Навошта чалавеку для шчасця патрэбна шчасце

- 11:04Псіхалогія +, Рознае партфолiо

Заканчваецца год, перад уступленнем у святочны перыяд яго праводзінаў і сустрэчы новага падумаем пра важнае асабіста для кожнага з нас. Педагагічная прафесія як ніякая іншая прадугледжвае наяўнасць і выкарыстанне пэўных асобасных якасцей чалавека — асобасны патэнцыял. А гэта значыць, што для поспеху ў прафесіі і жыцці ў цэлым важна тое, як мы сябе адчуваем. Чалавек шчаслівы і з гармоніяй у душы здольны ствараць вакол сябе псіхалагічную атмасферу актыўнасці, натхнення, радасці, шчасця. Дык як жа захоўваць або гадаваць у сабе ўсё пералічанае, каб дапамагаць сабе, вучням і іх бацькам адчуваць сябе здольнымі, актыўнымі, творчымі, гарманічнымі? Пагаворым пра рэсурсы, у якіх педагогу можна чэрпаць энергію, шчасце, упэўненасць для таго, каб дзяліцца бясцэннымі рэсурсамі са сваімі вучнямі.

Дыялог з чытачом

Галоўны рэсурс чалавека — адчуваць сябе шчаслівым. Сёння не цяжэй быць шчаслівым, чым у мінулыя часы. Сучаснае жыццё не паменшыла нашы здольнасці да адчування шчасця, бо яго можна адчуць толькі “тут і цяпер”. Яно прысутнічае ўсюды: у поглядах, размове з сябрам, у кубку духмянага чаю, у захадзе сонца, прыгажосці карціны. Шчасце не звязана ні з мінулым, ні з будучыняй, ні са стылем жыцця. Шчасце — не мара або ўтопія, а многаабяцальнае падарожжа, творчае самавыяўленне, магчыма шлях да неспадзяванага. Можна паглядзець на шчасце вельмі практычна і проста як суму маленькіх радасцей, маленькіх момантаў шчасця.
Важна цікавіцца шляхамі да шчасця, як мы робім гэта зараз. Значыць, першы крок зроблены. Гатовы і да другога. Добры настрой — гэта стан, які найбольш поўна спрыяе нашаму шчасцю. Важна памятаць, што добры настрой стварае цуды. У большасці выпадкаў ён адразу ўзнагароджваецца. Вы здольны ставіцца да праблем не перабольшваючы і не прымяншаючы іх значнасць. Эфектыўнасць работы павышаецца, і добры настрой вокамгненна распаўсюджваецца вакол вас. Хто можа ўстаяць перад усмешкай, жартам, прыемным жэстам? Падтрымліваць ваш добры настрой на працягу дня можа адчуванне таго, што мы праяўлялі сёння больш добразычлівасці, чым крытыкавалі, займаліся тым, што любім.
Пасля заканчэння працоўнага дня, каб падтрымаць настрой або нейтралізаваць наступствы ўтомнай работы, для разрадкі ідзіце дадому зігзагамі, рухайцеся нявызначаным маршрутам. У гэтым выпадку вы абавязкова ўбачыце штосьці новае, напрыклад, распісаную мастаком сцяну, прыгожую лаўку, на якую захочацца прысесці хоць на хвілінку, новы будынак, арыгінальна апранутага чалавека, умела аформленую вітрыну. Прагулка — гэта невялікая прыгода перад вяртаннем дадому. Яна дапамагае захоўваць дыстанцыю ў адносінах да клопатаў адыходзячага дня.
Што б ні прыйшлося рабіць увечары дома, выкарыстайце ўнікальны і таямнічы час пераходу да сну. Мысленным поглядам ахапіце ўсё, што было зроблена за дзень. Ацаніце кожнае імгненне шчасця і моманты, якія былі пражытыя няўдала або занадта паспешліва. Калі мы засяродзімся на ўвазе да пражытых падзей дня, мы быццам замкнём кола дня. Няма нічога больш карыснага за гэты маленькі штодзённы адлік, каб падвесці вынікі дня і падрыхтавацца да спакойнай ночы. Перш чым заснуць, можна ўявіць сабе жаданы сцэнарый падзей наступнага дня. Прыслухайцеся да сваіх таемных жаданняў, голас якіх надта ціхі на працягу дня, каб быць пачутым вамі. Перш чым заснуць, падрыхтуйцеся да таго, каб запомніць свае сны, якія нам прысняцца, бо яны — крыніца для натхнення і своеасаблівыя творчыя падказкі да вырашэння шмат якіх праблем рэальнасці. Пакладзіце побач з сабой ручку і лісток паперы, каб запісаць каштоўныя ідэі, якія прышлі ў сне, не ўстаючы, бо раніцай іх можна не ўспомніць. Уводзьце і выконвайце прыемныя і карысныя рытуалы для добрага сну: з’есці хрусткі яблык, выпіць травяны настой, абняць дзіця, палюбавацца ззяннем зорак, месяца, прылашчыць сабаку, паслухаць ціхую музыку, прачытаць старонку любімай кнігі. Гэта палегчыць і зробіць больш прыемным засынанне.
Новы год, які набліжаецца, — удалы час, каб жадаць нешта нацэленае на паляпшэнне свайго жыцця і рэалізаваць свае жаданні, змяніўшы нешта ў надыходзячым годзе. Можа, вы марыце пра ўрокі ігры на фартэпіяна, падарожжы, праходжанне курсаў ваджэння аўтамабіля, малявання акварэллю. У новым годзе знайдзіце час і ажыццявіце мару. Каб усё атрымалася, скарыстайцеся залатым правілам. Залатое правіла — перад Новым годам прыняць рашэнне, лёгкае для ажыццяўлення, і рэалізаваць яго. Тады першы дзень года, адзначаны нашым асабістым поспехам, адкрые нам радасную перспектыву. Што планаваць для лёгкага ажыццяўлення? Пахрустайце свежым снегам на першай у годзе прагулцы, атрымайце асалоду ад паху дыму ад вогнішча, прагуляйцеся, шырока крочучы, рана ляжце спаць, разгледзьце вулічныя ілюмінацыі, наведайце бацькоў, сяброў, паспрабуйце новыя кулінарныя рэцэпты, паглядзіце новы фільм, прагуляйцеся на вакзале, у аэрапорце, захапіцеся цяперашнім і памарце пра будучыню.
Важна памятаць, што даваць задавальненне іншым людзям — значыць даваць задавальненне сабе. Святкуйце з сябрамі дні нараджэння, сустракайцеся як падлеткі, спявайце разам, званіце проста так.
Шмат што вакол падбівае нас да саперніцтва, канкурэнцыі ва ўсіх сферах, да барацьбы за атрыманне таго, што мы хочам. У гэтых абставінах махнуць на ўсё рукой хаця б раз у дзень на 10 хвілін і таксама можна адчуць як момант шчасця.
Не адкладвайце на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, але ніколі не рабіце сёння тое, што можна не рабіць увогуле. Марсель Аклер, якая напісала некалькі кніг у стылі пазітыўнай думкі, у тым ліку “Кнігу шчасця”, дзе прапаноўвала па гэтай праблеме многа практычных парад, прапанавала спалучаць два адзначаныя прынцыпы. Яна змагла разгрузіць сваю свядомасць, выйграўшы гадзіны, пазбавіўшыя ад непатрэбных заняткаў. Напрыклад, размоў для таго, каб змарнаваць час, з абыякавымі людзьмі.
Дарагія педагогі, адчуваючы адказнасць за сваё шчасце, уносьце разнастайнасць у свае крыніцы задавальнення, лёгка гаварыце пра сур’ёзныя рэчы, акрыляйце сябе гумарам, здзіўляйцеся, не падвяргайце цэнзуры свае думкі, прымайце свае слабасці, давайце волю гневу, толькі аднойчы, бо кожная хвіліна гневу — гэта страта 60 секунд шчасця. Таксама важна прытрымлівацца сваіх жаданняў, прымаць супярэчнасці жыцця і накіроўваць іх на карысць сабе, іншым, назіраць за тым, што вы пасеялі. А самае галоўнае, памятайце, што ваша шчасце ў вашай душы з’яўляецца крыніцай патоку радасці, гармоніі, натхнення ў душы вучняў.

