Дыстанцыйная праверка ведаў

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Існуе шмат метадаў, прыёмаў і сродкаў для павышэння якасці адукацыі. Надзейныя памочнікі педагогаў — дыстанцыйныя алімпіяды, конкурсы, віктарыны і турніры, якія дапамагаюць не толькі паўтарыць і сістэматызаваць пройдзены матэрыял, але і развіць творчыя здольнасці высокаматываваных вучняў, актывізаваць веды, уменні і навыкі, падштурхнуць да самаадукацыі, самаарганізацыі і самадысцыпліны, а таксама прафарыентаваць, даўшы стымул для далейшага навучання.

Вучні Маларыцкай раённай гімназіі актыўна ўдзельнічаюць у дыстанцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах. Так, па выніках нядаўняй Усерасійскай алімпіяды па англійскай мове пяцікласніцы Віялета Шульжык і Вікторыя Заляшчук атрымалі 99 і 98 балаў са 100 адпаведна. Ад 75 да 95 балаў набралі пяцікласнікі Дар’я Кузьміч, Марыя Стасюк, Арына Шкута, Ілья Гаральчук, Юлія Галюк і Соф’я Барысюк, а таксама сямікласніца Настасся Толсцікава. Акрамя таго, сямікласнік Мікіта Сезік атрымаў дыплом ІІІ ступені.

— У алімпіядзе ўлічваліся не толькі правільныя адказы, але і час, затрачаны на выкананне заданняў, — расказала настаўніца англійскай мовы А.Л.Сезік, якая займалася падрыхтоўкай вучняў. — Пераможцамі аказаліся тыя, хто быў больш хуткім у выкананні тэставых анлайн-заданняў. Дарэчы, Мікіта Сезік і Настасся Толсцікава ўдзельнічаюць у дыстанцыйных алімпіядах па англійскай мове не першы раз. У скарбонцы іх дасягненняў — тры дыпломы розных ступеней.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.