Тамара Пятроўна Шылёнак у сярэдняй школе № 2 Глыбокага працуе амаль 40 гадоў. І ўвесь гэты час прывівае вучням любоў да роднай мовы і свайго краю. Яна пераканана, што калі працуеш шчыра і самааддана, то дзеці палюбяць твой прадмет і на ўрокі будуць ісці з ахвотай.
Сілу такога пераканання ў свой час Тамара Пятроўна адчула на сабе, калі была вучаніцай. Сваю школьную настаўніцу мовы і літаратуры Інесу Фёдараўну Карэўскую (цяпер жыве ў Оршы) Тамара Пятроўна заўсёды ўспамінае з падзякай, бо яна змагла настолькі захапіць юную Тамару, што тая стала настаўніцай. Свой уклад у педагагічны лёс маёй гераіні ўнесла і настаўніца геаграфіі Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева, заслужаны настаўнік Беларусі, якая значна пашырыла геаграфічныя і жыццёвыя гарызонты Тамары Пятроўны.
Нягледзячы на цяжкасці і жыццёвыя праблемы, у школу Т.П.Шылёнак заўсёды прыходзіць з задавальненнем. За час работы змянілася некалькі пакаленняў вучняў, але ўсе яны былі і застаюцца шчырымі на эмоцыі людзьмі. Кожнае дзіця — гэта цэлы свет, які, магчыма, адразу і не ахопіш. Але ж гэта так цікава і захапляльна — адкрываць дзіцячы свет, дапамагаць спасцігаць новае, ды і самому вучыцца. Так, цяперашнія вучні вельмі мабільныя і тэхнічныя, у іх ёсць чаму павучыцца. І Тамара Пятроўна карыстаецца такой магчымасцю.
“Урокі Тамары Пятроўны багатыя па змесце, разнастайныя па форме і метадах навучання, адрозніваюцца творчым характарам. Сваю работу будуе на прынцыпах педагогікі супрацоўніцтва, улічваючы індывідуальныя асаблівасці, інтарэсы і схільнасці вучняў. Пастаянна імкнецца развіваць іх творчыя здольнасці. Паспяховай рабоце настаўніцы спрыяе прадуманасць планавання не толькі ўрока, але і ўсёй сістэмы ўрокаў па тэме. Асаблівасць яе ўрокаў — плённая праца ўсіх навучэнцаў. Дасягаецца гэта дзякуючы выкарыстанню рознаўзроўневых заданняў, памятак, схем, табліц, кластараў і г.д.”, — расказала дырэктар школы Жанна Афанасьеўна Кандрацьева.
Тамара Пятроўна з 2016 па 2018 год прымала ўдзел у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей вучняў ва ўмовах профільнага навучання”. Сваімі напрацоўкамі актыўна дзялілася на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Народная асвета”, праводзіла ўрокі для дарослых, выступала на навукова-практычных канферэнцыях. “Мне вельмі падабаецца метапрадметнае навучанне, бо яно спрыяе актыўнасці дзяцей на ўроку. Мне здаецца, што за метапрадметным навучаннем будучыня”, — заўважыла настаўніца.
Тамара Пятроўна — апантаны краязнавец, на сваіх уроках фарміруе ў вучняў патрыятычныя пачуцці, мэтанакіравана развівае нацыянальную самасвядомасць, выхоўвае павагу да багатай беларускай культуры, гісторыі і літаратуры. Яе ўрокі мовы — гэта своеасаблівыя даследаванні, на якіх вучні вызначаюць, ці быў Францыск Скарына ў Глыбокім, а Вішнёвы фестываль праходзіць толькі ў Глыбокім ці не?
“Нядаўна вывучалі Максіма Гарэцкага, дык высветлілі, што ён быў у Глыбокім падчас Першай сусветнай вайны. Дзесяцікласнікі былі ўражаны. Калі вывучалі Уладзіміра Караткевіча, таксама праводзілі даследчую работу. У нас нават ёсць верш, напісаны рукой Караткевіча. Датуецца 1967 годам. Артыст тэатра Алесь Лабанок адзначыў, што гэты верш быў напісаны ў 1975 годзе, а мы даказалі, што раней, прад’явіўшы арыгінальны рукапіс (Караткевіч заўсёды пісаў толькі чорным чарнілам). Уладзімір Караткевіч бываў у Глыбокім не раз. Ён жа знайшоў у нас магілу Ігната Буйніцкага, пісаў пра наш дэндрапарк, ведаў дачку Вацлава Ластоўскага, якая таксама з нашай глыбоцкай зямлі. Веданне такіх фактаў дабаўляе цікавасці і гордасці за малую радзіму нашым вучням”, — падзялілася Тамара Пятроўна.
Настаўніца вядзе сістэматычную і мэтанакіраваную пазакласную работу з навучэнцамі па падрыхтоўцы да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Яе вучні — пераможцы раённых, абласных конкурсаў даследчых работ. Тамара Пятроўна і сама займаецца даследаваннямі. На рэспубліканскіх чытаннях, прысвечаных Дню пісьменства і друку ў 2014 годзе, прадстаўляла сваю работу “К.Дуж-Душэўскі — асветнік і гуманіст”.
Нядаўна разам з унучкай яна склала свой радавод да шостага калена. Сямейныя даследчыцы высветлілі, што ў іх родзе былі дзве сястры — мастачкі-самавучкі, з якімі сябраваў Язэп Драздовіч. Самі яны пісалі абразы (некаторыя вісяць у глыбоцкай царкве), але да гэтага часу захаваўся і дыван, зроблены імі ў духу творчасці Драздовіча. Дарэчы, дачка маёй гераіні — настаўніца малявання. Генетычны код працуе.
Пад кіраўніцтвам Тамары Пятроўны ў свой час у школе быў адкрыты літаратурна-краязнаўчы музей “Літаратурная Глыбоччына”, у якім сабраны багаты матэрыял пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры Глыбоцкага краю: Я.Пачопку, П.Мядзёлка, А.Дубровіча, Вацлава Ластоўскага, А.Жыгунова, М.Баравік, І.Жарнасек і інш. Матэрыялы школьнага музея (больш за 400 экспанатаў) перададзены ў дзяржаўны музей Глыбокага.
Т.П.Шылёнак удзельнічала ў стварэнні кніг пра Глыбоччыну “Пралеска сіняй Беларусі”, “Памяць. Глыбоцкі раён” (1-е выданне) для факультатыўнага курса “Мой край Глыбоччына”. Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства народнай адукацыі БССР, граматамі Міністэрства адукацыі, аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.






