Абласны семінар дырэктараў і загадчыкаў аддзелаў тэхнічнай творчасці шматпрофільных устаноў па тэме “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў зменлівым свеце: перспектывы развіцця, запатрабаванасці, прывабнасці, выніковасці” адбыўся на базе Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Мерапрыемства аб’яднала на адной пляцоўцы больш за дваццаць устаноў дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю Гомельскай вобласці. У рабоце семінара таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
На семінары былі разгледжаны актуальныя праблемы, якія тычацца тэндэнцый развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (тэхнічнага профілю), увядзення пазабюджэтнай дзейнасці. Гэтая тэма была дэталёва прадстаўлена ў дакладзе дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталлі Анатольеўны Алейнік. У прыватнасці, было адзначана, што, у адрозненне ад іншых профіляў, тэхнічная творчасць з’яўляецца самым рэсурсаёмістым і фінансава затратным напрамкам. Сярод існуючых праблем — рэшткавы прынцып бюджэтнага фінансавання ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю; адсутнасць наладжанага сеткавага ўзаемадзеяння прамысловых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, бізнесу ў рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, накіраваных на дапрафесійную падрыхтоўку вучняў; недастатковае прыцягненне прамысловых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, бізнесу ў аказанні спонсарскай, дабрачыннай дапамогі на даследчую і інавацыйную работу з навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; недастатковая практычная і інжынерная падрыхтоўка, адсутнасць навыкаў правядзення даследчай і інавацыйнай работы кадраў для рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па сучасных кірунках развіцця навукі і тэхнікі; устойлівая тэндэнцыя фемінізацыі педагагічных калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы тэхнічнага профілю.
Шляхі вырашэння названых праблем Н.А.Алейнік бачыць у граматнай кадравай палітыцы, у развіцці эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці як фактару развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у супрацоўніцтве з прамысловымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, ва ўзаемадзеянні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю з УВА, іншымі ўстановамі адукацыі ў пытаннях прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, у распрацоўцы аўтарскіх праграм дадатковай адукацыі, індывідуальных праграм і праграм павышанага ўзроўню, у скарачэнні незапатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах, у апрабацыі праграм па перспектыўных напрамках, у развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, у абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра, у развіцці інфармацыйных рэсурсаў (у тым ліку ў стварэнні і вядзенні сайта, рэкламнай дзейнасці).
Вялікую цікавасць выклікаў даклад метадыста Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Мікалаеўны Зялёнай “Асноўныя падыходы да арганізацыі і забеспячэння інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі: праблемы, перспектывы развіцця”. Зацікавіла ўсіх удзельнікаў семінара выступленне з прэзентацыяй прадстаўніка Буда-Кашалёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алега Алегавіча Белавусава аб арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў па суднамадэляванні.
Удзельнікі семінара наведалі адкрытыя заняткі аб’яднання “Радыёканструяванне” педагога Алены Георгіеўны Мартынавай. Педагог цэнтра Аляксандр Яўгенавіч Язерскі даў майстар-клас па суднамадэляванні.
Дыскусійнымі сталі і пытанні, якія тычацца афармлення, вядзення дакументацыі.
У цэлым усе ўдзельнікі прыйшлі да адзінага меркавання, што трэба добра папрацаваць над пераходам да новых форм і метадаў работы.