Мужчынская стыхія

- 10:52Гомельшчына

Гомельскі аўтамеханічны каледж — самы буйны ў рэгіёне. Такім ён стаў пасля аб’яднання з політэхнічным ліцэем. У каледжы няма завочнага аддзялення. Усе вучацца вочна, а гэта амаль 1100 чалавек. Сярод іх дзяўчат усяго толькі каля 40. Напэўна, гэта заканамерная лічба, бо тэхніка і аўтамабілі, а дакладней іх начынне, — гэта ўсё ж мужчынская стыхія.

Дырэктар каледжа Генадзь Васільевіч Казлоў.

У каледжы нас сустракалі практычна адны мужчыны. Хаця дырэктар навучальнай установы Генадзь Васільевіч Казлоў знаёмст­ва са сваёй гаспадаркай пачаў з дасягненняў педагогаў-жанчын. Метадыст Наталля Іванаўна Жукава прадставіла праект па астрафізіцы і астраноміі, які на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” заняў другое месца. Яго распрацавала выкладчыца фізікі Аляксандра Аляксандраўна Адамовіч. Праект “Фізіка. Астраномія” вельмі дапамагае ў адукацыйнай дзейнасці, а менавіта разнастайвае вучэбныя заняткі.

“Каб навучэнцам было цікавей і карысней звяртацца да сваіх мабільных прыстасаванняў, распрацавала спецыяльны сайт, які адкрываецца ў браўзеры (знаходзіцца ў вэб-версіі). Каб пашырыць магчымасці сайта, я распрацавала вэб-дадатак. Увогуле на сваіх занятках выкарыстоўваю шмат інтэрактыву: відэалекцыі, дэманстрацыйнае відэа. Асобна хачу спыніцца на віртуальнай рэальнасці, якую таксама выкарыстоўваю ў рабоце з навучэнцамі. Акрамя таго, каб зацікавіць сваім прадметам, шмат заданняў мае навучэнцы прыдумваюць самі”, — расказала Аляксандра Аляксандраўна.

Яшчэ адзін праект педагога — “Культура. Спадчына. Памяць” — таксама з’яўляецца пераможным. Ён складаецца з трох раздзелаў: “Адзінства славянскага народу”, “Малая радзіма”, “Ваенны альбом”, які прадстаўлены старонкай памяці беларусам — героям Вялікай Айчыннай вайны. Гэта тры сайты, якія знаходзяцца ў адной абалонцы і якія прызваны даць не толькі веды, але і разуменне такога паняцця, як спадчына (агульная і прыватная). Увогуле ў каледжы наладжана сістэмная работа па выхаванні маладога пакалення. І найперш яна заснавана на фарміраванні галоўных чалавечых каштоўнасцей: узаемапавагі, шанавання памяці герояў вайны і мірнага жыцця, захавання памяці продкаў і культурных традыцый.

Каледж быў заснаваны 1 лістапада 1954 года як ТУ-3 з мэтай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў па металаапрацоўцы для Гомсельмаша. На працягу ўсёй сваёй гісторыі навучальная ўстанова была пастаяннай удзельніцай розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, выстаў навукова-тэхнічнай творчасці моладзі, дзе неаднаразова займала прызавыя месцы і была адзначана граматамі і дыпломамі. Але поспех не прыходзіць сам па сабе. За ім — праца ўсяго калектыву. У практыцы работы выкладчыкаў — актыўныя формы правядзення заняткаў, нетрадыцыйныя формы правядзення ўрокаў, прадметныя тыдні.

Асобным пунктам ідуць спартыўныя дасягненні. Навучэнцы каледжа штогод удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах па розных відах спорту. І штогод з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскага ўзроўню. Асобна хочацца спыніцца на лыжаролерных дасягненнях. Тут у каледжы маюць двайны поспех: як у саміх спаборніцтвах, так і з набыццём інвентару. Перамагаюць навучэнцы на ўласных ролерных лыжах. Так, спартсмены-тэхнары майструюць сабе лыжаролеры самі.


Асаблівае ўражанне на мяне і маіх калег аказала выстава “Займальная навука”, экс­панаты якой навучэнцы каледжа таксама зрабілі самі. Выстава інтэрактыўная, тут усё можна браць у рукі, запусціць, прысесці. Карацей, з усімі экспанатамі трэба ўзаема­дзейнічаць.

