Прэм’ер-міністр даручыў завяршыць падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года да 29 жніўня

- 12:35Актуально
Адпаведнае даручэнне Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч агучыў 14 жніўня ва ўрадзе, дзе разглядаліся справаздачы міністэрстваў, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама па пытаннях падрыхтоўкі да пачатку навучальнага года.

Як паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, усяго ў 2013 годзе ў Беларусі за кошт усіх крыніц фінансавання ўзводзіцца 111 аб’ектаў адукацыі, з іх 90 аб’ектаў камунальнай уласнасці і 21 аб’ект рэспубліканскай уласнасці.
Да пачатку новага навучальнага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 10 аб’ектаў адукацыі, у тым ліку 3 сярэднія школы (на 1 тыс. 701 вучнёўскае месца), 1 дзіцячую дашкольную ўстанову (на 240 месцаў), студэнцкі інтэрнат № 13 (па генплане на 1032 месцы) комплексу “Студэнцкая вёска”.
Як адзначыў міністр, сур’ёзную занепакоенасць выклікае стан спраў на будаўніцтве аб’ектаў студэнцкай вёскі. Так, нягледзячы на поўнае забеспячэнне фінансавымі сродкамі, УКБ Мінгарвыканкама і ДВА “Мінскбуд” чарговы раз зрываюць вызначаныя пастановай урада тэрміны ўводу інтэрнатаў у эксплуатацыю. “Напрыклад, па генеральным плане інтэрнат № 13 павінен быць уведзены ў эксплуатацыю да 1 верасня бягучага года, аднак па стане будоўлі бачна, што адбудзецца гэта не раней за 1 кастрычніка, а тое і пазней. У выніку 600 студэнтаў БДУ і 400 БНТУ вымушаны будуць шукаць жыллё, — сказаў ён. — Не лепшае становішча і па інтэрнату № 14”.
Усяго да новага навучальнага года павінна быць адрамантавана больш як 3,5 тысячы аб’ектаў адукацыі. Паводле слоў міністра, пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года падпісваюцца з улікам зацверджаных графікаў прыёмкі ўстаноў адукацыі не пазней як 25 жніўня. З неабходных да падпісання пашпартоў гатоўнасці на 7191 установу падпісаны ўжо 1251 пашпарт (17,4%), гатовы да падпісання яшчэ 4 тыс. 257 устаноў (59,2%) (Даныя на 14 жніўня. — Заўв.рэд.)
Паводле даных Сяргея Маскевіча, да 25 жніўня неабходна падпісаць пашпарты гатоўнасці: у Брэсцкай вобласці — 94,6 працэнта, Віцебскай — 75,5 працэнта, Гомельскай — 74,4 працэнта, Гродзенскай — 78,6 працэнта, Мінскай — 96 працэнтаў, Магілёўскай — 72,1 працэнта, Мінску — 79,4 працэнта. Паводле папярэдняй інфармацыі, работы па ўладкаванні і рамонце агароджаў тэрыторый устаноў адукацыі будуць завершаны ва ўсіх абласцях да 1 верасня 2013 года. Па стане на 12 жніўня завершаны работы ў 564 установах (91%). Так, напрыклад, завяршылі работы ў поўным аб’ёме ў Гомельскай (165 устаноў), Гродзенскай (77 устаноў), Мінскай (39 устаноў), Магілёўскай (16 устаноў) абласцях. Адставанне назіраецца ў Брэсцкай (5 устаноў), Віцебскай (11 устаноў) абласцях і Мінску (39 устаноў).
“Да 29 жніўня ўсе работы ва ўстановах адукацыі павінны быць завершаны, адпаведныя пашпарты гатоўнасці і акты павінны быць падпісаны”, — запатрабаваў прэм’ер-міністр.
У гэтым годзе на рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі запланавана накіраваць каля Br1 трлн 300 млрд. Паводле інфармацыі на 12 жніўня, асвоена 33—35 працэнтаў гэтых сродкаў. “Што да пашпартоў гатоўнасці, то на 12 жніўня акты падпісаны на 17,5 працэнта, гатоўнасць у цэлым па справаздачных матэрыялах складае каля 60 працэнтаў”, — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч. Лепш за ўсё гэтая работа арганізавана ў Брэсцкай вобласці, адстае ад іншых рэгіёнаў Мінская вобласць.
Многія аб’екты знаходзяцца на завяршальнай стадыі гатоўнасці. “І цяпер на месцах неабходна прыняць усе меры для таго, каб да пачатку навучальнага года работы былі цалкам завершаны”, — падкрэсліў кіраўнік урада.
Прэм’ер-міністр даручыў аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму стварыць неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі да новага навучальнага года дзяцей са мнагадзетных, а таксама нядобранадзейных сем’яў. “Трэба дайсці да кожнай сям’і. Тут дзяржава павінна падставіць плячо і, безумоўна, дапамагчы”, — заявіў ён.
Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў аграгарадках і сельскіх населеных пунктах. У некаторых з іх праверкі выявілі недахопы ў арганізацыі гандлю школьнымі таварамі. “Тавары там павінны быць прадстаўлены для ўсіх узроставых груп школьнікаў — і форма, і абутак, і пісьмовыя прылады ў дастатковым асартыменце”, — запатрабаваў прэм’ер-міністр. У выпадку, калі чагосьці не хапае, неабходна фарміраваць адпаведныя заяўкі. Трэба таксама прадугледзець гандаль па каталогах. Кіраўнік урада даручыў мясцовым уладам і самім школам удзяліць гэтаму ўвагу.
