Учора падчас пленарнага пасяджэння ІІІ Беларускіх калядных чытанняў “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва”, якое праводзілася на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу “За маральны подзвіг настаўніка”.
У супрацоўніцтве Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі адукацыі склалася нямала добрых традыцый. Ёсць і шмат добрых пачынанняў, адным з якіх і стаў Рэспубліканскі конкурс “За маральны подзвіг настаўніка”. Конкурс праводзіўся ўпершыню па ініцыятыве Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і накіраваны на ўмацаванне ўзаемадзеяння свецкай і царкоўнай сістэм адукацыі, стымулявання творчасці педагогаў і агульнаадукацыйных устаноў, заахвочвання іх за шматгадовыя высокія якасці духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, павышэння прэстыжу настаўніцкай працы.
“Гэтая ўзнагарода зацверджана нездарма, паколькі вы, педагогі, з’яўляецеся сапраўднымі падзвіжнікамі, цудоўна разумееце, што ваша праца — гэта доўгатэрміновая інвестыцыя ў душы і сэрцы маладых людзей. Калі мы вясной не пасеем зерне, то восенню не збяром ураджай. Менавіта ад пладоў вашай працы і залежыць будучыня дзяржавы. Што вы ўкладзяце ў сэрцы і свядомасць нашых дзяцей, тое ў будучыні атрымае наша грамадства. Вы з’яўляецеся яркім прыкладам падзвіжніцкага жыцця ў справе выхавання маладога пакалення. Чым больш будзе такіх прыкладаў, тым больш шчаслівай будзе будучыня нашай дзяржавы”, — адзначыў у сваім звароце да лаўрэатаў конкурсу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.
Да высокай узнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе былі прадстаўлены педагогі агульнаадукацыйных і нядзельных школ, сістэмы павышэння кваліфікацыі, кіраўнікі творчых калектываў, сярод якіх лаўрэаты прэміі “За духоўнай адраджэнне”, прэміі Мінгарвыканкама, педагогі, удастоеныя звання “Жанчына года”. Гэта настаўніца матэматыкі ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава Наталля Аляксееўна Белікава, настаўніца пачатковых класаў Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Святлана Іванаўна Бычкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Ала Віктараўна Гаўрыленка, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 159 Мінска Тамара Уладзіміраўна Кукушкіна, кіраўнік праваслаўнага маладзёжнага руху “Сапраўднае жыццё” Брэста Яўгенія Міхайлаўна Марозава, кіраўнік праваслаўнага маладзёжнага тэатра нядзельнай школы прыхода храма ў гонар Прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы Бабруйска Людміла Трафімаўна Навумчык, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Віцебска Таццяна Алегаўна Нікалаева, старшы выкладчык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Аляксандраўна Хорык.
“Гэтая ўзнагарода для нас вельмі каштоўная, паколькі ўсе лаўрэаты конкурсу працуюць у сферы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення шмат гадоў. Мы працавалі нават тады, калі ў епархіях яшчэ не было створана аддзелаў рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, калі работа па духоўна-маральным выхаванні не была сістэмнай. Сённяшняя ацэнка нашай працы — вельмі высокая, яна будзе садзейнічаць далейшаму служэнню на карысць Радзімы, царквы, у імя духоўнага адраджэння нашага грамадства”, — адзначыла ад імя лаўрэатаў конкурсу Таццяна Аляксандраўна Хорык.
Работа ІІІ Беларускіх калядных чытанняў доўжылася два дні: 23 і 24 лістапада. Асабліва насычаным быў першы дзень, калі ў розных установах адукацыі Мінска працавалі секцыі, на якіх святары, педагогі абмяркоўвалі шляхі ўзаемадзеяння царквы і школы ў такой важнай сферы, як духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення. Пра работу секцыі “Актуальныя пытанні праваслаўнага краязнаўства” чытайце ў наступным нумары “Настаўніцкай газеты”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.