Учора ў Сямёнавіцкай базавай школе Уздзенскага раёна быў адкрыты камп’ютарны клас. Гэта стала вынікам звароту маладой настаўніцы інфарматыкі Галіны Стараверавай да міністра адукацыі Ігара Карпенкі падчас прыёму грамадзян, дзе яна выказала сваю мару — аснасціць камп’ютарны клас новымі камп’ютарамі, бо са старымі за новымі тэхналогіямі не ўгнацца. Літаральна праз два тыдні яе мара збылася. На адкрыццё новага класа інфарматыкі сабралася цэлая дэлегацыя, уключаючы Вадзіма Богуша, рэктара БДУіР, які выступіў падшэфнай установай. А ўзначаліў дэлегацыю Ігар Карпенка, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Хоць у новым класе ўсяго толькі 7 камп’ютараў, іх хопіць усім, бо класы тут маленькія. Усяго ў школе 74 вучні — з Сямёнавіч і навакольных вёсак. Нягледзячы на гэта, у школе жыццё віруе. Як расказала яе дырэктар Ірына Калоша, у прыватнасці, падтрымліваецца сувязь з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, бібліятэкай Гётэ — і, як вынік, дзіцячыя перамогі на конкурсах ад навукова-практычнага да мовазнаўчага кірунку рознага ўзроўню: ад раённага да рэспубліканскага. Галіна Пятроўна Стараверава, настаўніца інфарматыкі, спадзяецца, што цяпер ім паддадуцца і інфармацыйныя тэхналогіі.
Пакуль дзеці асвойвалі камп’ютарную анімацыю, Ігар Карпенка расказаў:
— Сёння мы адкрываем тут камп’ютарны клас, не таму, што гэта даніна модзе, а таму, што мы сапраўды сур’ёзна займаемся пытаннямі інфарматызацыі і камп’ютарызацыі ва ўстановах адукацыі. Цяпер ідзе маштабны праект па мадэрнізацыі школ, асабліва сельскіх, па пазыцы Сусветнага банка. Акрамя таго, мы распрацавалі канцэпцыю IT-адукацыі, і ў яе межах вядзецца падрыхтоўчая работа па аснашчэнні ўсіх устаноў адукацыі адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі і забеспячэнне тэхналогіямі, якія будуць укараняцца ў адукацыйны працэс і паспрыяюць таму, каб якасць адукацыі павышалася. І мы імкнёмся даць дзецям з сельскіх школ роўныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі.
Напярэдадні лета школьнікі атрымалі ў падарунак камплект розных мячоў, каб і падчас канікул не забываліся пра спорт. Акрамя таго, адбылася цырымонія прыняцця вучняў 4 класа ў піянеры: гальштукі 10 хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі госці школы.
— Напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь ва ўсіх установах адукацыі праходзяць патрыятычныя мерапрыемствы, — абгрунтаваў нагоду для ўрачыстасці Ігар Карпенка. — Мы адсвяткавалі Дзень Вялікай Перамогі, прайшлі сустрэчы з ветэранамі, урокі мужнасці, моладзь актыўна вывучае біяграфіі сваіх сваякоў, дзядоў і прадзедаў у межах акцыі “Беларусь памятае”. І гэтая школа не выключэнне. Мы прыехалі менавіта ў гэтую маленькую школку. Для мяне такія школы асаблівыя. Я сам пачынаў сваю працоўную дзейнасць у падобнай школе на Полаччыне: 17-гадовым юнаком я да арміі цэлы год працаваў піянерважатым, таму для мяне кранальна адчуць такую асаблівую атмасферу. Гэта ў вялікіх школах дзеці часам губляюцца ў вялікіх калектывах, а тут кожнае дзіця навідавоку, настаўнікі кожнага ведаюць і з кожным узаемадзейнічаюць. Акрамя таго, у гэтай школе ёсць пэўныя традыцыі, цікавыя напрацоўкі, у тым ліку ў плане ўзаемадзеяння з бацькамі. У прыватнасці, тата адной з вучаніц — член Саюза мастакоў Беларусі — прадставіў тут сваю выставу і спрыяе мастацкай адукацыі школьнікаў. Гэта немалаважна з пункту гледжання падтрымкі такіх малакамплектных сельскіх школ, — падкрэсліў Ігар Карпенка.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.