Трэба таксама на належным узроўні вырашыць пытанні проціпажарнай бяспекі, забяспечыць неабходны санітарна-эпідэміялагічны рэжым ва ўстановах адукацыі. На асаблівым кантролі павінны быць пытанні бяспекі школьнікаў на дарогах. “Не сакрэт, што многія з іх пасля канікул, адпачынку страчваюць навыкі бяспечных паводзін. Трэба максімальна сканцэнтраваць намаганні і школ, і органаў унутраных спраў, і ДАІ на гэтых пытаннях, каб арганізаваць бяспеку дзяцей на вуліцах і ў дварах”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
У гэтым годзе ў Беларусі агульная колькасць навучэнцаў і студэнтаў ацэньваецца ў 2 млн чалавек. У школы прыйдуць 99 тысяч першакласнікаў, што на 6,5 тысяч больш у параўнанні з мінулым годам. “Гэта добры знак, які сведчыць аб стабільнасці ў грамадстве. Рашэнні, якія прымаюцца ў краіне па падтрымцы сям’і, даюць эфект”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Прэм’ер-міністр на нарадзе даручыў аблвыканкамам палепшыць работу па замацаванні маладых спецыялістаў у школах. “Неабходна, каб аблвыканкамы кардынальна палепшылі работу па замацаванні маладых кадраў на сваіх першых рабочых месцах, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Гэта тычыцца вырашэння бытавых праблем. Матэрыяльна дзесьці трэба падтрымаць, дапамагчы ў жыллёвых пытаннях”.
На думку Міхаіла Мясніковіча, гэтая праблема набыла асаблівую актуальнасць. Былі прыведзены канкрэтныя прыклады. Так, у мінулым годзе замацаванне маладых спецыялістаў у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці склала толькі 51 працэнт, Шумілінскім — 50 працэнтаў, Ушацкім — 47,5 працэнта.
“Трэба замацоўваць кадры, якія прыйдуць пасля ВНУ працаваць у школу, — запатрабаваў прэм’ер-міністр. — Сёння ёсць пэўныя пытанні і з прыёмам на асобныя спецыяльнасці ў нашы педагагічныя ВНУ”.
У сваю чаргу міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што ў цэлым установы адукацыі ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі, у той жа час па асобных прадметах у некаторых рэгіёнах ёсць праблемы, аднак яны вырашаюцца. “І ў сувязі з гэтым вельмі важна, каб на месцах, у рэгіёнах змагаліся за добрых настаўнікаў, замацоўваючы іх”, — сказаў міністр.
У гэтым годзе на работу ў школы прыйдзе больш за 6 тысяч маладых спецыялістаў.
У час абмеркавання ва ўрадзе была ўзнята таксама тэма забеспячэння ўстаноў адукацыі падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі. Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на пэўныя недапрацоўкі па гэтым пытанні. У прыватнасці, адзначана, што графік выдання новых падручнікаў часткова парушаны. Паводле інфармацыі на 12 жніўня, не вытрыманы тэрміны выпуску і адгрузкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па 6 пазіцыях: фізіка і хімія для 10 класа, матэматыка, англійская, нямецкая, французская мовы для 3 класа. Кіраўнік урада папрасіў міністра адукацыі далажыць, якія меры прымаюцца для таго, каб ліквідаваць існуючае адставанне.
Сяргей Маскевіч адзначыў, што запланавана поўнае забеспячэнне ўсіх устаноў адукацыі неабходнымі падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі. У той жа час з некаторым адставаннем ад графіка ажыццяўляецца выданне падручнікаў для ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі. Мінадукацыі запэўнівае аб прыняцці мер па ўваходзе ў графік. “Для таго каб выключыць нейкія зрывы, мы новыя выданні размяшчаем у электронным выглядзе на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі. Вучні і настаўнікі могуць знайсці іх там, калі ў нейкай навучальнай установе раптам не аказалася пэўнага падручніка”, — дадаў ён.
Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў прадпрыемствам лёгкай прамысловасці Беларусі больш актыўна працаваць над пашырэннем асартыменту адзення для школьнікаў і выпускаць больш вырабаў з натуральных тканін.
За апошнія гады айчынныя вытворцы значна павялічылі мадэльны рад адзення і абутку для школьнікаў. У той жа час, на думку прэм’ер-міністра, асартымент можа быць і большы. “Хацелася б таксама пажадаць, каб для школьнікаў было больш вырабаў з натуральных тканін або, прынамсі, тканін з большай колькасцю натуральных валокнаў”, — адзначыў ён.
Прэм’ер-міністр наведаў выставу школьных тавараў, якая была арганізавана ва ўрадзе. Айчынныя вытворцы прадставілі тут новыя і найбольш папулярныя мадэлі адзення, абутку і рукзакоў для школьнікаў, а таксама ўзоры падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Як адзначыў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, да новага навучальнага года на міжведамасным каардынацыйным савеце зацверджаны новыя ўзоры адзення дзелавога стылю. “Прапануецца 270 мадэлей для дзяўчат і 250 для хлопчыкаў, больш за 80 мадэлей трыкатажных вырабаў, а таксама 85 мадэлей ранцаў і рукзакоў, — праінфармаваў ён. — Для заняткаў фізкультурай і спортам прапануецца 80 мадэлей абутку для хлопчыкаў і 70 для дзяўчынак, 50 мадэлей трыкатажных і швейных вырабаў”.
Кошт камплекта адзення для школьнікаў сёння вар’іруецца ад Br900 тысяч да Br3,5 млн.

Фота Генадзя СЯМЁНАВА, БелТА.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Мясніковіч знаёміцца з выставай школьных тавараў.