Чарговая сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў была прысвечана пытанням навукі. Дэпутаты на выязным пасяджэнні абмеркавалі стан і перспектывы развіцця навукі ў Гродзенскай вобласці.
Работа сесіі пачалася з наведвання дэпутатамі філіяла Парка высокіх тэхналогій, лабараторыі малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, сімуляцыйнага цэнтра Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, дзе былі прадстаўлены сучасныя навуковыя распрацоўкі і прыклады інавацыйнага навучання студэнтаў. Перад пачаткам пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў медыцынскім універсітэце, удзельнікі сесіі аблсавета, да якіх далучыліся прадстаўнікі УВА і навукова-даследчых арганізацый рэгіёна, азнаёміліся з выставай актуальных навуковых распрацовак, якія вядуцца на Гродзеншчыне.
Удзел у рабоце пленарнага пасяджэння прынялі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Сняжыцкі.
Навуковы патэнцыял Гродзенскай вобласці прадставілі прарэктары па навуковай рабоце трох гродзенскіх універсітэтаў.
Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў, інавацыйнае развіццё з’яўляецца адной з найважнейшых задач пяцігодкі на перыяд да 2020 года.
— Сёння мы падводзім як бы прамежкавыя вынікі, ацэнку таго, што ўдалося зрабіць у плане распрацовак, укараненняў, які вынік мы спадзяёмся атрымаць ад гэтага і што неабходна зрабіць, каб больш актыўна задзейнічаць інавацыйныя інструменты развіцця ў рамках той канцэпцыі, якая прынята ў нашай дзяржаве, — сказаў Уладзімір Васільевіч.
Асаблівая ўвага пры абмеркаванні гэтых пытанняў удзялялася сувязі навукі і вытворчасці, ажыццяўленню сумесных праектаў. Да іх выканання трэба далучаць і навукова-тэхнічныя, даследчыя аддзелы прадпрыемстваў, каб шлях укаранення новых тэхналогій, новых вырабаў займаў як мага менш часу. Вялікую ролю тут павінен ады-граць створаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы навукова-тэхналагічны парк. Дарэчы, на выставе была прадстаўлена некаторая прадукцыя, якая тут будзе выпускацца: лічбавыя асцылографы з шматфункцыянальным генератарам, энергаэфектыўныя крапяжы. Яшчэ адзін прыклад эфектыўнай дзейнасці — сумесныя распрацоўкі навукоўцаў. Так, ужо выкарыстоўваецца ў практыцы прыбор для лячэння захворванняў слыху, створаны вучонымі медыцынскага ўніверсітэта і ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Сярод праблемных пытанняў прадстаўнікі навуковай грамадскасці адзначылі матэрыяльнае стымуляванне маладых вучоных, павелічэнне ўзросту дактароў навук, неабходнасць стварэння цэнтраў калектыўнага карыстання сучасным эксперыментальным абсталяваннем, падтрымку прадпрыемстваў, якія ўкараняюць інавацыйныя тэхналогіі.
Падтрымка важных навуковых даследаванняў ажыццяўляецца ў вобласці і праз інавацыйны фонд. Па чатыры праекты атрымалі фінансаванне ў 2015 і 2016 гадах. У гэтым годзе такіх праектаў 12. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў запэўніў, што і ў будучым годзе лепшыя навуковыя праекты будуць падтрыманы.
На сесіі ўручылі ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Ганаровымі граматамі аблвыканкама адзначаны першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, загадчык навукова-даследчай ДНК-лабараторыі аграрнага ўніверсітэта Вольга Епішка, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Мікалай Іаскевіч. Ганаровыя граматы аблсавета дэпутатаў былі ўручаны прарэктару па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргею Вольфу, загадчыку кафедры тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны аграрнага ўніверсітэта Аляксандру Міхалюку, дырэктару навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалаю Грынько.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.