Творчасць маладых становіцца брэндам

- 14:18Актуально, Рознае
28 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшло пасяджэнне экспертнага савета Рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, дзе з паўсотні творчых работ, якія выйшлі ў фінал спаборніцтва, былі выбраны самыя паспяховыя ідэі маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Свае творчыя работы ўдзельнікі праекта прадстаўлялі на выставе-прэзентацыі. У афіцыйнай цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М.Рубінаў, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У.Р.Гусакоў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці І.І.Бузоўскі, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А.Г.Шумілін, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўнікі навучальных устаноў.

З 2011 года, калі па ініцыятыве БРСМ і пры падтрымцы прэзідэнта краіны быў пачаты праект “100 ідэй для Беларусі”, у ім прынялі ўдзел больш за 7 тысяч маладых людзей. Сёння ў творчую скарбонку ўнесена больш за 6 тысяч ідэй і праектаў маладых вынаходнікаў у адукацыйнай сферы, па энергазберажэнні, ахове здароўя, спорце, турызме, экалогіі, многія з якіх фінансава падтрыманы дзяржавай і ўжо практычна рэалізаваны.
Выступаючы перад удзельнікамі праекта, А.М.Рубінаў назваў гэтае мерапрыемства вельмі значным у жыцці нашай краіны.
— Нічога няма цікавей, чым асабістая творчасць, — заўважыў вучоны. — Колькі б вы ні займаліся разгадваннем рэбусаў, гульнямі ў камп’ютары альбо іншымі забавамі, самае вялікае задавальненне можна атрымаць, калі вам удалося прыдумаць нешта сваё, асабістае, адзінае і непаўторнае. А калі ваша вынаходства стала цікавым яшчэ для іншых і знайшло практычнае ўвасабленне, то, мабыць, большага шчасця і няма.
Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што сёння вельмі актуальным кірункам з’яўляецца далучэнне моладзі да творчасці, да цікавага занятку. І праект “100 ідэй для Беларусі” гэтаму пацвярджэнне. Але каштоўнасць яго не толькі ў тым, што ён дазваляе нашай моладзі раскрыць свае здольнасці, прапаноўваць арыгінальныя ідэі, рабіць цікавыя адкрыцці. Маладыя людзі такім чынам далучаюцца да вынаходніцкай справы, імкнуцца сябе раскрыць, рэалізаваць навукова-тэхнічныя распрацоўкі і тым самым заявіць асабістае я. І менавіта гэта — самае галоўнае.
— Творчы пад’ём у жыцці — гэта адметнасць маладога ўзросту, — адзначыў А.М.Рубінаў. — З вышыні свайго асабістага лёсу я магу сцвярджаць, што самыя геніяльныя, самыя плённыя ідэі ўласцівы моладзі. Менавіта ў маладзёжны перыяд жыцця развіваецца навуковы патэнцыял, узнікае жаданне задаволіць свае амбіцыі і стаць знакамітым. Таму вельмі важна маладым людзям не ўпусціць свой шанс, не спудзіць удачу і імкнуцца да дасягнення сваёй мары.
— Правядзенне гэтага спаборніцтва ў Нацыянальнай акадэміі навук можна па праву лічыць знамянальным, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН У.Р.Гусакоў. — Такім чынам мы адкрываем новыя таленты, новыя імёны творчай моладзі, на якую робім стаўку ў фарміраванні кадравага складу нашай акадэміі і ў цэлым навуковай эліты краіны. Безумоўна, прадстаўленыя на гэтай выставе праекты ўвойдуць у скарбонку творчых ідэй.
Кіраўнік НАН адзначыў, што ў наваствораным праграмным дакуменце аб удасканаленні навуковай сферы Беларусі адным з прыярытэтаў з’яўляецца падтрымка маладых вучоных. У акадэміі імкнуцца стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для іх творчага росту, для рэалізацыі іх навуковых распрацовак. З кожным годам калектыў акадэміі папаўняецца новымі кадрамі, і сёння 25 працэнтаў штату ўстановы складаюць маладыя вучоныя. У далейшым гэтая лічба павялічыцца і, магчыма, у тым ліку за кошт тых маладых людзей, якія прадставілі свае творчыя знаходкі на гэтым праекце.
— За 85 гадоў існавання наша акадэмія прайшла слаўны шлях, была сфарміравана беларуская навуковая школа, у склад якой увайшлі вучоныя з сусветным імем, якія зрабілі вялікія адкрыцці ў розных навуковых кірунках, — адзначыў Уладзімір Рыгоравіч. — Хачу спадзявацца, што нашы маладыя навукоўцы стануць дастойнымі прадаўжальнікамі айчыннай навукі і тым самым забяспечаць паспяховае развіццё краіны.
І.І.Бузоўскі нагадаў, што праект “100 ідэй для Беларусі” ставіць задачу актывізаваць інавацыйную дзейнасць і прафесійную мабільнасць моладзі ў стварэнні канкрэтных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак. Як вядома, усе творчыя прапановы можна размясціць у спецыяльных скрынках, якія ўстаноўлены ў кожнай навучальнай установе. Як бачна, такіх ідэй становіцца ўсё больш.
— Няважна, што за кожнай ідэяй не заўсёды стаіць нейкае адкрыццё, — адзначыў Ігар Іванавіч. — Не ў гэтым сэнс нашага праекта. У ім прадастаўлена яшчэ большая каштоўнасць — даць магчымасць самарэалізавацца творчай, крэатыўнай моладзі, неабыякавай да развіцця і будучыні нашай краіны.
Удзельніца праекта Ганна Шышакова з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта вельмі ўдзячна гэтаму спаборніцтву за магчымасць рэалізаваць свой творчы і навуковы патэнцыял, праявіць ініцыятыву, падаць сваю ідэю і, калі яна заслужыць увагу, атрымаць падтрымку ад старэйшых калег, ад сталых вучоных у яе рэалізацыі.
— Сёння праект “100 ідэй для Беларусі” стаў знакамітым брэндам, які прыцягвае таленавітых амбіцыйных маладых людзей, гатовых займацца навукай і вынаходніцтвам на карысць нашай краіны, — адзначыла Ганна. — Мяркуючы па сённяшняй прэзентацыі творчых работ удзельнікаў праекта, можна сцвярджаць, што крыніца творчасці юных талентаў застаецца па-ранейшаму невычэрпнай.
А.М.Рубінаў уручыў аўтарам фінальнага этапу конкурсу сертыфікаты ўдзельнікаў праекта. Згодна з яго меркаваннем, да кожнага ўладальніка такога сертыфіката будзе існаваць у будучым адпаведнае стаўленне з боку работадаўцы.
— Любая арганізацыя з задавальненнем возьме на работу чалавека з жылкай наватарства, — адзначыў Анатоль Мікалаевіч. — Навучыць можна любога чалавека, але творчы пацэнцыял ёсць не ва ўсіх. Таму творчых людзей трэба заахвочваць і ствараць умовы для іх самарэалізацыі.
На выставе свае распрацоўкі прэзентавалі 16 фіналістаў праекта. Аўтары яшчэ 34 праектаў і ідэй абаранялі свае работы на пасяджэнні экспертнага савета. У склад яго ўвайшлі прадстаўнікі НАН Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага інавацыйнага фонду, міністэрстваў адукацыі, эканомікі, Мінскага гарадскога тэхнапарка, навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў, БРСМ. Праекты, якія сталі пераможцамі, будуць рэалізаваны на практыцы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА.