Паспрабаваць сябе ў розным, каб аднойчы знайсці сваё

- 12:29Адукацыйная прастора

Лагістычны падыход у кіраванні адукацыйнай сістэмай, што дазволіць кожнаму вучню развівацца ў той сферы, якая яму цікавая і да якой ён больш схільны псіхалагічна, рэалізоўваюць педагогі сталічнай гімназіі № 38. Праект “Адукацыйная лагістыка як інавацыйны рэсурс падтрымкі высокаматываваных навучэнцаў” адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Аб асаблівасцях рэалізацыі гэтага праекта расказваюць яго аўтары — дырэктар гімназіі Галіна Людвігаўна Злобіч і яе намеснікі па вучэбнай рабоце Марына Адамаўна Далінкіна і Вольга Пятроўна Журына.

Аўтары праекта М.А.Далінкіна, Г.Л.Злобіч і В.П.Журына.

Галіна Людвігаўна ЗЛОБІЧ, дырэктар гімназіі:

— У сістэме адукацыі сталіцы склалася пэўная мадэль работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі. Аднак змены, якія адбыліся ў гімназічнай адукацыі з бягучага навучальнага года, калі дзеці прыходзяць у 5 клас гімназіі па тэрытарыяльнай прыкмеце без уступных іспытаў, падштурхнулі нас на ўдасканаленне сістэмы суправаджэння высокаматываваных навучэнцаў і адначасовае задавальненне адукацыйных запытаў іншых навучэнцаў. Кожны дырэктар бачыць стратэгічную лінію развіцця сваёй установы, і, каб не страціць статуснасць гімназіі і арганізаваць работу навучэнцаў у адпаведнасці з іх падрыхтаванасцю, навучанасцю, з улікам іх здольнасцей, фарміравання матывацыйнай сферы, мы заняліся распрацоўкай праекта па адукацыйнай лагістыцы. Пры гэтым мы разумелі, што рэалізацыя гэтага праекта будзе патрабаваць удасканалення адукацыйнай прасторы гімназіі для актывізацыі кадравага рэсурсу, падрыхтоўкі бацькоўскай грамадскасці, мадэрнізацыі сістэмы работы з навучэнцамі, якія маюць розны ўзровень навучанасці і падрыхтаванасці.

Адукацыйная лагістыка прыцягальная тым, што ў ідэале мы намячаем і рэалізоўваем для кожнага нашага навучэнца індывідуальны адукацыйны маршрут, бо добра вядома, што ад прыроды дзеці ўсе розныя, вучыць усіх аднолькава проста нерэальна. Ідэя гэтага праекта належыць мне, а тактыку распрацоўвалі мае намеснікі. Яны загарэліся ідэяй, бо са мной працуюць людзі неабыякавыя, якія думаюць, як зрабіць працэс навучання цікавым і захапляльным, даступным і зразумелым нашым дзецям. Акрамя таго, праект дазваляе зрабіць навучанне практыка-арыентаваным, што сёння з’яўляецца вельмі актуальным. Пакуль дзеці не будуць разумець, дзе атрыманыя імі веды спатрэбяцца ў жыцці, іх навучанне не будзе паспяховым. А калі дзіця будзе ведаць, як паправіць крэсла, як адрамантаваць разетку, дзе яму спатрэбяцца веды па фізіцы, хіміі або працоўным навучанні, тады яму будзе лягчэй жыць, а ўстанова зможа выконваць сваю адукацыйную функцыю.

Вывучаем геаграфію на інтэрактыўным стале.

Марына Адамаўна ДАЛІНКІНА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

— Адукацыйная лагістыка — гэта арганізацыя, планаванне, кантроль і маніторынг патоку ведаў у адукацыйнай прасторы ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйнага стандарту. Гэты паток працуе па правілах інфармацыйнай лагістыкі, прынцыпы якой заклаў Біл Гейтс. Актуальнасць адукацыйнай лагістыкі ў гімназічным навучанні відавочная. Яна абумоўлена сучасным узроўнем развіцця навукі, на якім ярка выяўлены асноўны прынцып “дакладна ў тэрмін”.

Сённяшняму вучню не трэба проста запамінаць інфармацыю з падручніка, трымаць у галаве пэўныя энцыклапедычныя звесткі (як гавораць дзеці,“Google у дапамогу”). Вельмі важна, каб дзіця ўмела знайсці тое, што яму неабходна, і прымяніць на практыцы.

Наш праект разлічаны да мая 2021 года і складаецца з трох асноўных этапаў. На падрыхтоўчым этапе важна было стварыць педагагічныя ўмовы для развіцця асобы навучэнцаў сродкамі вучэбных прадметаў у перыяд пераходу на ІІ ступень навучання, дапамагчы ім сарыентавацца ў выбары вучэбна-прадметных напрамкаў.

