Пра Беларусь юным беларусам

- 16:04Актуально, Рознае
У рамках акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, якая праводзіцца ў краіне з 10 па 15 сакавіка, 14-гадовыя хлопцы і дзяўчаты ва ўрачыстай абстаноўцы атрымліваюць ад вядомых людзей, ветэранаў, прадстаўнікоў органаў улады не толькі свой галоўны жыццёвы дакумент — пашпарт, але не менш каштоўнае выданне “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло ў чацвер у гімназіі № 75 імя П.В.Масленікава Мінска для навучэнцаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы.

Прыгожа ілюстраваная, у цвёрдай вокладцы, на якаснай паперы кніга з’яўляецца своеасаблівай прэзентацыяй Беларусі для юных беларусаў. Акрамя інфармацыі пра пашпарт, Канстытуцыю, на глянцавых старонках выдання размешчана інфармацыя пра тэрытарыяльнае дзяленне краіны, асаблівасці яе геаграфіі, раслінны і жывёльны свет, геральдыку, сацыяльную структуру грамадства, сістэму адукацыі, дзяржаўную маладзёжную палітыку, традыцыйныя каштоўнасці беларусаў. Таксама з кнігі можна атрымаць цікавую інфармацыю аб прадстаўніках іншых народаў, што пражываюць ад Брэста да Віцебска. Пры гэтым тэкст суправаджаецца выказваннямі знакамітых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў.
Арыгінальнымі з’яўляюцца і мультымедыйныя дадаткі да выдання “Я і Закон”, “Шэдэўры культуры Беларусі”. На першым дыску сабрана прававая інфармацыя, другі дыск знаёміць з выдатнымі творамі выяўленчага мастацтва, архітэктуры, музыкі, створанымі нашымі славутымі землякамі.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.