У падарожжа па Гальшанах

- 10:58Дашкольная адукацыя

З 2015 года Гальшанскі яслі-сад з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі (2015—2020) ”. Патрыятычнае выхаванне ва ўстанове ажыццяўляецца праз усе віды дзіцячай дзейнасці: гульні, заняткі, мерапрыемствы, актыўны адпачынак у розных формах.

Мястэчка Гальшаны славіцца вядомымі ва ўсім свеце гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі: жамчужынамі гісторыі — Гальшанскім замкам і касцёлам, дугой Струвэ — вядомым геадэзічным помнікам, знакамітай жанчынай свайго часу — Соф’яй Гальшанскай, якая дала пачатак роду польскіх каралёў Ягелонаў. Такая багатая гісторыя нашага краю не магла не паўплываць на змест работы ўстановы адукацыі. У кожнай садаўскай групе створаны куточкі “Беларусь — мая Радзіма”, “Мая маленькая радзіма”, у якіх змешчана інфармацыя пра Гальшаны, пра помнікі, памятныя мясціны, ёсць альбомы з фотаздымкамі беларускай прыроды, пейзажамі аграгарадка, аўдыязапісы музычных твораў беларускага фальклору, дыдактычныя гульні “Знайдзі  сцяг і герб Рэспублікі Беларусь”, “Знайдзі сцяг і герб аграгарадка Гальшаны”, “Кветкі нашага краю”, “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, “Свет прадметаў”, “Гістарычныя мясціны Гальшан”, “Здагадайся па апісанні” і іншыя. Распрацаваныя дыдактычныя гульні дазваляюць найбольш поўна рэалізоўваць нацыянальна-рэгіянальны падыход у выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Яны развіваюць цікавасць да мінулага нашай радзімы, далучаюць выхаванцаў да культурнай спадчыны, дапамагаюць захаваць традыцыі і звычаі, прывіць любоў і павагу да народных каштоўнасцей нашага рэгіёна.

На працягу першага года рэалізацыі праекта ў групах былі створаны міні-музеі “Беларуская саломка”, “Беларускі лён”, “Беларускае ганчарства”, аформлены музейны пакой “Сялянская хатка”. Інтэр’ер, прадметы побыту мінуўшчыны дапама­гаюць дзецям зразумець мову гэтых рэчаў, усвядоміць іх культурнае значэнне. Экспанаты музейнага пакоя (вышываныя ручнікі, плеценае з лазы гаспадарчае начынне) прадастаўлены народнымі ўмельцамі Гальшанскага краю. “Падарожжа па Гальшанах” — гэта праект па знаёмстве дзяцей з выдатнымі мясцінамі маленькай радзімы. Па выніках гэтай вандроўкі ва ўстанове створаны стэнд-карта, дзе сабраны ўвесь інфармацыйна-метадычны матэрыял, праз які выхавальнікі знаёмяць дзяцей з інфраструктурай і архітэктурай аграгарадка, фарміруюць у іх любоў да роднай зямлі, яе традыцый, гісторыі. У інфармацыйна-метадычным кабінеце размешчана мультымедыятэка віртуальных музеяў “Мая маленькая радзіма”, “Беларусь — мая Радзіма”, з дапамогай якіх праводзяцца заняткі па азнаямленні выхаванцаў са славутасцямі як Беларусі, так і малой радзімы, з народнымі рамёствамі і з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю ўмельцаў Гальшаншчыны. Прадметна-развіццёвае асяроддзе груп уключае ў сябе элементы, якія садзейнічаюць удакладненню і пашырэнню ўяўленняў дзяцей аб малой радзіме. Выхавальнікамі створаны атрыбуты і абсталяванне для сюжэтна-ролевых гульняў “Мой аграгарадок Гальшаны”, “Раскопкі ў Гальшанах”, “Горад майстроў”. Унесены элементы рэгіянальнага кампанента ў гульні “Кафэ”, “Крама”. Так, у старшай групе для арганізацыі сюжэтна-ролевай гульні “Кафэ” меню аформлена з улікам спецыфікі нашага рэгіёна. Праз гульню выхаванцы адлюстроў­ваюць побыт беларусаў, вучацца беражліва ставіцца да гістарычных помнікаў.

Году малой радзімы прысвечаны міні-праект “Гальшаны — мой любімы край”, распрацаваны педагагічнымі работнікамі нашай установы. Вынікам рэалізацыі праекта сталі складанне комплексу заняткаў, афармленне альбома “Знакамітыя людзі зямлі гальшанскай”, стварэнне віртуальнай экскурсіі “Гальшаны — мястэчка вялікіх здарэнняў”. Гэта напрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца штодзённа. А ў святочныя дні садок прыбіраецца ў каларытнае нацыянальнае ўбранне. У час навагодніх і калядных свят паўсюдна можна ўбачыць навагоднія ўпрыгажэнні з элементамі нацыянальнага дэкору, а з надыходам вясны ёлачкі, навагоднія выставы, гірлянды змяняюцца вясновымі кветкамі, птушкамі, матылькамі, упрыгожанымі азбукай беларускага арнаменту, нацыянальнымі сімваламі. Выхавальнікі вельмі ўдала дадаюць беларускасці штодзённым рэчам. Вабяць вока вырабы з лёну і саломкі, гліны і дрэва. Але самае галоўнае, што кожную хвіліну ў садку гучыць жывое беларускае слова.

Наталля ЭЙДЗЮКЕВІЧ,
выхавальніца Гальшанскага ясляў-сада Ашмянскага раёна.