Тэма выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе з дзецьмі дашкольнага ўзросту была ў цэнтры ўвагі пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, якое прайшло ў Оршы. Удзельнікаў мерапрыемства вітаў намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама В.С.Калачоў.
“У Беларусі функцыянуе 3803 установы дашкольнай адукацыі, дзе атрымліваюць адукацыю больш за 435 тысяч выхаванцаў. Колькасць персанальных камп’ютараў у дашкольных установах краіны складае звыш 13 тысяч адзінак — у сярэднім 3 камп’ютары на ўстанову (толькі ў Мінску — 6 камп’ютараў на ўстанову), — расказала галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вера Мікалаеўна Грыбкоўская. — Адукацыйны працэс у дашкольных установах забяспечваюць больш за 56 тысяч педагагічных работнікаў, у тым ліку 36,5 тысячы выхавальнікаў. Сертыфікаты карыстальнікаў ІКТ мае 21% педагагічных работнікаў. Самы вялікі працэнт з дашкольных педагогаў, якія выкарыстоўваюць ІКТ у рабоце з выхаванцамі, у Мінскай вобласці — 36%, менш за ўсё такіх педагогаў у Магілёўскай вобласці — 6,9%. У сярэднім 51% камп’ютараў, якія ёсць у дашкольных установах краіны, маюць выхад у інтэрнэт. Гэты паказчык ніжэйшы, чым па краіне, у Мінску і ў Гомельскай вобласці”.
Для ўкаранення ў практыку новых метадычных напрацовак ва ўстановах дашкольнай адукацыі ёсць 144 інтэрактыўныя дошкі. НІА распрацаваны ЭАР у адпаведнасці са зместам адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей ад 5 да 6 гадоў. Выбар форм, метадаў і сродкаў навучання з выкарыстаннем ІКТ і ЭАР вызначаецца педагогамі самастойна на аснове сфармуляваных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі патрабаванняў да фарміравання ўяўленняў і ўменняў у выхаванцаў з улікам іх узроставых і псіхалагічных асаблівасцей. Пры гэтым выкарыстоўваць ІКТ і ЭАР варта варыятыўна ў спалучэнні з іншымі сродкамі. Асновай для іх прымянення ва ўстанове могуць стаць інфармацыйныя рэсурсы нацыянальнага адукацыйнага партала. З мэтай развіцця інфармацыйнай адукацыйнай прасторы Беларусі, выяўлення распаўсюджання лепшых узораў інавацыйнага вопыту педагогаў, распрацоўкі і выкарыстання ІКТ і ЭАР у адукацыйным працэсе, стварэння ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі педагогаў Міністэрства адукацыі сумесна з НІА праводзіць Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
Важным складнікам з’яўляюцца інтэрнэт-рэсурсы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Пры выкананні работ па распрацоўцы, суправаджэнні, эксплуатацыі і размяшчэнні афіцыйных інтэрнэт-сайтаў варта забяспечыць выкананне патрабаванняў і рэкамендацый нарматыўных прававых актаў. Міністэрствам адукацыі праводзіцца аналіз матэрыялаў, прадстаўленых на сайтах органаў упраўлення адукацыі і ўстаноў дашкольнай адукацыі, выяўляюцца парушэнні.
“Сёння актыўнае развіццё атрымаў штучны інтэлект, праграмнае забеспячэнне “з’ядае” свет, але ніхто не ведае, да чаго гэта прывядзе, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч, намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ. — Мяркуецца, што да 2045 года камп’ютары па сваёй магутнасці будуць адпавядаць чалавечаму мозгу, рабочыя месцы большасці з нас зоймуць робаты, а ў перспектыве штучны інтэлект стане разумнейшым за чалавечы і за кошт здольнасці да саманавучання ён ператворыцца ў суперінтэлект. У яго з’явяцца свае патрэбы і мэты, і, магчыма, ён паспрабуе выкарыстоўваць людзей супраць іх волі. Суперінтэлект можа “захацець” застацца адзіным інтэлектам. Гэты прагноз, апісаны ў кнізе Ніка Бострама “Штучны інтэлект”, з’яўляецца сур’ёзным выклікам не толькі сістэме адукацыі, але і ўсяму чалавецтву, якое павінна трымаць тэхналогіі пад кантролем.
Навучанне дзяцей элементам камп’ютарнай пісьменнасці можа пачынацца ўжо ў дашкольным узросце. З гэтай мэтай ПВТ сумесна з педагогамі-практыкамі прыступіў да распрацоўкі курса “Праграмаванне без разеткі” — сістэмы заняткаў з выкарыстаннем гульняў і гульнявых заданняў для дзяцей дашкольнага ўзросту з выкарыстаннем схем і алгарытмаў выканання дзеянняў. Па сутнасці, заняткі стануць прапедэўтыкай школьнага курса інфарматыкі, будуць накіраваны на развіццё ў дашкольнікаў алгарытмічнага і лагічнага мыслення.
