Адысці ад практыкі неабгрунтаваных праверак бізнесменаў

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава па праекце ўказа “Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”, запатрабаваў адысці ад практыкі неабгрунтаваных праверак бізнесменаў.

“Мы абмяркоўвалі і дамаўляліся, што пяройдзем ад карнага ўхілу нашай кантрольнай дзейнасці на прафілактычную работу. Мы зробім асноўны акцэнт на прафілактыцы правапарушэнняў, адыдзем ад планавых праверак, перанясём акцэнт на выбарачныя праверкі. Я заўсёды гэта патрабаваў: правярайце каго хочаце, але ў вас павінны быць падставы, канкрэтныя прычыны таго, што вы прыйшлі на прадпрыемства, да бізнесмена, фізічнай або юрыдычнай асобы. І калі такія падставы ёсць — калі ласка, ідзіце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак калі прадстаўнікі кантрольных органаў правяраюць беспрычынна або падставы не пацвярджаюцца, яны павінны за гэта несці адказнасць. “А то так можна прыдумаць розныя падставы, прыйсці — факты не пацвердзіліся, і ніхто за гэта не адкажа. Па-мойму, у гэтым нарматыўным прававым акце акцэнтаў на гэтым няма. Звярніце на гэта ўвагу. Ніякіх пралазаў быць не павінна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На яго думку, таксама неабходна скараціць колькасць падстаў для назначэння пазапланавых праверак. “Не трэба там кучы гэтых падстаў, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Павінны быць дакладна акрэсленыя падставы і акалічнасці гэтых праверак”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што па дзеючым заканадаўстве прадпрыемствы правяраюць па матэрыялах, якія знаходзяцца ў вядзенні праваахоўных органаў, хоць крымінальная справа яшчэ не ўзбуджана. Такога, падкрэсліў прэзідэнт, быць не павінна. “Узбудзілі крымінальную справу — яна ўжо на кантролі, вось тады і правярайце. Тады можна пракантраляваць работу і праваахоўных органаў, і кантралёраў”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што супрацоўнікі кантрольных органаў таксама павінны несці адказнасць за грубыя парушэнні пры правядзенні праверак.

“Трэба, каб у гэтым нарматыўна-прававым акце такая адказнасць была прапісана. Няхай гэта будзе першы крок у такім напрамку, але ўсё ж такі яны павінны адчуваць сваю адказнасць. Вядома, не перанапружваючы кантралёраў. А то мы цяпер у іх адаб’ём не тое што ахвоту, а ўсялякае жаданне працаваць такімі мерамі. Але адказнасць павінна быць ва ўсіх, у тым ліку ў кантралёраў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна была абмеркавана сістэма ведамаснага кантролю. Прэзідэнт пацікавіўся, якія меры будуць прыняты ў гэтым напрамку. Была таксама адзначана неабходнасць аптымізацыі пераліку кантралюючых органаў і сфер іх дзейнасці. “Я хачу, каб вы мне па гэтых пытаннях коратка далажылі, каб мне можна было прымаць рашэнне, падпісваць гэты ўказ ці не. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вы кантралёр, дзяржаўны чалавек і павінны выключыць усё лішняе (жыццё паказала, што перашкаджае) і нават наперад паглядзець, што жыццё яшчэ не ўзняло на паверхню. Але ні ў якім выпадку вы не павінны “лібералізавацца” да такой ступені, што мы страцім кіруемасць у дзяржаве. Баланс, баланс і яшчэ раз баланс”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Меры па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці сталі галоўнай тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КДК. Аднак Леанід Анфімаў змог прыўнесці ў свой даклад нотку душэўнасці, расказаўшы аб сваім наведванні ў Дзень ведаў Слабодкаўскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна.

Адна з першакласніц, калі Леанід Анфімаў уручаў ёй кнігу “Беларусь — наша Радзіма”, пацікавілася, ці не ён Аляксандр Лукашэнка. Пачуўшы адмоўны адказ, яна папрасіла перадаць ад першакласнікаў школы прывітанне прэзідэнту. “З якім сэрцам і пачуццём яна гэта папрасіла! Я, вядома, не магу не выканаць гэтую просьбу і, стрымліваючы абяцанне перад дзяўчынкай, перадаю вам прывітанне не толькі ад першакласнікаў гэтай школы, але ад усіх навучэнцаў са словамі вялікай удзячнасці”, — сказаў старшыня КДК.

“Можа, гэтая дзяўчынка вырасце і стане добрым, душэўным кантралёрам у краіне?” — жартам пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

“Чаму б і не? Але, вы ведаеце, я такога ад яе не чакаў проста. Гэта было настолькі шчыра, і ніхто яе, зразумела, не рыхтаваў да гэтага. Ад усяго сэрца сказала”, — падкрэсліў Леанід Анфімаў.