Напрыклад, можна прысесці на крэсла з цвікамі, але зрабіць гэта плаўна. Даецца папярэджанне: будзь­це акуратныя, не сядайце на край і не скачыце. Што бу­дзе адбывацца, калі прысядзеце па правілах? У прынцыпе, вы зможаце адчуць сябе ёгам, бо цвікі будуць неадчувальныя. Чаму? Справа ў тым, што цвікоў на крэсле многа (усё сядзенне ў цвіках) і вага цела размяркоўваецца па іх раўнамерна.

Далей праходзім да рычага Архімеда. Што трэба зрабіць? Паспрабаваць падняць гіру, пацягнуўшы за вяроўку, якая знаходзіцца бліжэй за ўсё. А затым з дапамогай астатніх вяровак рухацца ўсё далей ад гіры. Што будзе адбывацца? Чым далей ад гіры прывязана вяроўка, тым менш сілы спатрэбіцца, каб падняць гіру. Чаму? Рычаг — гэта перакладзіна, якая можа круціцца вакол пункта апоры. “Дайце мне пункт апоры і я перавярну зямлю!” — усклікнуў Архімед. Чым даўжэйшае плячо, тым меншая вага павінна выкарыстоўвацца для таго, каб рычаг знаходзіўся ў раўнавазе.

Ну і яшчэ адзін прыпынак. Экспанат называецца “Конусы”. Патрабуецца пальцамі рукі падняць металічныя конусы. У мяне не атрымалася. Вага конусаў прыблізна аднолькавая, але падняць лягчэй больш выцягнуты конус. Чаму? Гэта адбываецца з-за таго, што сіла трэння спакою, якая ўзнікае пры кантакце з пальцамі рукі, розная. У сувязі з тым, што сіла трэння ў гэтым выпадку супрацьстаіць сіле цяжару, то важнай становіцца праекцыя сілы трэння на вертыкальную вось. Чым большая гэтая праекцыя, тым лягчэй падняць конус. Паколькі ў выцягнутых конусаў праекцыя сілы трэння на вертыкальную вось большая, то паднімаць іх лягчэй.

“Выстава накіравана на прафарыентацыйную работу са школьнікамі. Літаральна кожную суботу сюды прыходзяць вучні, а мы ім расказваем пра наш каледж, так бы мовіць, інтрыгуем. З 2018 года выставу наведалі больш за 1500 чалавек. Прычым сярод наведвальнікаў не толькі юныя гамяльчане, але і школьнікі з іншых населеных пунктаў вобласці”, — расказаў майстар вытворчага навучання Дзмітрый Лапцейкін.

Выхаванне мужнасці і патрыятызму адбываецца ў музеі каледжа. Экспазіцыя музея заснавана на падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў Гомельскай вобласці. Тут шмат унікальных экспанатаў. І зноў-такі шмат чаго можна ўзяць у рукі. І кіраўнік музея Сяргей Пятровіч Чучвага дазволіў нам гэта зрабіць. Самай папулярнай стала зброя. Ну, дзе можна будзе ўзяць у рукі рэвальвер, пісталет або аўтамат? Але па-за канкурэнцыяй быў патэфон. Сяргей Пятровіч нават завёў яго для нас. Адчуванні проста неверагодныя! Ёсць у каледжы і віртуальны музей “Нашчадкі Перамогі”, які таксама карыстаецца папулярнасцю, бо, з’яўляючыся мабільным, ахоплівае большую колькасць гледачоў.

Каледж запрашае юнакоў і дзяўчат з базавай адукацыяй (9 класаў) па праграме сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (ССНУ) для атрымання наступных кваліфікацый (тэрмін навучання — 3 гады 7 месяцаў):

1. Аўтасэрвіс (кваліфікацыя — “аўтамеханік”).

2. Тэхналогія машынабудавання (кваліфікацыя — “тэхнік”).

Юнакоў і дзяўчат з базавай адукацыяй (9, 10 класаў) — для атрымання сярэдняй адукацыі і наступных прафесій (тэрмін навучання — 2 гады 10 месяцаў):

1. Аператар ЭВМ. Кантралёр станочных і слясарных работ.

2. Станочнік шырокага профілю. Аператар станкоў з ПУ. Манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт.

3. Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Электразвар­шчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. Электразваршчык ручной зваркі.

4. Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі.

5. Слесар па рамонце аўтамабіляў. Слесар механазборачных работ. Слесар-рамонтнік.

