Уборачная — на кантролі ў кіраўніка дзяржавы

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку. У час сустрэчы абмяркоўваўся ход уборачнай кампаніі ў рэгіёне, развіццё мяса-малочнага комплексу і дарожнага будаўніцтва.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як праходзіць уборачная кампанія ў рэгіёне, паколькі вынікі Мінскай вобласці могуць расказаць пра сітуацыю ў краіне ў цэлым.

“Мінск — усё ж такі гэта паказальны рэгіён: ён знаходзіцца ў розных кліматычных умовах. Поўдзень ужо, напэўна, палову ўбраў, поўнач яшчэ, можа, толькі пачала ўборку — там ужо працэнтаў 15—20. Розныя кліматычныя ўмовы даюць сярэднія ўражанні па краіне наогул”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу прэзідэнт звярнуў на збор збожжавых. “Што мы будзем мець? Зразумела, што збожжавыя не будуць настолькі ўраджайныя, як у мінулым, асабліва на поўдні. Дарэчы, на ўсходзе і поўначы, напэўна, і ў Мінскай вобласці, якраз сітуацыя іншая: дзе дажджы ішлі, там вельмі добрыя палі, добры ўраджай, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Думаю, нам трэба спадзявацца ў гэтым годзе — усё ж такі кукурузны год — на тое, што мы мільён тон кукурузы, а можа і больш, збяром і тым самым ліквідуем недабор па збожжы”.

У час сустрэчы абмяркоўвалася развіццё мяса-малочнага комплексу ў Мінскай вобласці, праблематыка дарожнага будаўніцтва, а таксама іншыя актуальныя для рэгіёна пытанні.

Як расказаў журналістам па выніках сустрэчы Анатоль Ісачанка, яго даклад тычыўся ў цэлым сацыяльна-эканамічнага развіцця даверанага яму рэгіёна, існуючых праблемных пытанняў. “Усе пытанні абмеркаваны. Былі атрыманы адказы, дадзены даручэнні”, — адзначыў ён. Паводле слоў губернатара, асобна абмяркоўвалася развіццё Барысаўскага і Маладзечанскага раёнаў. “Такая ж увага, якая сёння ўдзяляецца Оршы, будзе ўдзелена Барысаву і Маладзечну”, — дадаў Анатоль Ісачанка.

Што тычыцца дарожнага будаўніцтва, размова ішла пра аснашчэнне прадпрыемстваў неабходнай тэхнікай, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. “Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне прапрацаваць пытанне аб пастаўцы лізінгавай тэхнікі так, як яна пастаўляецца арганізацыям сельскай і лясной гаспадаркі”, — сказаў старшыня Мінаблвыканкама.

Закраналіся ў час сустрэчы і пытанні арганізацыі пасажырскіх перавозак у Мінскай вобласці. “Тут трэба зрабіць усё, каб гэта было камфортна для людзей, каб да кожнай вёскі хадзіў аўтобус, каб было зручна і танна. Гэта самая галоўная задача”, — падкрэсліў губернатар.