Псіхалагічнае люстэрка

Майстэрства балансу
Кожны чалавек шукае баланс паміж асабістым і грамадскім у сваім жыцці, робячы гэта з большым або меншым поспехам у розныя ўзроставыя перыяды. Гэтая праблема, магчыма, найбольш актуальная для педагога, бо яго прафесійны і жыццёвы поспех якраз залежыць ад якасці гэтага балансу. Прапаноўваем тэст, які дазваляе ўбачыць дэфіцыт асабістай прасторы ў вашым жыцці. Калі такі дэфіцыт выявіўся, то навагоднія канікулы — зручны час для запаўнення прабелаў.
Адказвайце на пытанні “так” або “не”.
1. Вы ўспрымаеце свае прафесійныя абавязкі больш сур’ёзна, чым сямейныя або дамашнія.
2. Вам цяжка расслабіцца і выкідаць з галавы думкі пра работу.
3. Вы траціце час у асноўным на зараблянне грошай або набыццё матэрыяльных каштоўнасцей.
4. Вы прысвячаеце сваё жыццё рэалізацыі планаў на пенсію.
5. Для вас важней павышэнне прэстыжу, чым заваяванне прыхільнасці іншых людзей.
6. Вас лёгка збіваюць з толку бюракратычныя цяганіна і перашкоды.
7. Вас палохае перспектыва не справіцца з заданнем або неабходнасць заўсёды рабіць усё, што ў вашых сілах.
8. Вы лічыце, што інтарэсы каманды важнейшыя за інтарэсы асобнага індывідуума.
9. Вас выводзіць з раўнавагі неабходнасць праводзіць шмат часу на пасяджэннях або нарадах.
10. Вам нялёгка браць на рабоце адгулы, не адчуваючы пры гэтым віны.
11. Вам уласціва хутка рухацца і гаварыць.
12. Вас раздражняюць людзі, якія, на ваш погляд, робяць усё не так, як трэба.
Калі на ўсе пытанні вы адказалі сцвярджальна, то вам тэрмінова неабходна ўдзяліць больш часу і энергіі пашырэнню вашай асабістай прасторы ў жыцці і напаўненню яе цікавым зместам.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.