Каложскія адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя чытанні аб’ядналі 180 удзельнікаў, сярод якіх выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі і настаўнікі, студэнты і школьнікі, прадстаўнікі навукі і духавенства. Тэма чытанняў гэтага года — “Моладзь: свабода і адказнасць”.
— Першыя чытанні адбыліся ў 2012 годзе па ініцыятыве кафедры рускай літаратуры ГрДУ. У іх прыняло ўдзел каля 50 чалавек. Тады яны называліся Ліхачоўскімі ў гонар выбітнага навукоўца прафесара Дзмітрыя Ліхачова, — расказвае загадчык кафедры рускай філалогіі прафесар Таццяна Аўтуховіч. — Трансфармацыя ў Каложскія чытанні адбылася з разуменнем таго, што захавання патрабуе і наша духоўная культура. Тэматыка сённяшняй канферэнцыі актуальная, бо важна акрэсліць паняцце свабоды: што гэта — усёдазволенасць або адказнасць?
Вітаючы ўдзельнікаў чытанняў, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій нагадаў, што, паміраючы, Хрыстос перадае царкву ў рукі самага маладога вучня — пятнаццацігадовага юнака Іаана Багаслова. І гэта вельмі сімвалічна: моладзь — будучыня грамадства і яго сучаснасць. Ад жыццёвай пазіцыі маладых людзей залежыць, па якім шляху мы будзем рухацца далей, і абмеркаванне паняццяў свабоды і адказнасці ў кантэксце сучаснага маладзёжнага грамадства вельмі актуальнае. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва адукацыі і царквы ў выхаванні маральнасці навучэнцаў і ўручыў кіраўніку аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі іерэю Ігару Данільчыку Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі.
Каложскія чытанні арганізоўваюцца галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі. Такое супрацоўніцтва прадэманстравала і пленарнае пасяджэнне, на якім выступілі прадстаўнікі вышэйшай адукацыі — першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў, рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка, протаіерэй Вячаслаў Гаплінчык і протаіерэй Сяргей Гардун.
Круглы стол “Свабода чалавека: дар ці цяжар?” і дыскусійная пляцоўка “Мая будучыня: на Радзіме ці за мяжой?” сталі месцам актыўнага абмеркавання моладдзю гэтых вызначальных для яе пытанняў. Навучэнка сярэдняй школы № 16 Гродна Лізавета Богуш разважала на тэму “Свабода сучаснага чалавека: пагрозы, перашкоды, магчымасці, рызыкі”, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі іерэй Іаан Канановіч — пра феномен псеўдасвабоды і яго праяўленні ў сучасным грамадстве. А навучэнцы 16-й школы разглядалі наступную тэму:
— Мы правялі даследаванне, ці верыць сучасная моладзь у забабоны і прыметы, — расказвае навучэнка сярэдняй школы № 16 Гродна Наталля Юхно. — Апыталі 67 навучэнцаў ва ўзросце14—17 гадоў, і выстветлілася, што нават у час сучасных тэхналогій і гаджэтаў палова апытаных падлеткаў чытае гараскопы і верыць у прыметы.
А вось навучэнцы гімназіі № 3 Гродна Настассі Куклік і яе сябрам было цікава ўдзельнічаць у рабоце дыскусійнай пляцоўкі, выказваць свае думкі і слухаць меркаванні школьнікаў і студэнтаў, настаўнікаў і прадстаўнікоў духавенства аб важных пытаннях свабоды выбару і адказнасці за яго.
— Для абмеркавання мы прапанавалі пытанні, якія часта можна ўбачыць у сацыяльных сетках, якія выклікаюць цікавасць у маладой аўдыторыі, — гаворыць намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк.
Педагагічная майстэрня Каложскіх чытанняў працавала ў яслях-садзе № 69 Гродна. Тут размова ішла пра духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і педагагічную падтрымку развіцця адказнасці ў маладых бацькоў. Секцыі “Моладзь і царква” і “Свабода ў рамках ролевай свядомасці і хрысціянскага абавязку (на матэрыяле старажытнарускай літаратуры)” працавалі ў сярэдняй школе № 38 Гродна, секцыі “Маральнае выхаванне моладзі”, “Маральны выбар творчай моладзі”, “Буквар у гісторыі культуры Беларусі (да 400-годдзя беларускага буквара)” — у гімназіі № 2.
Каложскія чытанні з кожным годам не толькі прыцягваюць большую колькасць удзельнікаў, але і пашыраюць геаграфію. У апошніх чытаннях прынялі ўдзел выкладчыкі, магістранты і студэнты гродзенскіх і мінскіх універсітэтаў, настаўнікі школ і каледжаў з Гродна і Гродзенскага раёна, Шчучына, Дзятлава, Ваўкавыска, Смаргоні, Астраўца, Слоніма. Паказальны і склад выступоўцаў. Напрыклад, на секцыі “Суадносіны свабоды і неабходнасці ў сацыякультурнай дынаміцы: гісторыя і сучаснасць” свае даследаванні прадставілі старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі ГрДУ Святлана Тарасава, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 5 Гродна Таццяна Астаповіч, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Астраўца Хрысціна Шляхтовіч і Вікторыя Сухарава і самыя юныя ўдзельнікі чытанняў — навучэнцы 8 класа 7-й гродзенскай школы Вольга Акула, Вольга Пракопчык, Софія Салаўёва.
Пытанні, якія абмяркоўваліся на Каложскіх чытаннях, важныя для кожнага члена грамадства — незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.