Чатыры сястры-педагогі з Краснапольскага раёна. Як жывуць, кім працуюць, чаму радуюцца?

- 11:20Новости

Усе чатыры дачкі калгасных працаўнікоў з адселенай пасля Чарнобыля вёскі Гатавец атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць педагогамі — у тым жа Краснапольскім раёне Магілёўшчыны. Добрыя традыцыі роду маюць глыбокія карані, прадаўжаюцца і пашыраюцца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёстры-педагогі сядзяць (злева направа) Таццяна Напрэенка, Валянціна Падалякіна, Алена Леснічэнка. Стаіць Настасся Падалякіна — дачка Валянціны Адамаўны

Месца на карце. І ў сэрцы…

Помніцца, пасля аварыі на ЧАЭС гэты раён Магілёўшчыны стаў зонай асаблівай увагі. Адным з самых забруджаных. Летам 1986 года журналістам рэспубліканскіх газет прапанавалі спіс для двухтыднё­вай камандзіроўкі ў прычарнобыльскія раёны: ехалі на дапамогу калегам з раёнак. Я ад “Чырвонай змены” тады выбраў Гомельшчыну, Брагінскі раён: да рэактара там яшчэ бліжэй. І Краснаполле піло чару бяды напоўніцу. Мяркуйце самі: жыхары 56 вёсак (у некаторых крыніцах пі­шуць і пра 86, гэта звыш траціны населеных пунктаў раёна), больш за 10 тысяч чалавек, з-за моцнага радыяцыйнага забруджання былі адселены. І хоць спрабавалі на першым часе некаторыя з тых паселішчаў вычыш­чаць-ратаваць — безвынікова, бо цэзій-137, як вядома, ізатоп доўгажывучы. З-за Чарнобыля насельніцтва раёна зменшылася на 37 працэнтаў. Расійскія спецыялісты, робячы прагнозы па Браншчыне (яна ў Расіі найбольш заб­руджана радыенуклідамі, з Краснаполлем па суседстве), робяць выснову: і ў 2056 годзе там будуць тэрыторыі з моцным узроўнем небяспекі. Да 40 кюры на квад­ратны кіламетр.

У раёне людзі суседнічаюць з павышаным радыефонам і цяпер. Калі напрыканцы 2023 года ў Краснаполлі ў Маладзёжным цэнтры культуры і адпачынку “Міраж” праходзіла інфармацыйна-­асветніцкая акцыя па пытаннях фарміравання радыеэкалагічнай культуры, былі там і педагогі, школьнікі. Адзначалася: цяпер у зоне пражывання з перыядычным радые­кантролем (там фіксуюць ад 1 да 5 кюры на км2) размешчаны 71 населены пункт раёна, у зоне з правам адсялення (5—15 кюры/км2) іх 12. Ёсць зоны, куды нельга заходзіць без прапускоў, ёсць абмежаванні наконт рыбалкі, збору ягад і грыбоў. Аднак, засвоіўшы згаданую культуру, неабходныя веды, жывуць там лю­дзі ды жыццю радуюцца, у тым ліку і мае суразмоўніцы-педагогі. Што да небяспекі, то і на сталічных вуліцах яна ёсць штодня, нават ДАІ не пытай. І ў лясах Краснапольшчыны варта рабіць нарыхтоўкі з аглядкай ды розумам, асаб­ліва збіраючы маслякі, чорныя грузды, польскія грыбы. І нават брусніцы: у іх назапашванне цэзію-137 у апошнія гады, паводле вынікаў замераў, 205 бекерэлей на кілаграм — пры дапушчальным узроўні 160.

У раёна сёлета 100-гадовы юбілей: Краснапольскі быў створаны ў 1924-м. Тады ж у вёсцы Горы (з якой родам і цяперашняя кіраўнік райаддзела адукацыі Алеся Шапавалава) стварылі першую ў тых мясцінах камуну з 12 сем’яў, на 100 гектарах зямлі.

Жывучы ў горадзе, мы ад зямлі, ад клопатаў пра яе крыху адрываемся. Між тым, як пісаў Якуб Колас, “Зямля дасць волі, дасць і сілы, // Зямля паслужыць да магілы, // Зямля дзяцей тваіх не кіне, // Зямля — аснова ўсёй айчыне”… На зямлі ж гаспадарылі бацькі, дзяды маіх суразмоўніц, сясцёр-педагогаў, якія ўсе родам з адселенай цяпер вёскі Гатавец. Яе, як і вялізнага сяла Мхінічы, у якім сёстры заканчвалі сярэднюю школу, не знойдзеш на сучасных картах. Але яны застаюцца ў сэр­цах людзей, верных зямлі сваёй, памяці пра сяброў маленства, родных і блізкіх.

