Крок насустрач

- 9:50Актуально, Рознае
У мінулую пятніцу міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч сустракаўся з паслом Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь Давідам Катарыя. Сустрэча праходзіла ў Міністэрстве адукацыі.

У ходзе размовы Давід Катарыя адзначыў, што грузінскі бок высока цэніць ужо існуючыя адносіны, а таксама зацікаўлены ў іх пашырэнні і паглыбленні. У сваю чаргу Сяргей Маскевіч запэўніў госця, што ў пашырэнні супрацоўніцтва зацікаўлены і беларускі бок, таму ў будучым могуць быць падпісаны адпаведныя пагадненні.
У прыватнасці, як адзначыў пасол Грузіі, іх краіну цікавяць спецыялізацыі, якія існуюць у беларускіх установах вышэйшай адукацыі, а таксама сістэма прафесіянальнай адукацыі.
— У свой час усе маладыя людзі Грузіі імкнуліся атрымаць выключна вышэйшую адукацыю. Але наша краіна імкліва развіваецца, таму цяпер на рынку працы адчуваецца недахоп кваліфікаваных рабочых, — заўважыў пасол Грузіі.
Сяргей Маскевіч выказаў гатоўнасць прыняць сваіх грузінскіх калег у любы зручны для іх час і прадэманстраваць нашы адукацыйныя дасягненні.
— Восенню ў нашай краіне будзе праходзіць з’езд настаўнікаў. Было б выдатна, каб у ім прынялі ўдзел і прадстаўнікі грузінскай сістэмы адукацыі. Нам ёсць чым дзяліцца, але разам з тым цікавым з’яўляецца і ваш вопыт, — адзначыў міністр, звяртаючыся да пасла.
На сённяшні дзень узаемадзеянне адукацыі Грузіі і Беларусі найбольш яскрава прадстаўлена ў межах праекта “Тэмпус”, але, як заўважыў Сяргей Маскевіч, хацелася б выбудаваць такую сістэму супрацоўніцтва, каб яна існавала як мага больш працяглы час і была больш канкрэтнай і прадметнай. Канечне, у першую чаргу гэта датычыцца кантактаў паміж універсітэтамі. Разам з тым наладжванне партнёрскіх адносін на школьным узроўні таксама будзе карысным.
У сваю чаргу Давід Катарыя адзначыў, што для таго, каб задаць імпульс развіццю і рэалізацыі партнёрскіх кантактаў, неабходна развіваць сетку адукацыйных прадстаўніцтваў: грузінскіх у Беларусі і беларускіх у Грузіі.
У канцы сустрэчы пасол Грузіі і міністр адукацыі Беларусі адзначылі, што абодва бакі поўнасцю гатовы да таго, каб педагагічныя і навуковыя супольнасці Грузіі і Беларусі не проста зрабілі крок насустрач адна адной, а працавалі разам над агульнымі праектамі.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.