“Вы хочаце, каб ваша дзіця-пяцікласнік з пераходам у гімназію было шчаслівым? Тады мы гатовы даць яму магчымасць паспрабаваць сябе ў розным, каб аднойчы знайсці сваё. У кожнага ёсць талент, галоўнае — яго знайсці”, — такімі словамі мы пачалі выніковы бацькоўскі сход навучэнцаў 4 класаў летась у маі. На ім бацькі азнаёміліся з інавацыйнай сістэмай падтрымкі высокаматываваных навучэнцаў у межах адукацыйнай лагістыкі.

Для выяўлення адукацыйных запытаў дзяцей педагогам-псіхолагам гімназіі было праведзена анкетаванне чацвёртакласнікаў, іх законных прадстаўнікоў і настаўнікаў, па выніках якога была складзена “Карта інтарэсаў” кожнага класа. А ў межах гімназічнай дэкады “Галактыка ведаў” былі арганізаваны традыцыйныя алімпіяды для вучняў 4-х класаў па ўсіх вучэбных прадметах з мэтай прыблізна вызначыць здольнасці навучэнцаў, бо ёсць гуманітарыі і тэхнары, матэматыкі і лінгвісты. І нам было важна гэта ведаць.

Па выніках алімпіяды і анкетавання ў кожным 5 класе (а іх сёлета было набрана 5) былі вызначаны групы: А (высокаматываваныя вучні), В (маюць сярэдні ўзровень у пэўнай галіне), С (не раскрылі талент у пэўнай галіне). Для кожнай групы быў прызначаны цьютар, у абавязкі якога ўваходзіць распрацоўка індывідуальных адукацыйных маршрутаў вучняў з улікам іх схільнасцей і магчымасцей.

Новае — гэта добра забытае старое. Пры пераходзе з I ступені навучання на II важна ўлічваць прынцып дыферэнцыяцыі. Яго ніхто не адмяняў, і адна справа — калі настаўнік усляпую пачынае працаваць, а іншая — калі ён ведае, да якой групы належыць дзіця, і бачыць, з кім і на якім узроўні яму працаваць.

Мадэль адукацыйнай лагістыкі гнуткая і дынамічная. Калі вучань трапіў у групу лінгвістаў, то праз некаторы час ён можа перайсці ў групу матэматыкаў. Магчыма, у дзіцяці падлеткавы ўзрост, яно развіваецца, мяняюцца яго інтарэсы. З перыядычнасцю два разы на год навучэнцы кожнай групы выконваюць тэставыя заданні па вучэбных прадметах, праходзіць субяседаванне з педагогам-псіхолагам.

Вольга Пятроўна ЖУРЫНА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

— Цьютары — гэта настаўнікі-прадметнікі, якія суправаджаюць вучня і дапамагаюць яму на адукацыйным маршруце. Цьютар дапамагае зразумець навучэнцу, што ён хоча і можа ў рэальнасці, дапамагае раскрыць яго таленты. У якасці цьютараў у праекце працуюць настаўніца рускай мовы Людміла Яўгенаўна Ліхарад, настаўніца матэматыкі Вікторыя Мікалаеўна Шумская, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Жураўкіна і Людміла Уладзіміраўна Мазунова, настаўніцы англійскай мовы Кацярына Віктараўна Скакун, Вольга Казіміраўна Дудко, Вольга Андрэеўна Дарафеева.

Настаўнікі-цьютары ў сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Яны ствараюць сайты, вядуць блогі. Так, настаўніца англійскай мовы Вольга Андрэеўна Дарафеева вядзе тэматычны блог па англійскай мове, настаўніца рускай мовы і літаратуры Настасся Мікалаеўна Ганчарова — блог у дапамогу маладым настаўнікам. Педагогі выкарыстоўваюць магчымасці дыстанцыйнага навучання: арганізоўваюць дадатковыя заняткі з высокаматываванымі навучэнцамі, з дзецьмі, якія прапусцілі заняткі па хваробе, падтрымліваюць зваротную сувязь з законнымі прадстаўнікамі.

Сёння для фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў важную ролю адыгрывае матывацыя навучэнцаў. З мэтай кіравання педагагічным патокам нейрапедагогікі і для павышэння матывацыі навучэнцаў на падсвядомым узроўні ў гімназіі была створана “Лесвіца поспеху”, на прыступках якой размешчаны словы-заклікі да дзеяння: “думай”, “імкніся”, “эксперыментуй” і г.д. У холе другога паверха гімназіі размешчаны фотаздымкі з QR-кодам, на якіх адлюстраваны самыя значныя падзеі з жыцця ўстановы адукацыі. Лесвіца вядзе навучэнцаў у вучэбныя кабінеты, якія аснашчаны электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі.

