Кампанія Huawei: пазіцыі Беларусі ў ІКТ пастаянна павышаюцца

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій сярод постсавецкіх краін. Такое меркаванне выказала старшы віцэ-прэзідэнт Huawei Эмі Лін на палях інавацыйнага дня гэтай кампаніі ў Астане.

“Пазіцыі Беларусі ў ІКТ пастаянна становяцца яшчэ вышэйшымі. Кампанія Huawei працуе ў Мінску больш за 15 гадоў і імкнецца цесна ўзаемадзейнічаць з беларускімі калегамі па ўкараненні новых тэхналогій, — сказала Эмі Лін. — На беларускі рынак мы імкнёмся прыносіць набыты сусветны вопыт, разам з партнёрамі будуем шырокапалосную сетку, стымулюем развіццё найноўшых тэхналогій у краіне”.

Кіраўнік падкрэсліла важнасць умацавання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Прадстаўнік кітайскай кампаніі акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўныя мэты кампаніі — падтрымка навуковых даследаванняў, узаемадзеянне з мясцовымі аператарамі і павышэнне якасці сеткі перадачы даных, пашырэнне высакаскораснага доступу ў інтэрнэт.

Размова ідзе таксама аб інвестыцыях у беларускую эканоміку. “У прыватнасці, ТАА “БелХуавэйТэхноладжыс” — у ліку першых зарэгістраваных рэзідэнтаў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень” у пачатку 2014 года. Мы імкнёмся садзейнічаць развіццю малых і сярэдніх прадпрыемстваў у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, — расказала Эмі Лін. — У Беларусі мы супрацоўнічаем з вядучымі аператарамі, дзяржорганамі, міністэрствамі і ведамствамі, буйнымі камерцыйнымі структурамі ў галіне тэлекамунікацыйных, інфраструктурных рашэнняў і інфармацыйных тэхналогій”.

Першы інавацыйны дзень Huawei ў Астане прысвечаны тэме “Даследуючы дарогу да лічбавага Шаўковага шляху”. У ім удзельнічалі больш за 150 прадстаўнікоў прамысловага сектара, дзяржорганаў, НДІ, вучоных і СМІ з краін Еўразіі для сумеснага абмеркавання перспектыў развіцця ІКТ, выклікаў і магчымасцей у працэсе лічбавай трансфармацыі.