Нядаўна ў Лондане (Вялікабрытанія) адбыўся Сусветны форум міністраў адукацыі (Education World Forum), які з’яўляецца найбуйнейшым глабальным мерапрыемствам у адукацыйнай сферы. У гэтай значнай падзеі прынялі ўдзел амаль 90 краін свету, у тым ліку і Беларусь. Запрашэнне да ўдзелу ў форуме беларускай дэлегацыі паступіла ад міністра ўніверсітэтаў і навукі пры Дэпартаменце па развіцці бізнесу і інавацый Вялікабрытаніі Дэвіда Вілетца. Міністэрства адукацыі Беларусі на сустрэчы прадставіў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
Мэтай Сусветнага форуму міністраў адукацыі стала абмеркаванне перспектыўнай палітыкі ў сферы адукацыі, адаптацыі ўстаноў адукацыі да рынку працы, а таксама абмен міжнародным вопытам па вырашэнні глабальных праблем. У ходзе форуму адбылося абмеркаванне перадавых тэндэнцый развіцця адукацыі ў асобных замежных краінах, пытанняў далучэння навучэнскай моладзі да фарміравання палітыкі і зместу адукацыі, адпаведнасці ведаў і ўменняў патрэбам работадаўцаў, новых кірункаў супрацоўніцтва з бізнесам, узаемадзеяння з навуковай сферай і аналізу стану спраў па павышэнні якасці падрыхтоўкі педагагічных работнікаў і шэрагу іншых пытанняў, якія сёння актуальныя для ўсіх краін свету.
В.В.Якжык прыняў актыўны ўдзел у дыскусіях, якія праходзілі сярод прадстаўнікоў сферы адукацыі краін свету. Ён прадставіў сусветнай грамадскасці вопыт па мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі Беларусі, усталяванні перспектыўных міжнародных кантактаў, якія дазваляюць пашыраць супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі адукацыйнымі ўстановамі для прыцягнення на навучанне студэнтаў. Віктар Віктаравіч азнаёміў замежных калег з новымі тэндэнцыямі і сучаснымі методыкамі падрыхтоўкі педагагічных кадраў, што ў сваю чаргу павінна спрыяць лабіраванню інтарэсаў нашай краіны на сусветным рынку адукацыйных паслуг, стварэнню спрыяльных умоў для інтэграцыі нацыянальнай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору і падтрымцы кандыдатуры нашай краіны на ўступленне ў Балонскі працэс у 2015 годзе на чарговай канферэнцыі міністраў адукацыі.
Віктар Віктаравіч прыняў удзел у рабоце пленарнага пасяджэння Сусветнага форуму міністраў адукацыі і дзвюх тэматычных секцый: “Якім павінен быць сучасны настаўнік: патрабаванні да падрыхтоўкі педагога ў сучасных умовах” і “Нефармальная адукацыя дарослых”.
У рамках форуму намеснік міністра адукацыі Беларусі правёў перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства развіцця чалавечых рэсурсаў і Камісіі ўніверсітэцкіх грантаў Індыі, у ходзе якіх былі абмеркаваны пытанні сумеснага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, магчымасці ўключэння Рэспублікі Беларусь у пералік тых краін, ва ўстановы адукацыі якіх па рашэнні гэтай камісіі накіроўваюцца грамадзяне Індыі на навучанне з улікам выдзялення ўрадавых грантаў. У ходзе размовы Віктар Віктаравіч прадставіў інфармацыю аб магчымасцях атрымання вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі ў Беларусі па розных спецыяльнасцях, у тым ліку на англійскай мове.
Віктар Віктаравіч Якжык у час візіту ў Лондан сустрэўся таксама з кіраўніцтвам сферы адукацыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі для разгляду прадстаўнікамі гэтай краіны праекта Міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. У ходзе размовы прадстаўнікі ПАР прапанавалі наведаць краіну дэлегацыяй рэктараў беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі для азнаямлення з сістэмай адукацыі ПАР.
Намеснік міністра адукацыі правёў перамовы з кіраўніцтвам міжнароднага аўдытарскага агенцтва Cambridge International Examinatiоn па пытаннях магчымага прыцягнення спецыялістаў гэтага агенцтва да правядзення ацэнкі якасці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і арганізацыі адпаведных семінараў для далейшага пазіцыянавання беларускай адукацыйнай сістэмы на міжнароднай арэне. З кіраўніком кангламерату 12 брытанскіх УВА тэхнічнага профілю беларускім бокам абмяркоўваліся пытанні прызнання дыпломаў беларускіх тэхнічных УВА ў Вялікабрытаніі, а таксама магчымасць заключэння адпаведнага пагаднення па выдачы беларускім і англійскім студэнтам тэхнічных УВА двайных дыпломаў.
На парадку дня форуму таксама стаяла пытанне ўзаемадзеяння беларускіх устаноў з каледжам Magna Carta College Oxford. У ходзе перамоў была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб сумесным правядзенні ў нашай краіне міжнароднага адукацыйнага форуму з удзелам вядучых устаноў вышэйшай адукацыі Вялікабрытаніі, краін СНД, Расіі і Беларусі.
Сустракаючыся з прадстаўнікамі адукацыйнай галіны Расійскай Федэрацыі, Літоўскай Рэспублікі Віктар Віктаравіч абмеркаваў пытанні супрацоўніцтва паміж краінамі ў частцы арганізацыі сумесных мерапрыемстваў па тэме развіцця адукацыйнай прасторы і ўмацавання міжуніверсітэцкіх адносін.
Сустрэчы В.В.Якжыка на вышэйшым узроўні ў рамках Сусветнага форуму міністраў адукацыі паспрыяюць усталяванню перспектыўных міжнародных кантактаў у сферы адукацыі, пашырэнню экспарту беларускіх паслуг адукацыі і ў канчатковым выніку дазволяць павысіць імідж Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.
У рамках форуму праводзілася міжнародная выстава дасягненняў у сферы адукацыі.