Сёлетні Дзень настаўніка надоўга запомніцца ўсім педагогам і вучням Чачэрскай гімназіі як незвычайны і вельмі эмацыянальна насычаны дзень.
Напярэдадні прафесійнага свята старшакласнікам прадставілася магчымасць памяняцца месцамі са сваімі выкладчыкамі і адчуць сябе па той бок класа. Па традыцыі вучні памяняліся ролямі з настаўнікамі, для якіх, дарэчы, будучыя выпускнікі падрыхтавалі першы ўрок. Сказаць, што ўсе былі ў захапленні, — не сказаць нічога!
Дзень самакіравання пачаўся з урачыстай лінейкі, прысвечанай перадачы ўлады ад педагагічнага складу гімназіі навучэнцам.
Мне давялося пабыць у ролі класнага кіраўніка ў настаўнікаў! Наваспечаныя “вучні” з радасцю і доляй гумару адказвалі на ўсе пытанні і выконвалі заданні з розных галін ведаў. У канцы ўрока замест адзнак — запрашальныя білеты ў “настаўніцкі рай”.
А пакуль увесь педагагічны склад адпачываў у “настаўніцкім раі”, дзе ўжо загадзя былі падрыхтаваны прыемныя сюрпрызы, мы, наваяўленыя настаўнікі, працавалі як належыць. Кожны з нас выдатна разумеў увесь груз адказнасці, які быў ускладзены на нашы плечы, таму да правядзення ўрокаў падышлі вельмі сур’ёзна. Як адзначылі пазней многія педагогі, урокі былі падрыхтаваны і праведзены намі на даволі высокім узроўні.
Новая тэрміновая адміністрацыя гімназіі працавала не складаючы рук. Дырэктар і яго намеснікі вырашалі ўсе праблемы, якія ўзнікалі, хутка і эфектыўна. Ім належала адказваць за парадак як на ўроках, так і на перапынках.
Пасля заканчэння ўрокаў частка сюрпрызаў усё яшчэ чакала сваёй чаргі. Усе былі запрошаны на святочны канцэрт, у якім бралі ўдзел усе гімназісты — ад самых маленькіх да тых, хто ўжо практычна ўступіў у дарослае жыццё. Гледачы былі крануты вершамі, песнямі і відэаролікам “Мары настаўнікаў гімназіі”.
У канцы дня мае аднакласнікі, якія ўжо добра стаміліся, прызнаваліся, што толькі цяпер зразумелі ўвесь цяжар настаўніцкай прафесіі.
Дзень самакіравання — гэта не толькі шанс праверыць свае сілы і магчымасць усвядоміць, наколькі нялёгкая настаўніцкая праца, але і, можа быць, для некаторых — гэта вызначэнне свайго жыццёвага шляху.
Кацярына ДЗЕГЦЯРОВА,
навучэнка 11 класа гімназіі Чачэрска.