З мэтай кіравання патокам абсталявання на базе гімназіі быў аснашчаны кабінет “ІТ-смарт”. На інтэрактыўны стол можна загружаць любы кантэнт: відэа і аўдыя, графічныя матэрыялы. За адным сталом могуць адначасова працаваць да 5 навучэнцаў. Інтэрактыўныя сталы маюць выхад у інтэрнэт і дазваляюць арганізоўваць работу ў рэжыме анлайн. Іх можна выкарыстоўваць пры вывучэнні любых прадметаў як на вучэбных, так і на факультатыўных занятках. Напрыклад, на геаграфіі можна загрузіць 3D-мадэлі (вулкана, тарнада, а таксама разгледзець іх у разрэзе, з розных бакоў і г.д.), на англійскай мове — інтэрактыўныя гульні. Дзецям цікава, бо гэта наглядна, ярка, запамінальна.

Важнае значэнне для пяцікласнікаў мае стварэнне псіхалагічна камфортнай атмасферы ў перыяд адаптацыі. Кіраванне псіхалагічным патокам ажыццяўляецца праз правя-дзенне акцыі “Пятачок, ты — наш!” (ад слова “пяты”). Акцыя накіравана на тое, каб дапамагчы пяцікласнікам уліцца ў гімназічную сям’ю. У пачатку года на лінейцы кожнаму 5 класу раздаецца мяшочак з пятачкамі-смайлікамі. Новыя вучні не ведаюць, дзе размяшчаецца бібліятэка, сталовая, і яны звяртаюцца па дапамогу да настаўнікаў, навучэнцаў. Таму, хто ім дапамог, дораць смайлік. А падчас свята пасвячэння ў гімназісты падводзяцца вынікі па намінацыях “Самы чулы настаўнік”, “Самы чулы навучэнец” і інш.

Рэалізацыя ўсіх праектаў ва ўстанове немагчыма без кіравання інфармацыйнымі патокамі. З мэтай апавяшчэння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу аб жыцці гімназіі ў холе ўстаноўлена лічбавая выстава, якая дазваляе ў інтэрактыўным рэжыме аператыўна інфармаваць навучэнцаў аб акцыях і іншых мерапрыемствах установы.

Галіна Людвігаўна ЗЛОБІЧ, дырэктар гімназіі:

— Што тычыцца фарміравання метапрадметных кампетэнцый у вучняў, мы сталі ініцыятарамі правядзення міжпрадметнай алімпіяды “Юністар”. Яна арганізоўвалася спачатку ва ўстанове, потым у раёне, а зараз мы атрымалі дазвол на яе правядзенне ў горадзе. Свет настолькі складаны, што, каб навучыць дзіця арыентавацца ў прасторы і паказаць, як адзін вучэбны прадмет пранікае ў іншы і як прыцягнуць веды з розных галін для адказу на пэўнае пытанне, праводзяцца гэтыя спаборніцтвы. Я пераканана, што ў будучыні алімпіяды па вучэбных прадметах будуць адменены і пачнуць праводзіцца міжпрадметныя алімпіяды, бо гэта вельмі важна і актуальна. Педагагічная грамадскасць да гэтага прыйдзе.

Лічым, што на практычным этапе распрацоўка і ўкараненне праграмы “Кіраванне педагагічнымі патокамі з выкарыстаннем адукацыйнай лагістыкі” дазволіць суправа-джаць навучэнцаў 5—7 класаў да пачатку дапрофільнай падрыхтоўкі ў 8 класе і ўвогуле прывядзе да ўсвядомленага выбару профілю навучання.

Пасля заканчэння праекта будуць падведзены яго вынікі на аснове распрацаваных намі крытэрыяў і паказчыкаў. На наш погляд, вельмі важны такі крытэрый, як захаванне статуснасці гімназічнай адукацыі. Яго можна вызначыць па колькасці заяў законных прадстаўнікоў, пададзеных у 1 клас. У якой ступені прадумана праграма кіравання лагістычнымі патокамі, пакажуць наступныя паказчыкі: колькасць навучэнцаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі, якія атрымліваюць платныя адукацыйныя паслугі, якія вывучаюць другую замежную мову на платнай аснове, станоўчая дынаміка колькасці блогаў настаўнікаў і іх наведвальнасці, дынаміка росту даходу ўстановы адукацыі ад аказання дадатковых адукацыйных паслуг і інш.

Мяркуем, што рэалізацыя гэтага праекта дазволіць навучэнцам працаваць па індывідуальных адукацыйных маршрутах, зніме псіхалагічнае напружанне навучэнцаў як у адаптацыйны перыяд у 5 класе, так і ў перыяд дапрофільнай падрыхтоўкі. Укараненне адукацыйнай лагістыкі сёння — гэта эфектыўная адукацыйная дзейнасць заўтра.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва гімназіі.