Пытанні ўдасканалення працэсу правядзення ўступных іспытаў і прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі абмяркоўваліся 9 верасня на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе Анатолем Рубінавым. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“Я ў агульных рысах знаёмы з вынікамі і лічбамі. Мяне найбольш хвалюе праблема ўдасканалення гэтага працэсу. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, іх трэба ўзнімаць і вырашаць”, — сказаў прэзідэнт.
“Вядома, у нас няма таго, што адбываецца ў суседніх краінах: скандалы, карупцыя вакол гэтага. Гэта ў нас наогул немагчыма. Але, можа быць, аб’ектыўна недзе трэба ўдасканальваць гэты працэс, звяртаць больш увагі на нейкія індывідуальныя рэчы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Анатоль Рубінаў далажыў кіраўніку дзяржавы аб выніках уступнай кампаніі. Паводле яго слоў, у цэлым сістэма залічэння ў ВНУ і ССНУ наладжана і дапрацавана да высокага ўзроўню. “Сёння няма вялікіх праблем у гэтай справе. Карупцыя тут фактычна цалкам выключана, паколькі сам механізм уступных іспытаў, залічэння выключае магчымасць умяшання службовых асоб і каго б там ні было”, — канстатаваў ён.
Разам з тым на сустрэчы была адзначана і наяўнасць некаторых праблем. Так, не заўсёды атрымліваецца ўкамплектаваць асобныя, вельмі важныя для краіны спецыяльнасці ў сферы ваеннай, аграрнай, педагагічнай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць больш старанна прадумаць сістэму мэтавага набору.
Адначасова ў Беларусі склаліся не зусім аптымальныя суадносіны ў падрыхтоўцы кадраў рознай кваліфікацыі, намеціўся відавочны перабор спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Калі не рэгуляваць сітуацыю, то такія дыспрапорцыі могуць у канчатковым выніку пайсці на шкоду эканоміцы краіны. “Але гэта ў той жа час не павінна нейкім чынам уплываць на свабоду выбару чалавека. Калі ён здольны, імкнецца, можа пераадолець парог, значыць, няхай ідзе і атрымлівае адукацыю”, — лічыць Анатоль Рубінаў.
Па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб усе зацікаўленыя бакі сабраліся і дэталёва абмеркавалі неабходныя змяненні, пасля чаго павінна быць прынята новая рэдакцыя Правіл прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пры гэтым размова ідзе не аб карэнным змяненні правіл, а толькі аб новай іх рэдакцыі. Адно з магчымых новаўвядзенняў — электроннае залічэнне, калі перад паступленнем пры рэгістрацыі абітурыент адразу паведамляе, куды і на якія спецыяльнасці ён хацеў бы паступіць, а залічэнне на тую ці іншую спецыяльнасць праводзіцца ў залежнасці ад набраных на экзаменах балаў.