Праекты, якія робяць навуку займальнай, — трэнд. З’яўляюцца інтэрактыўныя падручнікі, гульні становяцца часткай урокаў, адкрываюцца шматлікія музеі навукі, цэнтры эксперыментаў і лекторыі з яскравымі дэманстрацыямі доследаў. Бацькі ахвотна прыводзяць туды дзяцей, каб прывіваць цікавасць да фізікі і хіміі.
Edutainment сапраўды дапамагае матываваць вучняў і падтрымліваць іх увагу. Але карысны ён толькі тады, калі ёсць моцны адукацыйны элемент, а сцэнарый заняткаў прадуманы так, каб дзеці не толькі здзіўляліся прыгожым эксперыментам, але і запаміналі базавыя навуковыя паняцці, прынцыпы, законы.
Знайсці залатую сярэдзіну паміж шоу і навукай паспрабавалі ў Вілейскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе ўжо два гады працуе праект “Планета навуковых цудаў”. Што з гэтага атрымалася, расказалі метадыст цэнтра Вольга Вячаславаўна Шостак і яго выхаванец вучань 11 класа сярэдняй школы № 3 Вілейкі Мікіта Абрамчук.
— Я захапілася ідэяй навуковых эксперыментаў тры гады назад, калі да нас у цэнтр прыехаў, каб расказаць дзецям пра навуку, старшыня Цэнтра маладзёжных інавацый Уладзімір Уладзіміравіч Казбанаў, — пачала аповед Вольга Вячаславаўна. — Пасля яго выступлення захацелася зрабіць нешта простае і цікавае пра навуку для дзяцей нашага горада. Бо калі ў Мінску ёсць музеі навукі і навуковыя шоу, то ў Вілейцы нічога падобнага няма.
Са знойдзеных у інтэрнэце простых эксперыментаў і пачалося аб’яднанне па інтарэсах “Займальныя доследы”, на якім вучні 4 класа, яшчэ не знаёмыя з фізікай і хіміяй, выказвалі свае першыя гіпотэзы і правяралі іх эксперыментальна. Галоўнае правіла, якое сфармулявала для сябе Вольга Вячаславаўна: “Навука — гэта цікава, даступна і бяспечна”. Педагог адбірала доследы, якія можна паўтарыць без лабараторыі і дарагіх кампанентаў (з падручнага матэрыялу, як аказалася, можна зрабіць вельмі шмат дэманстрацый).
— Спачатку мы ставілі і абмяркоўвалі доследы толькі на занятках, але хутка гэтага стала недастаткова, — расказвае педагог. — Дзецям мала проста навучыцца нешта рабіць, ім вельмі важна паказаць свае новыя навыкі іншым. Таму ў Міжнародны дзень навукі мы ўпершыню прыйшлі ў школу з навукова-пазнавальнай праграмай “Навука — гэта цікава”. Хаця гэта быў наш першы вопыт, але такога захаплення ў дзіцячых вачах я не бачыла даўно. Думаю, ім спадабаліся не толькі самі эксперыменты, але і інтэрактыўнасць праграмы: падчас кожнай дэманстрацыі хто-небудзь з гледачоў станавіўся асістэнтам і дапамагаў.
З таго часу выхаванцаў аб’яднання з іх яскравымі эксперыментамі сталі запрашаць у школы і лагеры.
— Калі ў наступным годзе школьнікі прыйшлі на дзень адкрытых дзвярэй у цэнтр і мы сталі дэманстраваць свае доследы, аказалася, што многія ім ужо вядомы, — узгадвае Вольга Вячаславаўна. — І гэта стала новым выклікам. Захацелася стварыць штосьці больш цікавае, мы пачалі думаць, у якім напрамку расці.
З праектам “Планета навуковых цудаў” каманда падала заяўку на конкурс Social Weekend 10. Да Вольгі Вячаславаўны далучыліся педагог цэнтра Вольга Сяліцкая і Мікіта, які тады вучыўся ў 9 класе і толькі пачаў займацца ў аб’яднанні, а таксама Марк Новаш.
— Мы не прайшлі ў асноўны конкурс, але праект спадабаўся арганізатарам, нам прапанавалі разам з іншымі ўдзельнікамі прайсці трэк навучання, — працягвае Мікіта. — Мы рэгулярна прыязджалі на заняткі, брэйнштормілі, працавалі над праектам, удасканальвалі ідэю. Дзякуючы гэтаму, у праекта з’явілася свая старонка ва “УКантакце”, там мы сталі расказваць пра доследы, здымаць іх на відэа. Мы і цяпер развіваем гэты напрамак: дасылаем свае ролікі на беларускія і расійскія конкурсы.
Ды галоўнае, што ў праекта з’явілася дакладная траекторыя развіцця. Наступным крокам стаў вілейскі раённы конкурс папулярызатараў навукі NAUKA+, арганізаваны пры падтрымцы беларускай асацыяцыі “Конкурс”. Удзельнікі падрыхтавалі вершы і прозу, крыжаванкі, філворды, рэбусы, малюнкі пра навуку, прэзентавалі свае ролікі з навуковымі эксперыментамі і аповедамі пра сваю школу. Асобную намінацыю “Гаджэты — сябры ўрока” вылучылі для настаўнікаў: педагогі расказвалі, як праводзяць заняткі з дапамогай тэлефонаў, каб навучыць дзяцей разумна карыстацца гаджэтамі.
— Мы хацелі паказаць, што навука — гэта не толькі складаная тэорыя і высокія тэхналогіі, — акцэнтуе ўвагу Вольга Вячаславаўна. — Навука цесна звязана з мастацтвам і ахоплівае ўсё, што вакол нас.