6. Слесар па рамонце аўтамабіляў. Слесар-рамонтнік. Слесар па зборцы металаканструкцый.

Юнакоў і дзяўчат з сярэдняй адукацыяй (11 класаў) — для атрымання наступных прафесій (тэрмін навучання — 10 месяцаў):

1. Станочнік шырокага профілю. Аператар станкоў з ПУ.

2. Электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. Слесар па зборцы металаканструкцый.

3. Электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. Токар.

У адпаведнасці з правіламі прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (ССНУ), навучэнцы, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, могуць працягнуць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па наступных спецыяльнасцях:

1. Тэхналогія машынабудавання (кваліфікацыя — “тэхнік”).

2. Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання (кваліфікацыя — “тэхнік-электрык”).

3. Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (кваліфікацыя — “тэхнік-механік”).


Другая частка нашага знаёмства з каледжам адбывалася ў рэсурсным цэнтры, які дзейнічае з 2008 года. На базе рэсурснага цэнтра адточваюць навыкі навучэнцы розных устаноў адукацыі (тых, што рыхтуюць спецыялістаў для машынабудавання). У апошні час у рэсурсным цэнтры з’явіліся дзве лабараторыі. Адна — па праграмаванні, другая — з новымі  станкамі, такарнымі і фрэзернымі. Напрыклад, фрэзерныя станкі, прадстаўленыя ў цэнтры, выкарыстоўваюць на гадзіннікавай вытворчасці. Невялікія габарыты такога станка дазваляюць вучыцца бяспечна і сучасна.

Майстрам вытворчага навучання тут працуе былы выпускнік каледжа ўдзельнік WorldSkills Арцём Стальмашонак, які, расказваючы пра магчымасці лабараторыі па праграмаванні, адзначыў: “Тут створаны выдатныя магчымасці для дыстанцыйнай адпрацоўкі навыкаў работы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. Камп’ютарная праграма поўнасцю паўтарае сістэму, якая кіруе станком. Ёсць магчымасць адпраца­ваць і некалькі сістэм з лічбавым праграмным кіраваннем. У нашым каледжы ёсць спецыяльнасць “Тэхнік-тэхнолаг”. Дык вось, гэтыя спецыялісты могуць і праграмы ствараць, і быць аператарамі высокай кваліфікацыі”.

Значнымі ў практычнай сістэме падрыхтоўкі аўтамеханічнага каледжа з’яўляюцца вучэбныя ўчасткі, якія таксама ўвахо­дзяць у склад рэсурснага цэнтра. Гэта зварачны, механічнай апрацоўкі, слясарны ўчасткі. Нас запрасілі ў той, дзе рыхтуюць будучых электраманцёраў, — электрамантажны. Як заўважыў дырэктар каледжа, гэты ўчастак адметны тым, што працоўныя месцы на ім былі зроблены ўласнымі сіламі. Акрамя таго, ёсць стэнд, які поўнасцю паўтарае той, што прадастаўляецца для спаборніцтваў на WorldSkills.

На фрэзерным участку вучацца працаваць на фрэзерным абсталяванні. На ўчастку ўсталяваны новыя станкі (гомельскай і аршанскай вытворчасці). Разам з тым увесь час ідзе абнаўленне вучэбнага абсталявання. Як заўважыў намеснік дырэктара Мікалай Мікалаевіч Чорненькі, вучэбная база каледжа і высокапрафесійны педагагічны калектыў здольны навучыць не толькі прадстаўнікоў нашай краіны, але і замежнікаў. Так, у свой час на базе каледжа рабочыя спецыяльнасці набывалі грамадзяне Венесуэлы.

Такарны ўчастак таксама аснашчаны сучаснымі станкамі. Універсальны такарна-рэзальны станок з’яўляецца базавым. На яго аснове збіраюцца мадыфікацыі: з конуснай лінейкай і інш. Навучэнцы вучацца на дэталях прамысловых прадпрыемстваў Гомеля: Гомсельмаша, завода вымяральных прыбораў. Атрымліваецца і вучоба, і заробкі. Дарэчы, трэцякурснікі падчас практыкі вучацца-працуюць толькі на прадпрыемстве.

Выпускнікі каледжа становяцца паспяховымі людзьмі. Прывяду толькі два прыклады. Цяперашні дырэктар каледжа некалі вучыўся ў ім сам. Як і цяперашні дырэктар Гомсельмаша.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.