У новым статусе і ў новым выглядзе

- 16:58Актуально
Менавіта так сустракае новы навучальны год школа ў аграгарадку Доцішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Рэарганізацыя з базавай у сярэднюю, засяленне ў новы будынак – і першае. і другое для сельскай школы з’явы надзвычайнай важнасці, як і для ўсіх жыхароў аграгарадка.

Школа ў Доцішках мае багатую гісторыю. Упершыню яна ўзгадваецца яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. У той час у Доцішках настаўнічаў Францішак Багушэвіч, і менавіта дзякуючы яму навучанне ў школе вялося не толькі на польскай, але і на беларускай мове. І ўсе гэтыя гады, як і ў іншых вёсках, менавіта школа ў Доцішках была цэнтрам жыцця для дзяцей і дарослых. Праўда, з часам стары будынак школы, узведзены яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, ужо не мог змясціць усіх жадаючых, традыцыйныя святочныя лінейкі да канца ці пачатку навучальнага года праходзілі на зялёным лужку каля школы. Драўляны будынак у адзін калідор, дзе нават не было спартыўнай, актавай залы, састарэў, як кажуць, і фізічна, і маральна. Асабліва гэта заўважна было на фоне таго, што вёска адна з першых у краіне атрымала статус аграгарадка, і тут быў узведзены шэраг новых аб’ектаў. А вось школа па-ранейшаму мясцілася ў старых сценах. Зрэшты, зрабіць штосьці значнае ў будынку 1968 года не ўяўлялася магчымым, таму нават не праводзіўся капітальны рамонт. Тым не менш усе — і бацькі, і дзеці, і, безумоўна, настаўнікі — марылі пра абноўленую школу.
— Але мы не адчайваліся і на справе імкнуліся даказаць, што школа мае будучыню і ёй жыцёва неабходны новы будынак, — расказвае дырэктар установы Валянціна Віктараўна Люленка.
Доказам жа служылі шматлікія перамогі калектыву школы ў конкурсах, акцыях не толькі мясцовага, але і рэспубліканскага значэння.
І вось два гады назад было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка школы. Будаўніцтва пачалося ў 2011 годзе, і за два гады вырасла новая школа. Сёння ярка-аранжавы трохпавярховы будынак здалёк прыцягвае ўвагу кожнага, хто наведвае аграгарадок. І справа тут не толькі ў колеры: новы будынак адрозніваецца ад тыповых праектаў навучальных устаноў мінулых гадоў. Прыгожая авальная “веранда” з велізарнымі вокнамі ў два паверхі на фасадзе, масіўныя калоны на ўваходзе надаюць будынку ўрачыстаць і адначасова адкрытасць.
— Гэта велізарны будынак, дзе цяпер ёсць усё, чаго не было ў старым, — з гонарам адзначае дырэктар школы. — Зараз у нас ёсць выдатная спартыўная зала, раней яе наогул у школе не было. Акрамя таго, абсталявана і трэнажорная зала. Больш за тое, цэлае крыло школы аддадзена менавіта спорту. Абсталяваны кабінет урача, пачатковай дапрызыўнай падрыхтоўкі, раздзявалкі з душавымі кабінамі. Ніколі не было ў старой школе і актавай залы. Зараз ёсць выдатная зала са сцэнай. Не было сталовай. Цяпер жа харчаблок школы абсталяваны па апошнім слове тэхнікі: ёсць усё неабходнае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, прыгожая абедзенная зала.
Яшчэ адна нагода для гонару — бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр, дзе акрамя размяшчэння велізарных бібліятэчных фондаў знайшлося месца і для абсталявання дзвюх адасобленых кабінак з камп’ютарам, навушнікамі для работы вучняў ці настаўнікаў, дзе можна праслухоўваць аўдыёзапісы, шукаць неабходную інфармацыю.
Тэхнічнаму аснашчэнню новай сельскай школы сёння пазайздросцяць многія.
— Зараз у нас ёсць мультымедыйныя дошкі, дакумент-камеры, праектары, якія любую паверхню зробяць інтэрактыўнай. Кабінет фізікі па дзяржаўнай праграме на 100% забяспечаны неабходным абсталяваннем згодна з пералікам Міністэрства адукацыі, — гаворыць Валянціна Віктараўна. — Усё гэта дапаможа даць нашым дзецям больш якасныя веды.
Дарэчы, разам з новым будынкам школа атрымае і новы статус — сярэдняй. Адпаведна амаль у два разы вырасце і колькасць вучняў — да 206 чалавек.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота БелТА.