Друкаванае слова ў Любчы

- 10:33Адукацыйная прастора

Мінула 500 гадоў з таго дня, як у Беларусі з’явілася свая друкаваная кніга. Жыхарам Любчы пашчасціла ў гэтым годзе адзначаць яшчэ адну важную падзею: 405 гадоў з дня заснавання Любчанскай друкарні. Менавіта гэтым падзеям было прысвечана мерапрыемства “Друкаванае слова ў Любчы” ў Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна.

Выхаванцы наведалі тое месца, на якім калісьці стаяла знакамітая Любчанская друкарня. Даведаліся аб змесце паслання нашчадкам, якое было закладзена ў капсулу падчас правядзення свята ў пасёлку. Гэта быў першы крок для азнаямлення з кнігадрукаваннем.

Наступны крок — гэта само мерапрыемства. У зале, у якой праводзілася свята, панавала атмасфера мінулых стагоддзяў, гучала музыка тых часоў, адзенне герояў пераносіла гледачоў у старажытны час.

Пачалося падарожжа з азнаямлення з першай кнігай. Выхаванцы даведаліся, хто з’яўляецца першадрукаром, а таксама якія былі першыя кнігі. Для таго каб убачыць наглядна друкаваныя кнігі, у зале экспанавалася кніжная выстава “Друкарня мястэчка Любча. 1612 г.”.

Далей да нашых выхаванцаў завітаў Пётр Кміта, які пачаў аповед пра 1612 год. Гэта быў час, калі віленскі друкар Пётр Бластус Кміта перавёз друкарскае абсталяванне з Вільні ў Любчу, дзе і была заснавана друкарня.
Дзеці разам з друкаром паспрабавалі сябе ў друкаванай справе: на вялікім аркушы літара за літарай яны набіралі слова “Любча”. Калі слова было напісана, Пётр Кміта прапанаваў маленькім выхаванцам нагадаць вершы і выказванні на беларускай мове пра мову і кнігу.

Па аналогіі з “Малой падарожнай кніжыцай” Францыска Скарыны на заканчэнне мерапрыемства дзецям прапанавалі стварыць сваю “Любчанскую падарожную кніжыцу” і дапоўніць яе знакамітымі мясцінамі нашага мястэчка (замак Радзівілаў, царква Святога Ільі, каталіцкі касцёл, сінагога, рака Нёман, Налібоцкая пушча). Менавіта пры дапамозе гэтай кніжыцы кожны падарожны змог бы даведацца пра гістарычнае мінулае, хараство нашых мясцін і данесці гэта да іншых.

Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.