Першы фестываль лічбавых тэхналогій DigiFEST арганізаваў фізіка-тэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сумесна са сваімі партнёрамі — інжынерна-будаўнічым факультэтам, цэнтрам “Тэхналаб”, Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, асацыяцыяй “Робататэхніка і штучны інтэлект”, школай лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій, кампаніяй EasyCraft і Гродзенскім абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці.
Цікавасць да мерапрыемства была вельмі вялікай — каля 600 удзельнікаў рознага ўзросту. Прыходзілі на фестываль цэлымі сем’ямі, і кожны знаходзіў для сябе цікавы занятак. Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнга каледжа імя І.Шчаснага Аляксандр Жданюк і Яўген Манерка зацікавіліся майстар-класамі, дзе можна было атрымаць уяўленні аб розных ІТ-прафесіях і паспрабаваць сябе ў ролі робататэхніка, тэсціроўшчыка ці распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння, gamedev-спецыяліста ці вэб-дызайнера.
Аб робататэхніцы і яе развіцці ў Беларусі расказаў загадчык лабараторыі робататэхнічных сістэм Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Рыгор Пракаповіч, аб тым, якія кампаніі працуюць сёння у філіяле ПВТ у Гродне, — кіраўнік філіяла Юрый Вайтукевіч. Дырэктар навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ Аляксандр Васілевіч гаварыў аб умовах, якія ствараюцца тут для развіцця лічбавага бізнесу.
— Праводзілі фестываль з мэтай сфарміраваць у дзяцей і падлеткаў ранняе інжынернае мысленне, паказаць кірункі развіцця ІТ і прафесіі, якія будуць запатрабаваныя ў гэтых сферах, магчымасці іх атрымання, — гаворыць дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. — Малодшыя школьнікі змаглі прыняць удзел у майстар-класах па праграмаванні ў асяроддзі RobboScratch, канструявання мадэлей з выкарыстаннем механічных перадач і робата на дыстанцыйным кіраванні, праграмаванні ў асяроддзі RobboJunior, праграмаванні і кіраванні робаплатформай, зборцы мадэлей з канструктара “Займальныя кубікі”, праграмаванні аўтаномнага робата ў асяроддзі Scratch for Arduino, стварэнні праекта разумнага дома з дапамогай лічбавай лабараторыі, зборцы электрычных схем і прылад і малявання 3D-ручкай. Дзеці сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту прынялі ўдзел у майстар-класах па праектаванні і праграмаванні прамысловых робатаў-маніпулятараў і рухомых робатызаваных платформ, праектаванні дадаткаў “Інтэрнэт рэчаў” і работы з платформай “Інтэрнэт рэчаў”, праграмаванні робатаў-маніпулятараў, аўтаматызаванага праектавання, 3D-мадэлявання і 3D-друку, а таксама па праграмаванні і кіраванні беспілотным транспартным сродкам.
Інжынерна-будаўнічы факультэт ГрДУ правёў майстар-клас “ВІМстройВООМ”, на якім былі прадстаўлены тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання ў будаўніцтве.
У рамках фестывалю лічбавых тэхналогій прайшоў абласны этап конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”. Амаль 100 удзельнікаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці ў 10 секцыях прадстаўлялі свае праекты і распрацоўкі. Як адзначыў дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч, такі фармат дазваляе ўдзельнікам фестывалю ўбачыць распрацоўкі юных талентаў і, магчыма, зацікавіцца тэхнічнай творчасцю, а ўдзельнікам “Тэхна інтэлекту” — пабываць на майстар-класах і мерапрыемствах фестывалю DigiFEST.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.