У інфарматыцы ёсць важныя лагічныя аперацыі, якія пры дапамозе гульняў можна зрабіць даступнымі для дашкольнікаў. Для гэтага камп’ютары не патрэбны, педагогі змогуць выкарыстоўваць уласныя падручныя матэрыялы. Зараз распрацоўваецца праект праграмы курса “Праграмаванне без разеткі”, будуць апісаны яго тэмы, адпаведныя гульнявыя матэрыялы педагогі пратэсціруюць у дзіцячых садах. Магчыма, гэта адбудзецца ў рамках эксперыментальнага праекта. Лепшыя гульні, якія будуць пакладзены ў аснову курса, стануць даступнымі для кожнага педагога, які вырашыць праводзіць адпаведныя заняткі”.
“Са снежня 2009 года ва ўпраўленні па адукацыі Аршанскага райвыканкама працуе рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, створаны пры падтрымцы адміністрацыі ПВТ. Ён каардынуе дзейнасць упраўлення і падведамных устаноў па стварэнні адзінага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, — адзначыў начальнік упраўлення Андрэй Уладзіміравіч Загурскі. — Раённай творчай групай намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі Аршанскага раёна быў распрацаваны метадычны праект “Павышаем кваліфікацыю з Google”, накіраваны на павышэнне прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў у міжкурсавы перыяд. Праект прадстаўлены ў выглядзе сайта, які можа быць выкарыстаны ў рабоце як асобнай установы адукацыі, так і метадычных фарміраванняў рознага ўзроўню. Сайт змяшчае інфармацыю з вопыту работы аб выкарыстанні дадаткаў Google ў дзейнасці ўстаноў адукацыі, у рабоце з намеснікамі дырэктараў устаноў Аршаншчыны.
Ва ўсіх адукацыйных установах райцэнтра і ў большасці ўстаноў Аршанскага раёна шырока выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя тэхналогіі. Педагогі праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме, актыўна ўдзельнічаюць у дыстанцыйных семінарах, вэбінарах і канферэнцыях рознага ўзроўню. Вялікая ўвага на Аршаншчыне ўдзяляецца інавацыйнай дзейнасці, у тым ліку ў кірунку выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. У перыяд з 2012 па 2016 год 5 устаноў адукацыі раёна працавалі па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных устройстваў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” (1 вучань — 1 камп’ютар). З 2016 года ў дзвюх установах адукацыі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне электронных адукацыйных рэсурсаў у сістэму карэкцыйна-адукацыйнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.
З 2018 года ў трох установах дашкольнай адукацыі (яслях-садах №№ 1, 44, 46) Оршы вядзецца работа па рэалізацыі абласнога творчага праекта “Укараненне мадэлі “Праграмаванне без разеткі” ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі” пад кіраўніцтвам начальніка аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога ІРА Аляксандра Барысавіча Кандратовіча. Суправаджэнне праекта ажыццяўляе ПВТ. Асноўная ідэя інавацыйнага праекта заключаецца ў тым, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі можна арганізаваць навучанне асновам інфарматыкі і праграмавання без выкарыстання камп’ютараў. Мэтай дадзенай ініцыятывы з’яўляецца ўкараненне мадэлі вывучэння асноў праграмавання без разеткі ва ўстановах дашкольнай адукацыі праз выкарыстанне гульняў з прымяненнем канструктара LEGO і фарміраванне ў выхаванцаў базавых уяўленняў аб інфарматыцы і праграмаванні. У ходзе работы над праектам дашкольнікі вывучаюць элементы інфарматыкі і безмашыннага праграмавання, а таксама асноўныя базавыя структуры праграмавання (лінейныя, разгалінаваныя, цыклічныя алгарытмы).
Яркім прыкладам такой работы стаў інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch, які рэалізоўваўся з 2016 па 2018 год на базе 8 устаноў адукацыі Аршанскага раёна. Дзіцячая IT-акадэмія “КомпАС” была адкрыта на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў красавіку 2016 года пры падтрымцы ПВТ. Сёння ў Аршанскім раёне 48 педагогаў вучаць праграмаванню ў асяроддзі Scratch каля 700 навучэнцаў. Заняткі арганізаваны ва ўсіх гарадскіх і трох сельскіх школах. На базе дзіцячай IT-акадэміі “КомпАС” акрамя праграмавання, навучэнцы вывучаюць сістэмнае адміністраванне, камп’ютарную графіку, займаюцца 3D-мадэляваннем.
З 2016 года актыўна развіваецца робататэхніка. Заняткі па робататэхніцы арганізаваны не толькі ў дзіцячай IT-акадэміі, але і ў 10 установах адукацыі для 160 навучэнцаў. Пра якасць работы, якая праводзіцца, сведчаць шматлікія перамогі нашых навучэнцаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах па праграмаванні ў асяроддзі Scratch і робататэхніцы, а таксама тое, што на працягу трох гадоў у Оршы праводзяцца фіналы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па гэтых кірунках”.
