У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі завяршыўся Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў “Ты ў эфіры!”. Адбор фіналістаў доўжыўся ўсю восень і праходзіў сярод тых дзяцей, якія асвойваюць журналістыку ў школах і ўстановах дадатковай адукацыі краіны. У выніку ў фінальны эфір трапілі 30 чалавек. Сваіх уладальнікаў знайшлі ўзнагароды ў 4 намінацыях: “Друкаваны матэрыял”, “Сацыяльная сетка”, “Фотарэпартаж” і “Відэаматэрыял”.
Надзея Васільчанка, дырэктар НЦМТДіМ, вітаючы пераможцаў, падкрэсліла важнасць выбранай імі сферы. Яна адзначыла, што можна шмат чаго цікавага рабіць, напрыклад, у межах дзейнасці маладзёжных парламентаў, але гэта будзе малаэфектыўна, калі пра гэта ніхто не ведае. Вось чаму так важна жаданне юных журналістаў падмеціць цікавыя падзеі і ўменне расказаць пра іх у сваіх матэрыялах, фотаздымках, відэароліках. Асабліва прыемна, адзначыла Надзея Васільеўна, назіраць, як з кожным годам усё “маладзеюць” удзельнікі, бо дзеці з маленства вучацца выказваць сваю пазіцыю, свой погляд, гэта дарагога каштуе.
Марына Батвіноўская, настаўніца рускай і беларускай мовы Гудзевіцкай сярэдняй школы: “Я сама марыла некалі стаць журналістам, усё дзяцінства пісала матэрыялы для дзіцячых газет, як лепшы юнкар была ўзнагароджана паездкай у “Зубраня”, але кафедра журналістыкі была толькі ў Мінску, а кідаць свае Гудзевічы і ехаць вучыцца ў сталіцу я пабаялася, таму цяпер маю мару ажыццяўляюць мае навучэнкі”.
Сёлета самаму юнаму журналісту — Мікіту Пратасевічу з гімназіі Мсціслава — усяго толькі 9 гадоў. Ён з камандай аднадумцаў-гімназістаў перамог у намінацыі “Сацыяльная сетка”. 2-е месца дасталася Канстанціну Пратапопаву з Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка. 3-е месца падзялілі паміж сабой Дзіяна Сініцкая з сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай (Полацк, Віцебская вобласць) і Лізавета Цвілік з Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча (Смалявіцкі раён Мінская вобласць).
У намінацыі “Відэаматэрыял” пераможную тройку ўзначаліў Савелій Прохараў з сярэдняй школы № 3 Кобрына (Брэсцкая вобласць). На другой прыступцы размясціўся творчы калектыў студыі журналістыкі з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. 3-е месца журы прысудзіла навучэнцам Чачэрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці.
Школьнае тэлебачанне пліскай школы хоць і трансліруецца ў маштабах адной школы, прафесіяналізм яго “супрацоўнікаў” не ўступае прафесійным калегам сярод дарослых. Інтэрв’ю, школьныя эксперыменты, навіны, даследаванні сталі не толькі спосабам упрыгожыць школьнае жыццё, але і першым крокам у прафесію. Сёння ўжо некалькі выпускнікоў гэтай школы працягваюць сваю кар’еру на дзяржаўных тэлеканалах.
У намінацыі “Фотарэпартаж” 1-е месца дасталася Наталлі Раманавай з Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці (Столінскі раён). Дыплом ІІ ступені павёз дадому Ігар Гур’еў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска. 3-е месца — у Ганны Антановіч з Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага (Брэсцкая вобласць).
У намінацыі “Друкаваны матэрыял” перамогу атрымала Лізавета Тумчонак з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
2-е месца заняла Карына Цыдзік з Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. 3-е месца падзялілі паміж сабой Аляксей Навумаў з сярэдняй школы № 5 Рагачова (Гомельская вобласць) і Дзмітрый Шуйскі з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дарэчы, за 7 гадоў існавання ў Полацкім РЦДіМ студыі журналістыкі “Медыя-Мікс” (кіраўнік Наталля Сляпцова) ужо некалькі яе навучэнцаў прымалі віншаванні з перамогай у фінале і 15 чалавек ужо атрымалі ці атрымліваюць цяпер прафесійную адукацыю журналіста.
Аляксандр Кузьміч з Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці ўсяго першы год вучыць сваіх навучэнцаў глядзець на свет праз аб’ектыў і паказваць хараство навакольнага свету тым, хто яго не заўважае. Першую гучную перамогу яго вучаніцы Наталлі Раманавай прынеслі фота родных гарадскіх краявідаў.
Але не столькі ўзнагароды і прызы вабілі юных канкурсантаў, колькі магчымасць дакрануцца да прафесіі сваёй мары падчас насычанай адукацыйнай праграмы, якую для іх падрыхтавалі арганізатары. Так, падчас бліцстажыровак ад членаў журы школьнікі змаглі сустрэцца са спецыялістамі ў сферы, адпаведнай іх намінацыі. Прызёры намінацый “Відэаматэрыял” і “Сацыяльная сетка” адправіліся на тэлеканал АНТ, лепшыя карэспандэнты пазнаёміліся з работай рэдакцыі “Пераходны ўзрост”, а фатографы ўдасканальвалі сваё майстэрства падчас майстар-класа ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Кацярыны КАВАЛЕНКА.