Сёстры-педагогі прыйшлі ў свет у такой паслядоўнасці: Валянціна, Таццяна, Людміла і Алена. Маці, вясковы брыгадзір Марыя Іванаўна Палеенка, была на ўвесь гэты педквартэт адна.

У дзвюх першых бацька — Адам Фёдаравіч Ларкоў, дзве малодшыя — дочкі Ула­дзіміра Канстанцінавіча Палеенкі. Сёння ж ва ўсіх сясцёр прозвішчы розныя. Хіба што дачка-настаўніца Валянціны Адамаўны Падалякінай, якая ўдзельнічала ў сваяцка-педагагічнай размове, таксама Падалякіна: Настасся Аляксандраўна. На здымку са згаданых няма Людмілы Уладзіміраўны Палавой, якая загадвае ў Краснаполлі 3-м дзіцячым садам “Каласок”.

Так што слухаем квартэт…

Мама для пятнаццаці малых

Таццяна Адамаўна Напрэенка, выхавальніца ў 1-м дзіцячым садзе Краснаполля, гаварыла першай. Што ў прафесію ішла праз вясковыя гульні ў школу, што баць­кі жылі ў працы: “Мама ўсё жыццё брыгадзірам у паляводстве і жывёлагадоўлі, на пяць вёсак яна кіравала. Бацька — трактарыст, механізатар. Пяцёра нас у сям’і: брат быў, памёр. Усе ў пасільнай працы па хаце, гаспадарцы, у полі, а зімой старэйшыя дзеці малодшых вучылі: садзімся ўвечары за вялікі стол і пішам, чытаем ці малюем. Помніцца чорна-белы тэлевізар “Гарызонт” і як чакалі казку: глядзелі раз на тыдзень, іншыя дзеці прыходзілі. Мне падабалася з малымі: яны даверлівыя, адкрытыя, радасна глядзяць на свет, чыстыя і шчырыя. І выбрала такую прафесію. Цяпер у мяне 15 дзетак у групе, самыя малыя: ім па 2—3 гадкі”.

Усе чатыры сястры вучыліся ў пачатковай школе ў Гатаўцы, потым — у Мхініцкай сярэдняй, далей — “у Куляшова”: скончылі Магілёўскі педінстытут (а хто і ўніверсітэт) імя А.А.Куляшо­ва. Таццяна Адамаўна ў 1988—1992 гадах асвойвала спе­цыяльнасць “Педагогіка і псіхалогія дашкольнай адукацыі”. Згадвае той час: “Пасля аварыі на ЧАЭС жыхароў нашай вёскі, а яна была ў бок Выд­ранкі, адсялілі: радыяцыя — больш за 65 кюры. І Мхінічы пахавалі, вялікае было сяло за 3 кіламетры ад нас”. Спачатку яна працавала ў школе, стала мамай, прыйшла ў садок: выхавацелем дашкольнай адукацыі. Амаль 30 гадоў і працуе выхавальніцай. Хоць і цяжка, ды цікава. Радуецца, калі яе выхаванцы знахо­дзяць сябе ў жыцці, а ёсць сярод іх урачы, педагогі, юрысты: “І гадоў праз 20 прыходзяць да мяне з удзячнасцю, з кветкамі, шакаладкай. Слёзы ў нас на вачах: родныя людзі! Нядаўна дзве дзяўчыны прыйшлі, прыгажуні ва ўзросце нявест. Гэта кранае да глыбіні душы.

З гадамі я прыйшла да высновы: усе дзеці добрыя — трэба толькі праявіць любоў і вытрымку, да кожнага знайсці падыход. З найменшымі падабаецца мне працаваць, хоць гэта і няпроста: настрой адчуць, зразумець кожнага, увагай сагрэць, пакарміць, носік падцерці, апрануць-пераапрануць… Але затое я штодзень адчуваю сябе вельмі патрэбнай — мамай”.

Дырэктар — дачка брыгадзіра

Пачалі мы з найменшых дзетак — і пойдзем далей па школьных прыступках. Сёстры ж выбралі ў педагогіцы розныя шляхі. У кожнай свая незаменная партыя ва ўяўным квартэце.

