Беларусь удзячна Рымска-каталіцкай царкве за канструктыўны і ўзважаны падыход да захавання міжканфесійнай згоды. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на мерапрыемстве з нагоды адкрыцця новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Прастолам.
“Каталіцызм з’яўляецца адной з галоўных традыцыйных рэлігійных канфесій у Беларусі, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — На працягу стагоддзяў у Беларусі мірна суіснуюць і ўзаемадзейнічаюць розныя рэлігіі і канфесіі, фарміруючы па-сапраўднаму ўнікальнае культурнае аблічча нашай краіны. Гэта прадмет асаблівай гордасці і важкі ўклад нашай краіны ў гарантаванне міру і бяспекі ў свеце”.
“Мы ўдзячны за канструктыўны і ўзважаны падыход Рымска-каталіцкай царквы да захавання міжканфесійнай згоды ў Беларусі, да імкнення вырашаць магчымыя пытанні шляхам дыялогу, для якога характэрны ўзаемная павага і разуменне”, — сказаў Уладзімір Макей.
Як лічыць міністр, удзел ва ўрачыстасцях намесніка Дзяржаўнага сакратара Ватыкана Джавані Анджэла Бечу пацвярджае высокі ўзровень двухбаковых кантактаў і нязменную ўвагу Святога Прастола да нашай краіны. Уладзімір Макей выказаў надзею на далейшае паспяховае развіццё супрацоўніцтва са Святым Прастолам ва ўсіх сферах.
Уладзімір Макей пажадаў апостальскаму нунцыю і калектыву плённай працы ў сценах новага будынка, дзе павінны нараджацца новыя ідэі, накіраваныя на развіццё далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Ватыкана.
У цырымоніі адкрыцця новага будынка Апостальскай нунцыятуры прынялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік Дзяржаўнага сакратара Ватыкана Джавані Анджэла Бечу, Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі.