты, звязаныя з тэмай урока, па ступені іх важнасці, неабходнасці, верагоднасці, разбуральнасці і г.д. Абмяркуйце ці растлумачце свой выбар суседу па парце (суседу, які сядзіць перад вамі, суседу за спінай).
3. Абмяркуйце наступныя выказванні (думкі) са сваім суседам, настаўнікам. З якім з іх вы цалкам (не) згодны?
4. Паглядзіце наступныя пункты ў табліцы. Упішыце насупраць кожнага (і абмяркуйце з суседам) яго перавагі ці недахопы.
5. Запоўніце табліцу (прапаноўваюцца лексічныя опцыі, звязаныя з тэматыкай урока). Пакажыце партнёру, што вы запісалі, і абмяркуйце запісанае.
Выкарыстоўваючы заданні апісанага вышэй тыпу ў спалучэнні з прапанаванай тэмай, мэтамі і структурай урока, можна не толькі стварыць добразычлівую атмасферу іншамоўных зносін, зняць псіхалагічныя бар’еры гаварэння на замежнай мове, але і стварыць матывацыю. Апошняя, як вядома, цесна звязана з пазнавальнай цікавасцю, фарміраванне якой — галоўная задача ў авалоданні замежнай мовай.
Т.М.Шагун лічыць, што менавіта спалучэнне гэтых фактараў (сучаснасць-актуальнасць кантэнту навін і матывацыя) аказваюць станоўчы ўплыў на працаздольнасць навучэнцаў і, у прыватнасці, на жаданне вывучаць англійскую мову. Таму, каб садзейнічаць актывізацыі разумовай дзейнасці школьнікаў, павысіць цікавасць да авалодання англійскай мовай, варта таксама выкарыстоўваць на ўроку розныя віды работы (групавую, франтальную, парную), даваць разнастайныя віды практыкаванняў і заданняў, як па ступені складанасці, так і па ступені зацікаўленасці.
Вынікі маніторынгу ўзроўню сфарміраванасці і развіцця камунікатыўных уменняў пацвярджаюць эфектыўнасць выкарыстання кантэнту навін у навучанні англійскай мове. У Т.М.Шагун ёсць усе падставы прадоўжыць вопыт мэтазгоднага выкарыстання кантэнту навін, які дае відавочныя вынікі ў рабоце з навучэнцамі, аж да самых выпускных экзаменаў у ліцэі.