Гэтымі днямі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык сустракаў у галіновым міністэрстве кітайскіх гасцей, якія прыбылі ў Беларусь з мэтай арганізацыі і правядзення ў Мінску Еўрапейскага форуму інстытутаў Канфуцыя. У рабоце форуму прымуць удзел больш за 200 кіраўнікоў і прадстаўнікоў дзяржаўнай канцылярыі Кітайскай Народнай Рэспублікі па міжнародным распаўсюджванні кітайскай мовы і еўрапейскіх інстытутаў імя Канфуцыя. З кітайскага боку на сустрэчы ў міністэрстве прысутнічала кіраўнік канцылярыі Сюй Лінь.
— Мы рады вітаць ганаровых гасцей у нашым міністэрстве, — адзначыў на пачатку сустрэчы Віктар Віктаравіч Якжык. — Нам вельмі важны візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі з улікам той актыўнасці, якая з кожным годам узрастае ва ўзаемадзеянні паміж нашымі краінамі ў рамках рэалізацыі пагаднення паміж міністэрствамі адукацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Заўсёды цікава, як нашы сумесныя нарматыўныя прававыя дакументы рэалізуюцца на практыцы, і такія сустрэчы дазваляюць высветліць узровень нашага супрацоўніцтва.
В.В.Якжык адзначыў, што днямі ў Мінску адбудзецца Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя, які, безумоўна, стане яшчэ адным пацвярджэннем значнасці Беларусі ў папулярызацыі кітайскай мовы, высокага аўтарытэту беларускай сістэмы адукацыі ў свеце, якой ёсць што паказаць і чым ганарыцца.
Віктар Віктаравіч паведаміў гасцям, што ў адпаведнасці з заключанымі дамоўленасцямі паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі кітайская мова вывучаецца як вучэбны прадмет. Па выніках мінулага навучальнага года кітайскую мову вывучалі 269 навучэнцаў, з іх палова — у гімназіях. 276 школьнікаў вывучалі кітайскую мову на факультатыўных занятках. Геаграфія яе вывучэння пашыраецца з кожным годам. На сёння ў вывучэнні кітайскай мовы лідзіруюць сталічныя агульнаадукацыйныя ўстановы, ёсць пазітыўныя зрухі і сярод рэгіянальных устаноў, і гэта ў першую чаргу Віцебск. У Беларусь запрошаны кітайскія выкладчыкі, носьбіты мовы, якія выкладаюць кітайскую мову ў беларускіх навучальных установах і дапамагаюць вывучаць гэты прадмет нашым школьнікам. За час дзеючага пагаднення паміж краінамі былі падрыхтаваны адпаведныя вучэбныя праграмы. У пералік замежных моў, якія вывучаюцца ў нашых установах, уключана кітайская мова. Таксама ў Нацыянальным інстытуце адукацыі арганізавана падрыхтоўка вучэбна-метадычных комплексаў па вывучэнні кітайскай мовы.
Асобнае месца ў вывучэнні кітайскай мовы ў Беларусі займаюць інстытуты Канфуцыя, якія адкрыты ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Яны займаюць вядучае месца ў прэзентацыі кітайскай культуры і мовы сярод нашых грамадзян. Папулярнасцю карыстаецца новы праект супрацоўніцтва з асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА па стварэнні і арганізацыі летніх лінгвістычных лагераў, калі ў час канікул дзеці вывучаюць розныя замежныя мовы, у тым ліку і кітайскую.
Сюй Лінь, кіраўнік канцылярыі па распаўсюджванні кітайскай мовы і культуры, падкрэсліла, што вельмі рада прысутнічаць у Міністэрстве адукацыі Беларусі, дзе была ўжо не адзін раз і сустракалася з кіраўніцтвам галіновага міністэрства нашай краіны. Сюй Лінь расказала, што задачай канцылярыі з’яўляецца распаўсюджванне кітайскай мовы ва ўсім свеце і стварэнне інстытутаў Канфуцыя. З 2005 года, калі распачаўся гэты працэс, такія інстытуты былі створаны ў многіх краінах свету. Адкрыццё такіх адукацыйных структур адбылося найперш у Беларусі. Таму знамянальным стала правядзенне ў Мінску Еўрапейскага форуму кіраўнікоў інстытутаў Канфуцыя, на якім сустрэнуцца прадстаўнікі 71 інстытута з 18 краін Еўропы.
— Такі форум для Кітайскай Народнай Рэспублікі — актуальны, — падкрэсліла ў гутарцы Сюй Лінь. — Менавіта праз інстытуты Канфуцыя мы імкнёмся распаўсюдзіць вопыт выкладання кітайскай мовы, пазнаёміць іншыя краіны з нашай культурай і гісторыяй. І, як паказвае першы вопыт функцыянавання гэтых інстытутаў, ужо ёсць свае здабыткі, якія прынясуць карысць нашым краінам.
Правядзенне такога з’езда ў Беларусі — гэта знакавая падзея. Беларусь з’яўляецца адной з 60 краін, у якіх вядзецца выкладанне кітайскай мовы. Акрамя таго, беларуская сістэма адукацыі стаяла ля вытокаў гэтага кірунку. У Беларусі адной з першых сярод еўрапейскіх краін пачалося выкладанне кітайскай мовы ў школах, а на базе вядучых УВА былі адкрыты два інстытуты імя Канфуцыя. Напрыклад, БДУ ў 2006 годзе падпісаў з Кітаем кантракт аб стварэнні Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя, які сёння актыўна працуе і ўжо заваяваў аўтарытэт. Акрамя таго, як ужо адзначалася, другі інстытут адкрыты ў МДЛУ.
— Сустракаючыся з навучэнскай моладдзю Беларусі, нам вельмі прыемна адзначаць яе інтарэс да нашай краіны, яе гісторыі, мовы, культуры, — паведаміла Сюй Лінь. — Мы ведаем, што з кожным годам колькасць тых, хто жадае вывучаць кітайскую мову, павялічваецца ў Беларусі. Каб яшчэ больш стымуляваць гэтае жаданне беларусаў, мы аб’явілі па 50 урадавых грантаў для студэнтаў БДУ і МДЛУ, дзе адкрыты інстытуты Канфуцыя. Такая фінансавая падтрымка пацвярджае зацікаўленасць кіраўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі ў вывучэнні кітайскай мовы ў іншых краінах.
Сюй Лінь выступіла з прапановай адкрыць у беларускіх УВА факультэты кітайскай мовы. Упершую чаргу гэтую ідэю можна рэалізаваць у тых універсітэтах, дзе адкрыты інстытуты кітаязнаўства імя Канфуцыя. У рамках такога факультэта можна прадстаўляць Кітайскую Народную Рэспубліку ва ўсіх яе ракурсах: гісторыя, культура, мова. Каб гэты працэс зрабіць больш эфектыўным, мяркуецца накіраваць кітайскіх выкладчыкаў для работы ў беларускія ўніверсітэты. Акрамя таго, кітайскі бок прапанаваў вырашыць пытанне забяспечанасці выкладчыкамі кітайскай мовы і ў іншых навучальных установах.
Па меркаванні намесніка міністра адукацыі В.В.Якжыка, у супрацоўніцтве паміж краінамі на перспектыву трэба прадугледжваць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж навучальнымі ўстановамі дзвюх краін, мэтавы абмен студэнтамі і выкладчыкамі, распрацоўку і рэалізацыю новых праектаў, што дапаможа ў далейшым яшчэ больш павялічыць маштаб вывучэння кітайскай мовы, у тым ліку і ў рэгіёнах нашай краіны.