У рамках візіту ў Беларусь дэлегацыя Міністэрства адукацыі Кітая на чале з намеснікам міністра адукацыі Цянь Сюэцзюнем наведала Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна і прыняла ўдзел у V пасяджэнні камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Намесніка міністра адукацыі суправаджаў у паездцы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін.
Высокіх гасцей з Паднябеснай віталі ў БрДУ імя А.С.Пушкіна хлебам-соллю і беларускімі песнямі. Пасля знаёмства з выставай вучнёўскіх і студэнцкіх работ, выкананых пад дэвізам “З любоўю да Кітая”, Цянь Сюэцзюнь сустрэўся з беларускімі і кітайскімі студэнтамі, якія вучацца ва УВА горада, і наведаў універсітэцкі Цэнтр па вывучэнні Кітая, на базе якога плануецца адкрыць Інстытут Канфуцыя.
Намеснік міністра адукацыі Кітая выказаў вялікую радасць ад сустрэчы з моладдзю, ад якой залежыць не толькі будучыня ўзаемаадносін у эканамічнай, культурнай і адукацыйнай сферы дзвюх дзяржаў, але і іх росквіт. Мэта візіту кітайскай дэлегацыі — паглыбленне супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, абмеркаванне вынікаў узаемадзеяння і планаў па ім на найбліжэйшы час.
— Беларусь і Кітай маюць доўгую гісторыю дружалюбных і плённых адносін з вельмі добрымі перспектывамі, — адзначыў Цянь Сюэцзюнь. — Адукацыя адыгрывае ключавую ролю ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, наладжванні сяброўскіх зносін паміж студэнцкай моладдзю дзвюх краін, абмене эфектыўным вопытам па розных напрамках дзейнасці. Інстытуты Канфуцыя адкрываюць вялікія магчымасці для тых, хто хоча вывучаць кітайскую мову і культуру. Сёння ва ўніверсітэтах Беларусі атрымліваюць веды каля 3,2 тысячы кітайскіх юнакоў і дзяўчат.
Падчас сустрэчы рэктар Аньхойскага ўніверсітэта Куан Гуанлі, намеснік дырэктара штаб-кватэры Інстытутаў Канфуцыя “Ханьбань” Чжаа Гачэн і рэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна Г.М.Сендзер падпісалі пагадненне аб стварэнні Інстытута Канфуцыя ва ўніверсітэце.
V пасяджэнне камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве праходзіла ў Брэсцкім аблвыканкаме з удзелам міністра адукацыі Беларусі І.В.Карпенкі, рэктараў БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, Бар ДУ і Пале сДУ, начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкага.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк расказаў гасцям пра даўнія партнёрскія сувязі Брэстчыны і Кітая ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, турыстычнай, культурнай і адукацыйнай галіне.
Намеснік міністра адукацыі Кітая Цянь Сюэцзюнь перадаў прывітанне І.В.Карпенку ад міністра адукацыі сваёй краіны, падзякаваў за гасцінны прыём і цікавую праграму і выказаў упэўненасць, што прыгранічны Брэст валодае вялікім патэнцыялам для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы адукацыі.
— Падобныя сустрэчы — добрая платформа для ажыццяўлення сумесных праектаў і ўмацавання стратэгічнага партнёрства на карысць дзвюх краін, — заўважыў Цянь Сюэцзюнь.
З ім пагадзіўся і І.В.Карпенка, які сказаў, што адукацыя дапамагае развіваць кантакты, павышае ўзровень даверу паміж народамі, забяспечвае інтэлектуальнае, культурнае і моўнае збліжэнне паміж краінамі. Без супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы немагчыма ўявіць развіццё паўнацэннага ўзаемадзеяння ў эканоміцы і палітыцы. Рэгулярныя сустрэчы дазваляюць абмяняцца меркаваннямі наконт існуючых і новых дагавораў, сумесных праектаў і ініцыятыў.
— Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў галіне адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з двума міжурадавымі і трыма міжведамаснымі пагадненнямі, — паведаміў І.В.Карпенка. — Паміж беларускімі і кітайскімі ўніверсітэтамі заключана больш за 350 дагавораў аб супрацоўніцтве, у рамках якіх рэалізоўваецца шэраг двухбаковых навуковых і адукацыйных праектаў, праводзяцца акадэмічныя абмены, стажыроўкі і навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў, аспірантаў, навукоўцаў і педагогаў, ствараюцца сумесныя адукацыйныя структуры, арганізоўваюцца канферэнцыі, сімпозіумы, круглыя сталы і семінары навуковага і акадэмічнага характару. Ажыццяўляюцца шматлікія праграмы па вывучэнні кітайскай мовы. Паспяхова рэалізоўваецца праект па аздараўленні кітайскіх школьнікаў у Беларусі і беларускіх школьнікаў у Кітаі. Падпісана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітая аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі і дакументаў аб вучоных ступенях. У планах — далейшае ўмацаванне міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, падрыхтоўка сінхронных перакладчыкаў кітайскай мовы, адпраўка выкладчыкаў беларускай мовы ў кітайскія ўніверсітэты, дзе беларуская мова вывучаецца на ўзроўні спецыяльнасці, адкрыццё кафедраў кітайскай мовы ў рэгіянальных установах вышэйшай адукацыі Беларусі, пашырэнне сумеснай падрыхтоўкі кадраў у галіне культуры і мастацтва (па харэаграфіі, музыцы, выяўленчым мастацтве).
Па выніках пасяджэння было вырашана прадоўжыць выкананне дасягнутых дамоў па развіцці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з улікам зацікаўленасці бакоў на аснове плана работы камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве на 2019—2020 гады. VI пасяджэнне камісіі пройдзе ў наступным годзе ў Кітаі.
Завяршыўся візіт кітайскай дэлегацыі ў Беларусь наведваннем мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і ўскладаннем кветак да Вечнага агню ў гонар 75- годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.