Алена Уладзіміраўна Лес­нічэнка — настаўніца пачатковых класаў, і пяць гадоў яна дырэктар Козельскай сярэдняй школы. Найменшая з сясцёр, у іх з Таццянай 10 гадоў розніцы: “І мяне з дзяцінства павяло да такой працы. Садка ў Гатаўцы не было, нас выхоўвалі старэйшыя сёстры. Любімая, асноўная гульня была ў школу. І сваіх лялек за сталом садзілі альбо на крэслы, іншыя дзеці часам збіраліся. Вучылі адно аднаго чытаць, пісаць, лічыць, асвойвалі школьныя парадкі, этыкет. Бацькі ж, хоць і простыя вяскоўцы, давалі навыкі жыцця ў калектыве, закладвалі асновы светапогляду, у якім галоўнае — паважлівае стаўленне да ўсіх людзей, да ўсяго жывога. У нас у сям’і з вялікай павагай ставіліся да настаўнікаў, старэйшыя ўсіх іх называлі на вы, з імем па бацьку. Прыкладам для мяне былі як першая настаўніца Любоў Паўлаўна Праскурская, так і наш родны дзядзька па лініі маці — Іван Іванавіч Банкузаў. Ён доўга ў Мхініцкай школе працаваў, быў дырэктарам. Бацькі, Марыя Іванаўна (у дзявоцтве Банкузава) і Уладзімір Канстанцінавіч Палеенка, шмат сіл прыкладалі, каб нас вывесці ў людзі, даць вышэйшую адукацыю. Заробкі тады нізкія былі, таму дома трымалі вялікую гаспадарку: дзве каровы, шмат свіней, парасят, курэй. З 2 класа кожная прывучалася даіць карову, і ўсе мелі свае абавязкі. Так мама кіравала намі, “раздавала нарад”. Сама ж, бывала ўлетку, на кані ў 6 раніцы з дому — і магла толькі апоўначы вярнуцца. Узімку ж каня ў сані запрагалі. Колькі яе памятаем, так было”.

Праўду кажуць: мы справу робім, а справа робіць нас. Фарміруе звычкі, характар, урэшце — асобу чалавека.

І Марыя Іванаўна інакш не магла, скажуць псіхолагі, сямейнае жыццё ладка­ваць, як па законах калектыўнай гаспадаркі. Ну і педагагічны вопыт Антона Макаранкі, па сутнасці, на тым стаіць: калектыў і пасільная праца. Вядома ж, ухваляюць маміну школу і дочкі: нават голас у яе быў, кажуць, пастаўлены, камандзірскі. Згадваюць весела: “Калі бацька што збіраўся рабіць, то казаў з лёгкім гумарам: а пайду камандзіра паклічу — што скажа”. Таццяна дадае: “У нас Алена і Людміла мамін характар перанялі, яны заканамерна сталі дырэктарамі. А мы з Валянцінай — больш мяккія”. Усе смяюцца, пры тым чую: ну камусьці лёс у калектыве кіраваць — а камусьці трэба ж і выконваць указанні, быць на падхваце.

Школа жыцця ад франтавога радыста

Звернемся да больш складаных прадметаў: матэматыкі, фізікі. Цікава ж раскрываць тэму з розных бакоў! Найстарэйшая з квартэта, Валянціна Адамаўна Падалякіна, працуе настаўніцай матэматыкі ў Яноўскай базавай школе. Аддаючы належнае бацькам, асаб­ліва маці, у выбары прафесіі, згадвае і суседзяў-родзічаў, да якіх дзяўчаткі бегалі глядзець тэлевізар і не толькі: “Гэта былі цётка і дзядзька нашых бацькоў: настаўнікі Антон Сафонавіч Раманенка і яго жонка. Ён — ветэран вайны, настаўнік пачатковых класаў: саджаў ра­зам у Гатаўцы ўсе 4 класы і вёў заняткі. Алена Міхайлаўна выкладала нямецкую мову. Калі мы прыходзілі, то бачылі часам, як яна правярала вучнёўскія сшыткі, памылкі ў іх выпраўляла. Мне тое было вельмі цікава. Мы з настаўнікамі часта гутарылі. Да таго ж у іх была вялізная бібліятэка, і мы бралі кнігі пачытаць”.

Пазней знайшоў я звесткі пра Антона Раманенку ў электроннай базе даных “Мема­рыял”. Ураджэнец вёскі Гатавец Мхініцкага сельсавета, мабілізаваны ў чэрвені 1941 года 23-гадовым, прайшоў праз усю вайну: радыстам, начальнікам радыёстанцый. Паводле дакументаў, гэта быў радыёба­тальён асобнага палка сувязі, ён забяспечваў сувязь для самалётаў. Вярнуўся франтавік дадому ў званні старшыны, меў медалі “За баявыя заслугі” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. Магчыма, недзе ёсць больш звестак пра ветэрана. Можа б варта да чарговага юбілею Перамогі ўшанаваць памяць яго ды іншых педагогаў — удзельнікаў вайны з розных школ раёна? Пакінем пытанне адкрытым.

