Вучань 2 класа Дубненскай сярэдняй школы Міхаіл Сядач вельмі ганарыўся атрыманым дакументам — пасведчаннем члена навуковага таварыства “ШАНС”. На пачатку новага навучальнага года ў таварыства на ўрачыстым пасяджэнні прымаюць новых членаў. А называецца гэтае мерапрыемства Днём пазнавання навук. У гэты дзень членамі навуковага таварыства “ШАНС” Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна сталі пяць вучняў.
— Навуковае таварыства “ШАНС” з’яўляецца цэнтрам кіравання навукова-пошукавай, даследчай дзейнасцю школы, — гаворыць кіраўнік таварыства настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Сцяпанаўна Астапчэня. — Яно аб’ядноўвае настаўнікаў і вучняў, якія імкнуцца да навуковага і творчага пошуку і атрымліваюць радасць ад сумеснага творчага саюзу.
— Членам таварыства можа стаць кожны вучань і кожны настаўнік, — дадае дырэктар школы Лілія Канстанцінаўна Пусь. — На працягу апошніх трох гадоў члены школьнага навуковага таварыства актыўна ўдзельнічалі ў алімпіядах па прадметах, і як вынік — 5 дыпломаў І ступені раённага этапу, 2 дыпломы ІІ ступені раённага этапу. На канферэнцыях атрымалі 3 дыпломы І ступені, 2 дыпломы ІІ ступені, 3 дыпломы ІІІ ступені.
Таварыства працуе па некалькіх кірунках — фізіка-матэматычны, гуманітарны, прыродазнаўчы, эстэтычны, пачатковых класаў. А галоўнай мэтай з’яўляецца планамернае развіццё, павышэнне ўзроўню і якасці адукацыі, забеспячэнне даследчыцкай і праектнай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў у розных галінах навукі.
Крэатыўна расшыфроўваюць назву навуковага таварыства яго члены: “Ш” — шырыня поглядаў, “А” — актуальнасць даследаванняў, “Н” — навуковасць, “С” — сістэмнасць у падыходах.
— Асаблівасцю навуковага таварыства “ШАНС” мы лічым тое, што яно аб’ядноўвае дарослых і дзяцей, гэта надае ўзаемную адказнасць і ўмацоўвае калектыў аднадумцаў. Дубненская школа невялікая, у нас вучацца 128 дзяцей. Мы ў школе працуем і жывём адзіным калектывам. Так пабудавана і работа навуковага таварыства, — працягвае Людміла Сцяпанаўна. — За час работы ў школе прыйшла да высновы, што вучняў трэба не прымушаць, а зацікавіць.
І зацікаўліваюць сваіх навучэнцаў дубненскія педагогі конкурсамі, алімпіядамі, канферэнцыямі. Толькі ў мінулым навучальным годзе школьнікі ўдзельнічалі ў канферэнцыях “Пошук, творчасць, пазнанне” ў Мастах, “Прыступкі да навукі” ў Слоніме, “Крокі ў навуку” ў Ваўкавыску, “Новыя філаматы” і “Край Гарадзенскі” ў Гродне, XXVIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, вучацца яны ў дыстанцыйнай школе дакладных навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І з кожнага такога навуковага мерапрыемства вучні прывозілі дыпломы розных ступеней.
— Удзел у алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці быў для навучэнцаў і педагогаў школы новай з’явай, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзіна Іванаўна Лазовік. — Але пад кіраўніцтвам Л.С.Астапчэні дзеці ўзяліся за вывучэнне новага кірунку і прадэманстравалі высокія вынікі. Надзея Ролік атрымала дыплом І ступені раённага этапу, Марына Лазовік — дыплом ІІІ ступені раённага этапу. Павел Салей быў другім на раённым этапе, а за ўдзел у абласным і рэспубліканскіх этапах узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.
Уменне працаваць, цікаўнасць да новага фарміруе асобу навучэнца, робіць яе больш паспяховай. Як прыклад, усе тры ўдзельнікі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці паступілі ў сталічныя УВА. Былі ў іх дасягненні і па іншых прадметах, і паспяховы ўдзел у прадметных алімпіядах. Напрыклад, Надзея Ролік атрымала на цэнтралізаваным тэсціраванні 98 балаў па грамадазнаўстве. А яшчэ ў навуковым таварыстве вучаць тэарэтычным асновам работы з літаратурнымі крыніцамі, распрацоўцы навуковага апарату і правядзенню экспертызы, метадам навуковага даследавання і правільнаму напісанню рэферата, яго афармленню, а таксама культуры выступлення. Пагадзіцеся, што выступіць перад незнаёмай аўдыторыяй складана бывае і даросламу. На пасяджэннях навуковага таварыства адбываецца трэнінг публічнага выступлення, умення адстойваць сваю пазіцыю і абгрунтоўваць яе, адказваць на пытанні.
Члены навуковага таварыства актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю.
— Тэмы даследчых работ падбіраюцца згодна з інтарэсамі і здольнасцямі навучэнцаў, — расказвае настаўніца пачатковых класаў кіраўнік напрамку пачатковых класаў Ганна Мар’янаўна Муха. — Нават самыя маленькія вучні могуць выконваць даследаванні. Вось Міша Сядач яшчэ ў дзіцячым садзе выконваў такую работу, а зараз будзе даследаваць гарбузы, бо ў вёсцы час збору іх добрага ўраджаю, амаль на кожным вясковым агародзе расце гэтая культура. Пабывалі вучні на пчальніку, і ўзнікла рашэнне даведацца больш пра мёд.
Настаўнік фізікі Валерый Пятровіч Сазонаў заўважыў ужо некалькі здольных вучняў, якія праяўляюць цікавасць да фізікі і маюць здольнасці да аналітычнага мыслення, — вось яны могуць стаць у перспектыве членамі навуковага таварыства. Дарэчы, пры прыёме ў члены таварыства кожны вучань атрымлівае разгорнутую характарыстыку ад свайго настаўніка, які рэкамендуе яго.
Навучэнка 11 класа Аляксандра Сядач зараз займаецца падрыхтоўкай даследавання пад назвай “Вяртанне імя ў гісторыю”. Гэтая праца будзе прысвечана ўраджэнцу вёскі Дубна гісторыку Пятру Мікалаевічу Кобрынцу, які выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Аляксандра разам са сваёй настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Л.С.Астапчэняй плануюць прадставіць гэтае даследаванне на канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, якая штогод праводзіцца ў Гродзенскай гімназіі імя Я.Ф.Карскага.
Л.С.Астапчэня дае прыклад даследчыцкай работы сваім вучням не толькі як выкладчык, але і як магістрант ГрДУ імя Янкі Купалы. Тэма яе магістарскай дысертацыі — “Палітычная гісторыя Беларусі 1917—1941 гг. у сучаснай гістарыяграфіі”. У канцы кастрычніка настаўніца будзе ўдзельнічаць з дакладам у навуковай канферэнцыі “Змена парадыгмы ў сацыяльнай гісторыі”.
У школе штогод арганізоўваюць навукова-практычныя канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”, “Мы — будучае ХХІ стагоддзя”, інтэлектуальную гульню “Эрудыт-шоу”.
— Я лічу, што навучэнцы і педагогі нашага навуковага таварыства “ШАНС” даказалі: інтэлект, веды — галоўны набытак сучаснага чалавека, — гаворыць Людміла Сцяпанаўна. — Педагогі і далей будуць працаваць над выяўленнем, падтрымкай і развіццём навучэнцаў, схільных да навукова-даследчай дзейнасці, павышэннем іх цікавасці, а таксама стварэннем умоў для таго, каб развіваўся талент нашых вучняў, каб у іх узмацнялася эфектыўнасць падрыхтоўкі да алімпіяд, конкурсаў, даследчай працы.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.