Па-новаму павінны загучаць многія пытанні саюзнага будаўніцтва

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы можа быць актуалізаваны. Аб гэтым заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Парламенцкае вымярэнне адыгрывае асаблівую ролю ва ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства дзвюх дзяржаў, асабліва ў частцы прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, адзначыў Міхаіл Мясніковіч. На яго думку, па-новаму павінны загучаць пытанні стварэння аднолькавых умоў для суб’ектаў гаспадарання, забеспячэння роўных правоў грамадзян. “Лічу, мы выйдзем на вельмі сур’ёзныя і цікавыя прапановы, якія могуць быць разгледжаны як нейкія дапаўненні і змяненні ў дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, — праінфармаваў спікер.

“За гэтым стаіць вельмі вялікая напружаная работа, паколькі ідэі трэба не толькі пакласці на паперу, але і ўзгадніць з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве — са структурамі Расіі”, — дадаў ён.

Парламентарыі разлічваюць на актыўны ўдзел у гэтых працэсах Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. На думку Міхаіла Мясніковіча, было б мэтазгодна прыцягнуць і ЕЭК.

У Савеце Рэспублікі пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясніковіча прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён адбудзецца ў Магілёўскай вобласці ў верасні.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі арганізоўваецца ў мэтах садзейнічання пашырэнню прамых кантактаў паміж краінамі, у тым ліку па лініі заканадаўчай і выканаўчай галін улады, дзелавых колаў, а таксама выпрацоўкі рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы для паскоранага развіцця эканомік дзвюх дзяржаў. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.