Валянціна Адамаўна вучылася ў інстытуце ў 1983—1986 гадах, дзялілася ўспамінамі пра тое, як высялялі Гатавец, як хаты, вёску спрабавалі рата­ваць, а ўрэшце пахавалі. У сац­сетцы “Одноклассники” ёсць група былых жыхароў Гатаўца, выпускнікоў Мхініцкай школы. Марыя Іванаўна, якую ведалі, паважалі ў раёне, мела магчымасць выбраць, дзе далей жыць. Паездзіла, паглядзела, у тым ліку і жыллё ў Бабруйску, і вярнулася ў Краснаполле: да землякоў, якіх ведала. Далі дом з участкам, бліжэй да зямлі, кватэру катэгарычна не хацела. 7 гадоў назад яе не стала. Гаспадыняй цяпер у доме Настасся Аляксандраўна: унучка-настаўніца, дачка Валянціны. Пад канец размовы ў настаўніцкай весела тупацела ўжо і чатырохгадовая праўнучка Есенія.

Новае пакаленне выбірае… педагогіку!

Настасся Падалякіна, як і маці з цёткамі, “у Куляшова” вучылася пасля заканчэння Яноўскай базавай школы, ліцэя ў Крычаве.

“Не столькі педагогіка, як матэматыка мяне са школы вабіла, — прызнаецца маладая выкладчыца матэматыкі, фізікі і інфарматыкі Краснапольскай гімназіі, у якой мы, дарэчы, і гутарылі. — Я, можна сказаць, з пялёнак у школе: мяне яшчэ з садка мама на заняткі брала. І вельмі падабалася глядзець, як старшакласнікі малююць прыгожыя кручкі… Ага, інтэгралы розныя! Што хаваць, і мама з мяне матэматыка зрабіла, у школе спуску не давала. Урэшце я вырашыла ў 11 класе пайс­ці ў педагагічную матэматыку, бо там, казалі, тэорыя з практыкай спалучана. Вучылася паспяхова, прапаноўвалі на кафедры застацца — але я адчула, што з дзецьмі мне цікавей. Папрацавала ўжо ў Тур’яўской школе, у дэкрэце падпрацоўвала ў Яноўскай базавай — і вось пасля дэкрэта хутка год як тут”.

З яе яноўскіх аднакласнікаў трое сталі настаўнікамі, прычым у Юліі Васільевай (у замужжы Чыркова) за плячыма цэлая настаўніцкая дынастыя. І Наталля Хомчанка (у замужжы Трыпуз) — з сям’і настаўнікаў.

Жыць у міры і згодзе

Калі ўжо згортвалася размова і ўручаны быў суразмоўніцам прыгожы пернік “Настаўніцкі” для сумеснага частавання, запытаў: ці ўплывае неяк на іх самаадчуванне тое, што жывуць далёка ад цэнтра краіны? Адказы былі: “Мы зусім на тым не засяроджваемся” і “Далей Магілёва я ўвогуле не езджу, і нават пытанняў такіх сабе не задаю”.

Потым усе разам загаварылі пра лета: “Дома нам доб­ра, нікуды больш не хочам! Агароды робім, збіраем грыбы, маліну, чарніцы — ёсць месцы, дзе гэта ўсё чыстае, адпаведныя знакі стаяць”. Што да працы на зямлі, дык Таццяна Адамаўна выказалася за ўсіх: “Мы тое пакаленне, якое гэтую культурную традыцыю продкаў засвоіла, і гэта ў нас важная частка жыцця, адно з задавальненняў, можна ска­заць. Увогуле, паміж намі поўнае паразуменне. Бываюць розныя пункты гледжання на нейкія рэчы, але імкнёмся трымацца разам. Так і мама нас вучыла, нам завяшчала: жыць у міры і згодзе. Мы і збіраемся ў маміным доме: ёсць традыцыі, ёсць па­мяць. І калі якая праца, праблема — заўсёды адно аднаму дапаможам, няхай сабе і добрай парадай, словам падтрымкі. Так што тры­маемся адзіным вузялком”.

Так і жывуць сёстры-педагогі: з задавальненнем, у міры і згодзе. Адзіным вузялком.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара