Пад парусамі Арго”, “Каліпса” і “Чорнай жамчужыны”

- 15:31Дадатковая адукацыя, Рознае
Наш час — гэта час змен. Зараз неабходны людзі, здольныя прымаць нестандартныя рашэнні, якія ўмеюць творча думаць, таму поспех навучання ў многім залежыць ад актыўнасці навучэнцаў, характару іх дзейнасці, ступені самастойнасці і творчасці.

Стратэгія сучаснай адукацыі заключаецца ў прапанаванні магчымасці ўсім навучэнцам праявіць свае таленты і творчы патэнцыял. Аднак менавіта сістэма дадатковай адукацыі дае многім дзецям магчымасць знайсці сябе.
Творчыя поспехі юных тэхнікаў у Мазырскім цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі (Гомельская вобласць) — гэта ў многім вынік работы педагогаў дадатковай адукацыі. Менавіта яны крок за крокам абуджаюць у выхаванцаў цікавасць да тэхнікі, імкненне да ведаў, развіваюць у іх канструктарска-тэхнічныя навыкі і ўменні, далучаюць да навукова-даследчай, эксперыментальнай і выяўленчай дзейнасці.
Напрыклад, у аб’яднанні па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” пад кіраўніцтвам метадыста, педагога дадатковай адукацыі Святланы Рыгораўны Слівы дзеці вырабляюць мадэлі караблёў, вывучаюць гісторыю флоту, авалодваюць тэхналогіяй пабудовы мадэлей і набываюць навыкі работы з інструментамі.
Свае першыя караблі Святлана Рыгораўна стварала разам з навучэнцамі з паперы, потым з драўляных брускоў. Паступова яны разам перайшлі на больш складаныя мадэлі, а зараз іх майстэрства параўнальна з сапраўдным мастацтвам.
Святлана Рыгораўна адзначае, што і зараз працягвае вучыцца, а яе верныя памочнікі ў суднабудаўнічай справе — кнігі і інтэрнэт. Самым сапраўдным захапленнем педагога сталі парусныя судны XVII — XVIII стагоддзяў: баявыя, гандлёвыя, экспедыцыйныя, пірацкія. Яны прыцягваюць увагу сваімі памерамі, каляровымі парусамі, прыгожымі рамантычнымі назвамі: “Каліпса”, “Арго”, “Карона”, “Чорная жамчужына” і г.д. Гэта дакладныя міні-копіі караблёў, якія калісьці перасякалі моры і акіяны. Кожны з іх — легенда. “Тытанік”, “Nina”, імператарская яхта “Дружба”… Дзеці ведаюць гісторыю ўсіх караблёў.
Свет захапленняў юных тэхнікаў у Мазырскім цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, дырэктарам якога з’яўляецца Валерый Аляксеевіч Кальчанка, шырокі і разнастайны. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах не толькі займаюць дзяцей, але і выхоўваюць. Стварэнню творчай атмасферы спрыяюць свабодныя зносіны дзяцей, просты тон размовы, змена відаў дзейнасці, гульнявы характар заняткаў. Тут можна не толькі знайсці справу па душы, але і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Дарэчы, каб ахапіць тэхнічнай творчасцю як мага больш навучэнцаў, тутэйшыя педагогі працуюць у клубах па месцы жыхарства і на базе школ.
“Стэндавы мадэлізм сёння ўжо не проста хобі, — адзначае мая суразмоўніца. — Многія эксперты параўноўваюць яго з мастацтвам. Для сябе я вызначыла б яго як стан душы, занятак, які прыносіць мне вялікую радасць і задавальненне.
Трэба сказаць, што стэндавы мадэлізм — гэта справа таленавітых хлопчыкаў, якія валодаюць незвычайнай цярплівасцю і ўседлівасцю. А дзецям гэтых якасцей не хапае, ім хочацца імгненнага выніку. Наша ж работа патрабуе ўвагі і карпатлівасці: спачатку вызначаемся з мадэллю карабля, знаёмімся з яго гісторыяй, а толькі потым пачынаем мадэляванне. Гэта працяглы працэс, бо трэба выбраць адпаведны матэрыял: падрыхтаваць корпус, патрэбныя дэталі, пачынаючы ад рубак і заканчваючы штурвалам і якарам. Чым старэйшае дзіця, тым цікавей з ім працаваць, таму што да справы яно ўжо ставіцца ўсвядомлена”.
Сувязь аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю і ўрокаў працы відавочная. Аднак сучаснае пакаленне ў многім страціла цікавасць да заняткаў, дзе патрабуецца работа не толькі галавой, але і рукамі. Сёння педагогі імкнуцца абудзіць дзіцячую цікавасць перспектывай самастойна стварыць прыгожую рэч, магчымасцю набыць карысныя веды і навыкі.
У многім цікавасць навучэнцаў да работы ў аб’яднанні па інтарэсах падтрымліваецца і развіваецца падчас заняткаў. Таму заняткі трэба планаваць і праводзіць так, каб дзеці даведваліся пра новае, паспявалі выканаць намечаную частку практычнай работы, каб іх вырабы сапраўды былі прыгожымі і падабаліся ўсім, абставіны былі спакойнымі і добразычлівымі, забяспеч-валася свабода зносін навучэнцаў адзін з адным і з педагогам.

Сёння аб мазырскім стэндавым мадэлізме ведаюць ва ўсёй Беларусі. Пра гэта аб’яданне пішуць у газетах і часопісах, паказваюць па тэлебачанні, яго выхаванцы здымаюцца ў рэкламе.
“Міша Сасаюк, Дзіма Касцянка, Жэня Шацко, Кірыл Тупік, Артур Сарнаўскі з’яўляюцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў, такіх як віктарына “У свеце тэхнікі і працы”, абласны конкурс па навукова-тэхнічнай творчасці, абласны конкурс відэафільмаў “Радзіма мая дарагая” ў намінацыі “Будзь у эпіцэнтры тэхнічнай творчасці”, рэспубліканская выстава тэхнічнай творчасці “Прарыў у будучыню”, 8-я і 9-я міжнародныя спецыялізаваныя выставы “Свет дзяцінства” ў “БелЭкспа” і г.д., — адзначае С.Р.Сліва. — Саша Бабрэнка, Улад Матчэня, Сяргей Галоўкін, Дзіма Патапенка з’яўляюцца двухразовымі пераможцамі самай прэстыжнай выставы рэспубліканскага ўзроўню. Таксама Саша Бабрэнка ў 2013 годзе перамог у міжнародным конкурсе творчых работ “Палёт ідэй і натхненняў”.
Сёння выхаванцы Святланы Рыгораўны становяцца студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Мазырскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Новая змена таксама задумваецца пра паступленне ва УВА тэхнічнага профілю. У любым выпадку веды, атрыманыя на занятках, спатрэбяцца ім у жыцці.
“Нам цікава зрабіць нешта сваімі рукамі, — адзначае Саша Бабрэнка, — і пасля заканчэння працэсу, калі мадэль карабля ўжо гатова, атрымаць сапраўднае задавальненне: так, мы зрабілі гэта!
Адна з самых радасных падзей — гэта выстава ў цэнтры горада ў Доме гандлю, калі мадэлі караблёў бачаць сябры, аднакласнікі, знаёмыя. Прыемна чуць словы захаплення і ўдзячнасці.
Вельмі важна, што нашы захапленні падтрымліваюць бацькі. Каб змадэляваць карабель, патрэбны немалыя сродкі. Бацькі дапамагаюць знаходзіць матэрыял, шыць парусы. Часам нашы караблі купляюць, але часцей мы іх дорым. У нас дружная каманда захопленых творчасцю юнакоў. Яшчэ больш збліжаюць экскурсіі і паходы, у якія адпраўляемся ў канцы вучэбнага года. Чакаем іх заўсёды з нецярпеннем”.
“Калі не спыняцца на дасягнутым, пастаянна ўдасканальвацца і адкрываць новае, то поспех абавязкова прыйдзе, — упэўнена мая суразмоўніца. — Хацелася б, каб кожны навучэнец зрабіў годную мадэль, якая будзе прыносіць яму радасць ад праведзенай работы, а бацькам — гонар за сваіх дзяцей. Хай кожны пабудуе карабель сваёй мары. Поспех маіх выхаванцаў — гэта і мой поспех.

Рыгор СЛІВЕЦ.