У Японіі сфарміраваны новы ўрад. Як перадаюць інфармагенцтвы, перавыбраны на пасаду прэм’ера краіны Сіндза Абэ сфарміраваў кабінет міністраў.
У новым урадзе захавалі свае пасады ўсе міністры, якія працавалі з прэм’ерам Абэ да яго фармальнай адстаўкі. Так, віцэ-прэм’ер урада міністр фінансаў Японіі Тара Аса зноў будзе выконваць свае абавязкі, міністрам замежных спраў застаўся Тара Кона, пасада міністра абароны засталася за Іцуноры Анадэра, а ў Хірасігэ Сэка — пасада міністра эканомікі, гандлю і прамысловасці.
На пасаду прэм’ера Японіі Сіндза Абэ быў перавыбраны па выніках галасавання ў ніжняй палаце парламента. Ліберальна-дэмакратычная партыя, якую ён узначальвае, 22 кастрычніка на выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў атрымала большасць галасоў. Па гэтай прычыне Сіндза Абэ захаваў за сабой прэм’ерскую пасаду і стаў 98-м прэм’ер-міністрам Краіны ўзыходзячага сонца.