У гэтым годзе з’явіўся яшчэ адзін конкурс — “Кірмаш займальных эксперыментаў”. Дзеці з розных школ горада сабраліся ў гарадскім парку, каб паказваць і тлумачыць адно аднаму цікавыя эксперыменты. Фармат настолькі спадабаўся ўдзельнікам, што на вялікіх гарадскіх святах і фестывалях усё лета з’яўлялася інтэрактыўная пляцоўка з навуковымі дэманстрацыямі ад праекта “Планета навуковых цудаў”.
Мінулы навучальны год увогуле стаў вельмі прадукцыйным для праекта. Вілейскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі паўдзельнічаў у конкурсе асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” “Хачу вучыцца ў STEM-класе” і выйграў спецыяльны прыз — 11 планшэтаў. Так у маленькіх эксперыментатараў з’явіўся свой STEАM-цэнтр.
Адначасова Мікіта прадставіў праект на Рэспубліканскім конкурсе velcomYOUTH і прайшоў у фінал. Гэта дало магчымасць зноў вучыцца, раіцца з ментарамі, знаходзіць новыя ідэі. У межах конкурсу Мікіта разам мз Львом Шостакам навуковую праграму для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
— Гэта, напэўна, наша галоўная парада для ўсіх, хто хоча развіваць адукацыйныя праекты: удзельнічайце ў конкурсах, падавайце заяўкі на гранты, шукайце магчымасць вучыцца, — падсумоўвае Мікіта.
Падтрымлівае яго ідэю і Вольга Вячаславаўна. Яна нядаўна стала ўдзельніцай летніка “Настаўнікі для настаўнікаў”, куды таксама адправілася ў пошуку новага натхнення. У выніку своеасаблівыя філіялы праекта ў наступным навучальным годзе з’явяцца ў Лагойску і Бабруйску. Там адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах будуць развіваць настаўніца пачатковых класаў лагойскай сярэдняй школы № 1 Святлана Іванюшына і настаўніца фізікі гімназі №1 Бабруйска Таццяна Багдановіч. Дарэчы, калі ў вас ёсць жаданне арганізаваць такое аб’яднанне ў сваёй навучальнай установе, звяртайцеся да Вольгі Вячаславаўны па дапамогу.
Нарэшце, каб рухаць праект наперад, рабіць больш складаныя доследы, распрацоўваць нестандартныя заняткі і навуковыя праграмы, каманда “Планеты навуковых цудаў” запусціла краўдфандынгавую кампанію на Ulej.by. Любы ахвотны можа падтрымаць праект і атрымаць ад яго аўтараў прыемныя падарункі — электронныя зборнікі рэцэптаў і інструкцый да самых цікавых эксперыментаў гэтай незвычайнай лабараторыі.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва герояў.
Якой павінна быць дэманстрацыя доследаў
Калі на пляцоўцы “Планеты навуковых цудаў” паказваюць эксперымент, то гэта найперш пазнавальныя заняткі, і толькі пасля займальнае шоу. Каманда праекта лічыць, што прывучаць дзяцей да таго, што іх будуць забаўляць, вельмі шкодна. Таму непасрэдна эксперымент — самая кароткая частка выступлення. Пасля дэманстрацыі нестандартнай з’явы ці працэсу вядучы, калі магчыма, прапануе гледачам паўтарыць яго самастойна — гэта дапамагае прыцягнуць увагу аўдыторыі.
— А пасля пачынаецца самае важнае, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Вядучы задае шмат адкрытых пытанняў: “Што вы назіралі? Што адбылося? А як такое можа быць?” Важна, каб пытанні былі менавіта адкрытыя, бо закрытыя звычайна падказваюць, падштурхоўваюць да правільнага адказу, а адкрытыя прымушаюць разважаць, шукаць ідэі. Часта дзеці дастаюць тэлефон і пачынаюць гугліць. Гэта таксама добра: так яны атрымліваюць навыкі пошуку. Калі дзіця само знойдзе адказ, яно запомніць яго надоўга.
Асабліва важныя пытанні “Дзе вы яшчэ маглі гэта ўбачыць? Што ёсць падобнае ў прыродзе? У тэхніцы?”. Яны дапамагаюць звязаць эксперымент з рэальным жыццёвым вопытам, са знаёмымі паняццямі.
— Калі мы дэманструем дослед з папяровай кветкай, якая распускаецца, калі пакласці яе на ваду, — прыводзіць прыклад педагог, — мы разважаем пра капілярнасць і праводзім аналогію з сапраўднымі кветкамі пасля дажджу. Так знаёмы вобраз і эмоцыі ад шоу дапамагаюць запомніць новае паняцце.
Навуковую праграму не пакажаш двойчы ў адной аўдыторыі. Як паказала практыка, дзеці помняць пабачаны эксперымент і праз год. Другое жыццё дослед можа атрымаць толькі тады, калі вучань з гледача ператварыўся ў выступоўцу.
— Мы так часта робім на занятках аб’яднання. Калі адзін вучань захварэў і прапусціў, то іншыя могуць паказаць яму, чым мы займаліся, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Пры гэтым я нічога не нагадваю і не падказваю.
Замацаваць веды дапамагае любая работа рукамі. Абмеркаваўшы эксперымент, выхаванцы гуртка майструюць, малююць, складаюць нешта, звязанае з тэмай заняткаў.
— Падчас гэтага трэба проста пагутарыць з дзецьмі, — тлумачыць педагог. — Бо перш за ўсё яны прыходзяць у дадатковую адукацыю за ўвагай. У мяне займаліся дзве сяброўкі, якія прыйшлі вельмі ціхімі і сарамлівым дзяўчынкамі, а ўжо ў канцы навучальнага года пачалі самі праводзіць эксперыменты на публіцы. Такія перамены натхняюць!