Удзельнікі пасяджэння наведалі заняткі гуртка ў майстэрні тэхнічнага канструявання “Камп’ютар без разеткі” ясляў-сада № 46 Оршы з выхаванцамі 5—6 гадоў і змаглі пераканацца, што асноўныя паняцці інфарматыкі і праграмавання цалкам даступны дзецям дашкольнага ўзросту. Таксама яны азнаёміліся з прынцыпамі складання праграм і асноўнымі канструкцыямі алгарытмічных моў без выкарыстання камп’ютара. У ходзе работы над праектам “Укараненне мадэлі “Праграмаванне без разеткі” ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі” распрацавана перспектыўнае планаванне на год з улікам правядзення заняткаў гуртка 2 разы ў тыдзень. Творчай групай намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці распрацаваны канспекты заняткаў з выкарыстаннем схем і алгарытмаў. Выкарыстанне канструктара LEGO на занятках — універсальны падыход, таму што прадметная дзейнасць дапамагае дзецям асвойваць базавыя паняцці інфарматыкі праз даступны і любімы від дзейнасці. Усе заняткі маюць сюжэт, уключаюць рэфлексіўныя гульні. У выніку рэалізацыі праекта па праграмаванні “без разеткі” будзе створана вучэбна-метадычнае забеспячэнне арганізацыі заняткаў гуртка і распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па распаўсюджанні вопыту ўкаранення мадэлі ў масавую адукацыйную практыку.
Начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі ГІАЦ Міністэрства адукацыі Максім Паўлавіч Багатка раскрыў тэму аптымізацыі рабочых працэсаў у дзіцячым садзе і прадставіў мадэль лічбавага дзіцячага сада, тры складнікі якога — бяспека, аўтаматызацыя кіраўніцкіх працэсаў і алічбоўка вучэбна-метадычнага забеспячэння (распрацоўка сучасных вучэбных матэрыялаў і ЭАР).
Старшы выкладчык кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка Наталля Вячаславаўна Быстракова паведаміла, што ў інстытуце павышэння кваліфікацыі існуюць два кірункі работы па павышэнні інфармацыйнай кампетэнтнасці выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі: у рамках праграм перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” педагогі вывучаюць вучэбную дысцыпліну “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”; у рамках павышэння кваліфікацыі — курс “Камп’ютарныя і інтэрнэт-тэхналогіі ў дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі”. Асноўныя падыходы да навучання выхавальнікаў і спецыялістаў устаноў адукацыі — практыка-арыентаваны і кампетэнтнасны. Галоўныя тэмы, па якіх вядзецца работа, — тэхналогія распрацоўкі вучэбных матэрыялаў сродкамі офісных дадаткаў, глабальная камп’ютарная сетка інтэрнэт і яе выкарыстанне ў адукацыйных мэтах, а таксама інтэрактыўныя сродкі навучання, іх стварэнне і прымяненне.
Пра павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, якія выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў арганізацыі праектнай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту, расказала дацэнт кафедры музыкі педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Юлія Самсонаўна Сусед-Вілічынская. На педагагічным факультэце для гэтага створаны неабходныя ўмовы. Перш за ўсё ёсць камп’ютарныя класы для студэнтаў, студыя гуказапісу з камп’ютарным забеспячэннем, абсталяваная сучаснай апаратурай. Студэнты пастаянна прымаюць удзел у запісе фанаграм для рэалізацыі вучэбных праектаў. Актавая зала ўяўляе сабой інтэрактыўную пляцоўку, якая дазваляе ажыццяўляць канцэртныя праграмы і распрацаваныя студэнтамі праекты. Рэалізаваны цэлы шэраг праектаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: гэта свята вясновага настрою, у тым ліку для дзяцей з АПФР, у рамках адкрыцця тыдня педагагічнага факультэта; праект “Наш дом — наша сям’я, шчасце маё, радасць мая” ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”, а таксама праект “Са спадчынай продкаў — у будучыню”. Сэнс гэтага праекта — азнаёміць дзяцей дашкольнага ўзросту і навучэнцаў пачатковай школы з беларускімі народнымі шумавымі інструментамі як часткай беларускай культуры. У выніку рэалізацыі гэтага праекта былі створаны метадычныя рэкамендацыі “Мы гуляем і спяваем” з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента і аўтэнтычных матэрыялаў Віцебскага рэгіёна.
У ходзе пасяджэння спецыялісты абмяркоўвалі інфармацыйнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Загадчыца ясляў-сада № 111 Віцебска Святлана Леанідаўна Мяснікова расказала пра стварэнне ЭАР для дзяцей у праграмным забеспячэнні RM Easiteach Next Generation. Тэму эфектыўнасці выкарыстання ІКТ пры фарміраванні ў дзяцей культуры энергазберажэння акрэсліла загадчыца ясляў-сада № 24 Полацка Ларыса Леанідаўна Чабаненка. Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў праз ІКТ было ў цэнтры ўвагі загадчыцы ДЦРД № 5 Віцебска Людмілы Аляксандраўны Лагуновай. Пра ўплыў ІКТ на павышэнне якасці адукацыйнага працэсу паведаміла загадчыца ДЦРД Іўя Таццяна Уладзіміраўна Скамарохава.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.