Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 Клімавіч Сяргей Мікалаевіч Яноўскі належыць да тых педагогаў, якія сумяшчаюць у сабе незвычайную любоў да дзяцей, велізарны аб’ём ведаў па сваім прадмеце і яго методыцы, а таксама творчае, душэўнае стаўленне да навучання. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаючы справе ўсяго сябе. Педагагічнае майстэрства Сяргея Мікалаевіча немагчыма ацаніць ніякім разрадам i квалiфiкацыяй. Такіх педагогаў называюць проста — дасканалы настаўнік.
Яшчэ ў далёкім 1994 годзе пасля заканчэння акадэміі фізічнага выхавання і спорту Сяргей Мікалаевіч прыйшоў у Клімавіцкі аграрны каледж выкладаць фізічную культуру і здароўе, а з 2000 года стаў працаваць у роднай школе, якую скончыў у свой час з залатым медалём. Аб сваіх першых кроках у педагогіцы калега ўспамінае сур’ёзна, але не без усмешкі. Кажа, у калектыў уліўся адразу. Хваляваўся, урокі вёў строга па загадзя складзеным плане. Будучы маладым педагогам, ніколі не шукаў спакойнага жыцця: заўсёды быў сярод тых, хто імкнуўся да навізны ў працы, да пазітыўных змен у дзейнасці школы.
Сяргей Мікалаевіч дасягнуў вялікіх поспехаў у працы: падрыхтаваў восем майстроў спорту і майстра спорту міжнароднага класа. Выпускніца нашай школы Настасся Родзькіна з’яўляецца бронзавым прызёрам Кубка Еўропы па спартыўнай хадзьбе. Дзякуючы свайму першаму трэнеру, вялікіх поспехаў у спорце дасягнула Хрысціна Ціманоўская. Яна стала майстрам спорту міжнароднага класа і сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, а ў Германіі ўстанавіла маладзёжны рэкорд Беларусі ў бегу на 100 метраў. Сёння яна лепшы спрынтар Рэспублікі Беларусь. У майстра спорту Таццяны Сцефаненка — першае месца ў камандным першынстве Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў. Былыя навучэнцы Сяргея Мікалаевіча выкарыстоўваюць настаўніцкі талент свайго першага трэнера, і гэта дапамагае ім у дасягненні такіх высокіх вынікаў.
Педагагічная ніва стала для Сяргея Мікалаевіча справай усяго жыцця. У калідоры школы, які вядзе ў спартзалу, размешчаны стэнды з граматамі, дыпломамі, фатаграфіямі лепшых спартсменаў школы. Дзякуючы таленавітаму педагогу, гэтыя стэнды рэгулярна абнаўляюцца і папаўняюцца.
Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, па выніках якіх часта становяцца прызёрамі. У першынстве рэспублікі па лёгкай атлетыцы 1-е месца заняў Арсеній Котаў, дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Дар’я Ласікова і Яўген Кавалёў. За час працы ў школе педагог падрыхтаваў і перадаў у Магілёўскае вучылішча алімпійскага рэзерву 26 навучэнцаў. За гэтымі выдатнымі дасягненнямі стаіць велізарная праца настаўніка-трэнера.
Прыцягваючы дзяцей да заняткаў спортам, С.М.Яноўскі і сам праяўляе спартыўную актыўнасць па-за ўрокамі. На трэніроўках і ў спартыўных секцыях ён займаецца разам з дзецьмі, што з’яўляецца прыкладам для выхаванцаў, а таксама ўзмацняе жаданне займацца спортам, бо настаўнік для навучэнца — гэта ўзор, ідэал. Разумны, таленавіты педагог вучыцца ўсё жыццё разам са сваімі выхаванцамі. Па словах Максіма Горкага, у душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны, і калі крануць іх умелай рукой, то яны прыгожа загучаць. Гэтыя струны навучыўся знаходзіць у дзецях і мой калега. Ён аддае ім сэрца і душу, не шкадуючы часу.
Хочацца адзначыць, што Сяргей Мікалаевіч шматразова быў узнагароджаны дыпломамі розных узроўняў, на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца пераможцам і прызёрам у намінацыі “Лепшы трэнер года”, а ў 2017 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь узнагароджаны падзякай Міністэрства спорту і турызму. Па выніках 2017 года наша школа заняла другое месца ў раёне па спартыўнай дзейнасці. І тут таксама значны ўклад зрабіў настаўнік С.М.Яноўскі.
Працаваць з такім калегам лёгка і цікава. Ён не проста зараджае энергіяй, а дае каласальны зарад бадзёрасці. Гэта не проста чалавек, не проста настаўнік — гэта рознабаковая творчая асоба. Яго пазітыўны погляд на свет захапляе, імкненне да лепшага выклікае павагу. Гледзячы на дзейнасць Сяргея Мікалаевіча, таксама хочацца ісці наперад. Няма такой справы, за якую ён не змог бы ўзяцца. Бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі, засваенне новых тэхналогій, распаўсюджванне вопыту — і ўсё гэта, вядома, не дзеля славы, а дзеля сваіх любімых вучняў.
Час ідзе, школа мяняецца, але такія настаўнікі, як Сяргей Мікалаевіч, патрэбны менавіта сёння, у час адукацыйных рэформ. Безумоўна, сувязь вопыту, мудрасці і дабрыні і ёсць тое, што ўратуе свет педагогікі. У размовах С.М.Яноўскі часта адзначае, што іншага лёсу для сябе не ўяўляе. Вельмі хочацца, каб ён працягваў заставацца любімым настаўнікам, трымаў актыўную жыццёвую пазіцыю і заўсёды крочыў у нагу з часам.
Максім АЎЧЫННІКАЎ,
настаўнік фізічнай культуры і спорту сярэдняй школы № 1 Клімавіч.




