Такую ацэнку ён даў на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці 26 снежня ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Расіі ў Нова-Агарове.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тавараабарот паміж дзяржавамі Садружнасці ў 2017 годзе вырас амаль на 25 працэнтаў. Таксама амаль на чвэрць вырас гандаль Беларусі з краінамі СНД. “Гэта вялікі поспех”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў, што значна прыбавіў у сферы эканомікі і створаны некалькі гадоў назад Еўразійскі эканамічны саюз. Прэзідэнт Беларусі сказаў, што ў будучым годзе ў ЕАЭС будзе старшынстваваць Расійская Федэрацыя, і выказаў надзею, што яна ў перыяд свайго старшынства прапануе сур’ёзныя ініцыятывы па ўмацаванні саюза. Акрамя таго, заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь выступае за своечасовае стварэнне ў ЕАЭС агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў.
Гаворачы аб міжнародным парадку дня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь салідарна з пазіцыяй Расіі па Сірыі і Іерусаліме.
“Расія выратавала Сірыю і захавала гэтую дзяржаву, у якой я, напэўна, раней за ўсіх прысутных пабываў. Квітнеючая, цудоўная, прыгожая дзяржава”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў меркаванне, што, калі б не ўмяшанне Расіі ў сітуацыю ў Сірыі, гэтай дзяржавы не было б наогул.
“Мы таксама салідарны з вашай пазіцыяй па Іерусаліме”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яму цяжка ацэньваць рашэнне Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб прызнанні Іерусаліма сталіцай Ізраіля. “Можа, за гэтым ёсць штосьці, чаго мы яшчэ не бачым, але рашэнне на першы погляд здаецца крыху дзіўным, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга разбураць мір, які дастаўся на гэтым кавалачку зямлі такой цяжкай цаной”.
Паводле слоў беларускага лідара, у сітуацыі па пытанні Іерусаліма неабходна прытрымлівацца рашэнняў, якія былі прыняты Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.
Гаворачы пра сітуацыю, звязаную з адхіленнем зборнай Расіі ад маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў у Рэспубліцы Карэя, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае барацьбу Расіі з допінгам. Ён яшчэ раз заявіў, што ўжыванне спартсменамі допінгу недапушчальна, аднак прыцягваць да адказнасці трэба менавіта тых, хто ў гэтым быў выкрыты. “А калі вы за руку не злавілі, то няма чаго трубіць на ўвесь свет і прымяняць такія санкцыі”, — заявіў прэзідэнт.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі перад Алімпіядай у Рыа-дэ-Жанэйра па надуманай прычыне была адхілена ад спаборніцтваў зборная Беларусі па веславанні, якая з’яўляецца адной з наймацнейшых у свеце. “Праз два або тры месяцы мы дабіліся ў судзе праўды, але час мінуў”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Краіна не толькі страціла медалі, але і пацярпеў яе імідж, канстатаваў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што трэба прыцягваць да адказнасці тых спартсменаў, якія былі выкрыты ва ўжыванні допінгу. “Не ведаеце, хто вінаваты, не трэба палітызаваць гэты працэс, бо гэта ўспрымаецца не інакш як палітычныя санкцыі супраць краіны”, — дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка не аставіў па-за ўвагай і маючыя адбыцца выбары Прэзідэнта Расіі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што палітычная барацьба на маючых адбыцца выбарах у Расіі не будзе вострай і драматычнай.
“Наша сустрэча мае палітычнае адценне ў тым сэнсе, што асяродак нашых аб’яднанняў — і СНД, і ЕАЭС, і Саюзнай дзяржавы — перажывае такі адказны перыяд, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Палітычнае адценне звязана з тым, што ў гэтым асяродку — у Расіі — прэзідэнцкія выбары. Гэта, як і ў нашых дзяржавах, абвастрэнне палітычнай барацьбы, што, напэўна, зразумела. Мы абсалютна ўпэўнены, што палітычная барацьба не будзе вострай і драматычнай, як некалі было ў расійскай гісторыі”.
Прэзідэнт Беларусі выказаў таксама ўпэўненасць, што расійскі народ зробіць правільны выбар.