У Паўночным рэгіёне Беларусі супрацоўнікаў “Настаўніцкай газеты” і часопіса “Народная асвета” сустракалі з асаблівай цеплынёй. У дні прэс-туру надвор’е было сонечным, такімі ж цёплымі і сонечнымі былі ўсмешкі педагогаў і навучэнцаў. Цеплынёй і сонечнасцю поўніліся і нашы журналісцкія сэрцы падчас наведвання кожнай установы адукацыі, а іх, згодна з праграмай, павінна было быць 10. Аднак калі ў абласным упраўленні адукацыі прапанавалі павялічыць праграму да 12 устаноў, мы не адмовіліся. Калі б прапанавалі да 14, 20 — мы б таксама не адмовіліся. Наогул, мы б не адмовіліся не тое што два дні, нават два тыдні, а то і месяц падарожнічаць па гасціннай Віцебшчыне. Але добрага няхай будзе ў меру. А тое, што не ўбачылі, не пачулі, стане нагодай для новай камандзіроўкі па паўночнай, але такой цёплай і душэўнай Віцебшчыне.
Першыя сустрэчы чакалі нас у Аршанскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Такі выбар быў зроблены невыпадкова. У дні прэс-туру ішла актыўная падрыхтоўка да Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills, а навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю якраз і з’яўляюцца асноўнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў. Адразу ўсе напрамкі, па якіх працуюць аб’яднанні па інтарэсах, былі прадстаўлены на спецыяльнай выставе. Тут былі мадэлі і аўтамабіляў, і караблёў, і самалётаў, і вырабы з драўніны, і нават самы першы аршанскі робат, створаны ў далёкія 70-я гады.
— Наша ўстанова тэхнічнага профілю — адна з першых у Беларусі. Яшчэ ў 1934 годзе па ініцыятыве райкама камсамола ў Оршы адкрылася другая ў рэспубліцы дзіцячая тэхнічная станцыя. Сёння Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — гэта 23 педагогі, 53 аб’яднанні па інтарэсах у напрамку судна-, аўта- і авіямадэлявання, трасавы мадэлізм, картынг, дрэваапрацоўка, пачатковае тэхнічнае мадэляванне, радыёпеленгацыя, калектыўная радыёстанцыя. Усяго ў аб’яднаннях займаюцца 624 навучэнцы ва ўзросце ад 7 да 19 гадоў. На выставе мы з калегамі пастараліся прадставіць самыя яркія вынікі дзейнасці педагогаў і навучэнцаў, — паведаміў дырэктар цэнтра Міхаіл Міхайлавіч Усцінаў.
Выстава была не проста выставай, а сапраўдным майстар-класам. На працягу гадзіны журналісты атрымлівалі пачатковыя навыкі ў суднамадэлізме, маглі навучыцца дакладна кіраваць аўтамадэлямі і праходзіць за максімальна кароткі прамежак часу кола трасы, даведацца, што такое геаметрычныя разьба і як стварыць самы просты рухавік для авіямадэлі. Цяпер як двойчы два мы ведаем, што суднамадэлізм пачынаецца са звычайных паруснікаў, наступны ўзровень складанасці — контурныя мадэлі, контуры якіх выпільваюцца з фанеры, а корпус ствараецца з дрэва. Больш складаныя — гэта мадэлі з электрарухавіком.
Як паведаміў Раман Кныроў, пераможца конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” 2015 года, выйграць спаборніцтвы сярод радыёкіруемых мадэлей няпроста. Мадэль павінна, напрыклад, прайсці праз некалькі варот, зрабіць “васьмёрку”, а напрыканцы прышвартавацца. Як гэта зрабіць з ювелірнай дакладнасцю, нам паказалі ў невялікім штучным вадаёме. Наогул, Раман — гонар цэнтра. Акрамя перамогі ў “Талентах ХХІ стагоддзя”, ён з’яўляецца прызёрам чэмпіянату Еўропы ў стэндавых спаборніцтвах па суднамадэльным спорце, якія праходзілі ў 2016 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Захопленасць тэхнічнай творчасцю для Рамана — справа гонару і працяг сямейных традыцый. Як аказалася, бацька хлопца Дзмітрый Віктаравіч таксама калісьці навучаўся ў Аршанскім цэнтры тэхнічнай творчасці і з’яўляецца яго педагогам.
Такіх цікавых знаёмстваў падчас прэс-туру ў нас быў не адзін дзясятак. Пра найбольш яркія чытайце ў наступных матэрыялах дадатку, а таксама ў рубрыцы “Родная зямля” на стар. 20—21.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.