Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт наведала кітайская дэлегацыя на чале з Сюй Лінь — кіраўніком Дзяржаўнай канцылярыі па распаўсюджванні кітайскай мовы за мяжой. Усходнія госці праявілі вялікую цікавасць да эўрыстычнай, адукацыйнай, навукова-тэхналагічнай і інавацыйнай структуры БНТУ.
Рэктар універсітэта, акадэмік НАН Беларусі, член Нацыянальнага алімпійскага камітэта Барыс Хрусталёў расказаў сваім калегам з Кітая аб магчымых перспектывах узаемавыгаднага супрацоўніцтва БНТУ з установамі КНР.
— Мы гатовы да прасоўвання нашых навуковых інтарэсаў на адукацыйнай прасторы Паўднёва-Усходняй Азіі, — заявіў Барыс Міхайлавіч.
Варта адзначыць, што ў рэктара БНТУ ёсць усе падставы для падобных заяў. Сёння ўніверсітэт актыўна супрацоўнічае ў галіне навукі і падрыхтоўкі кадраў са 114 тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі 31 краіны свету, практычна на ўсіх кантынентах. БНТУ іграе вядучую ролю ў рэалізацыі міжнародных праектаў з Кітаем. Асабліва рэльефна гэта выяўлена ў галіне машына- і прыборабудавання, дарожнага будаўніцтва, лазерных тэхналогій і інш.
Разам з Харбінскім політэхнічным універсітэтам БНТУ выконвае кантракт па распрацоўцы тэхналогій і вырабе абсталявання для электралітна-плазменнай апрацоўкі металічных матэрыялаў.
А найбольш буйны праект па супрацоўніцтве ў інавацыйнай сферы — Беларуска-кітайскі тэхнапарк у горадзе Чанчунь. Гэта ўнікальная платформа, створаная для інавацыйнай дзейнасці з асаблівымі ўмовамі і прэферэнцыямі. Каардынатарам яго работы з беларускага боку з’яўляецца БНТУ.
Сёння актыўна развіваецца супрацоўніцтва БНТУ з Дзяржаўным упраўленнем па справах замежных спецыялістаў у сферы абмену спецыялістамі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. На базе ўніверсітэта была арганізавана стажыроўка 20 рэктараў кітайскіх ВНУ з мэтай вывучэння сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі, універсітэцкага менеджменту, а таксама інтэрнацыяналізацыі адукацыі.
Зараз акадэмік Барыс Хрусталёў прапанаваў кіраўніку кітайскай дэлегацыі Сюй Лінь абмеркаваць пытанне стварэння Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы. Галоўнай спецыфікай Інстытута павінны стаць сумесная падрыхтоўка інжынерна-тэхнічных кадраў, навукова-даследчая, інавацыйная работа з максімальным удзелам як студэнтаў, так і вучоных.
— Адкрыццё Інстытута Канфуцыя стане стартавай пляцоўкай для рэалізацыі многіх цікавых праектаў у адукацыйнай, навуковай, інавацыйнай сферах і дазволіць нам дакрануцца да культуры Усходу, — заўважыў рэктар БНТУ Барыс Хрусталёў.
Кітайская дэлегацыя азнаёмілася з выставай навуковых дасягненняў БНТУ, якая ў мініяцюры адлюстроўвае эканоміку краіны, а таксама з распрацоўкамі вучоных універсітэта ў розных галінах навукі і тэхнікі.
Напрыканцы сустрэчы кіраўнік кітайскай дэлегацыі Сюй Лінь адзначыла, што ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце яны бачаць надзейнага партнёра для рэалізацыі сумесных праектаў. І адзін з іх — гэта адкрыццё Інстытута Канфуцыя.