Студэнцкая, 28

- 11:03Гомельшчына

Гледзячы на шыльды з назвай вуліцы на шматпавярховых будынках, што велічна глядзяць на горад з вышыні, ловіш сябе на думцы, што акадэмічнае маладзёжнае асяроддзе недзе побач. І сапраўды, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна гасцінна сустракае гасцей.

Гісторыя ўстановы пачынаецца ў сакавіку 1944 года. Тады на базе Рагачоўскага настаўніцкага інстытута было вырашана адкрыць Мазырскі настаўніцкі інстытут. Першапачаткова ў яго склад увайшлі тры аддзяленні: мовы і літаратуры, фізіка-матэматычнае і гістарычна-геаграфічнае. І ўжо праз два гады адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў: у школы Палесся адправіліся 190 настаўнікаў. Сёння ўніверсітэт складаецца з 6 факультэтаў (дашкольнай і пачатковай адукацыі, тэхнолага-біялагічнага, фізічнай культуры, філалагічнага, фізіка-інжынернага і факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў), дзе атрымліваюць адукацыю больш за 2700 студэнтаў.

На подступах да вучэбнага корпуса гасцей сустракае бюст Надзеі Крупскай — з яе іменем да 2006 года быў звязаны лёс установы. І з першых хвілін адчуваецца непаўторнасць універсітэта. Магчыма, справа ў творчасці, якая прасочваецца ва ўсіх сферах жыцця МДПУ, пачынаючы ад афармлення аўдыторый і заканчваючы самарэалізацыяй студэнтаў у розных відах мастацтва.

Падарожжа па многіх установах пачынаецца з музея. У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна іх два. Першы —  этнаграфічнай культуры Палескага краю і гісторыі ўстановы, другі — тэхнічнай культуры.

Музей этнаграфічнай культуры і гісторыі ўніверсітэта налічвае больш за 400 экспанатаў. Экспазіцыя першай залы адлюстроўвае гісторыю развіцця вышэйшай навучальнай установы: Мазырскі настаўніцкі інстытут (1944—1952 гг.), Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1952—2001 гг.), Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (з 2001 г.). Тут можна ўбачыць загады аб стварэнні і рэарганізацыях УВА, тэксты ўступных дыктантаў (1944 г.), заліковую кніжку першай студэнткі, студэнцкі білет, вучэбныя дапаможнікі з аўтографамі аўтараў, фатаграфіі студэнтаў-выпускнікоў. Другая зала адлюстроўвае побыт палешукоў. Тут і макет сялянскай хаты, і рэчы, якія былі незаменныя ў побыце. Усё гэта — агульны набытак студэнтаў і супрацоўнікаў.

У музеі тэхнічнай культуры прадстаўлена эвалюцыя прылад працы — ад косці, каменя і металічных сплаваў да прывычных інструментаў. Тут ёсць і рэдкія экспанаты: наканечнік сахі з крычнага жалеза, стальны меч, праколкі з косці, бронзавы двухпудовы звон і медны чайнік з імянным подпісам.

Кожны факультэт можна пазнаць па афармленні — партрэтах ці роспісе сцен. Так, напрыклад, партрэт Пушкіна падказвае, што мы ў аўдыторыі, прысвечанай рускай літаратуры. Хаця гэта не зусім так: мы ў Цэнтры русістыкі. На пляцоўцы жыццё бурліць пастаянна: тут праходзяць навуковыя канферэнцыі, семінары, майстар-класы, рэалізуюцца адукацыйныя праекты. Самыя любімыя па­дзеі — тыдзень рускага слова (адукацыйныя мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з настаўнікамі і вучнямі школ Мазыра) і міжнародная канферэнцыя “Тэкст. Мова. Чалавек”.

Зараз тут праходзіць выстава кніг па жывапісе: мільгаюць карашкі асобнікаў па творчасці Дэлакруа, Манэ, Мурыльа, Босха і інш. Гэта тэрыторыя равесніка ўніверсітэта — філалагічнага факультэта.

Далей нас чакае факультэт дашкольнай адукацыі. Гавораць, што ўжо зараз колькасць запытаў на работу перавышае колькасць сёлетніх выпускнікоў у некалькі разоў, хоць да канчатковага размеркавання маладых спецыялістаў яшчэ ёсць час. Спецыфіка завочнай формы навучання тут заключаецца ў скарочаных тэрмінах атрымання адукацыі для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных устаноў (пераважаюць выпускнікі з Гомеля, Лоева, Рагачова і Салігорска).

Фізіка-інжынерны факультэт піша сваю гісторыю з 2015 года (падмуркам для яго сталі аб’яднаныя фізіка-матэматычны і інжынерна-педагагічны факультэты). Кваліфікацыя “педагог. Інжынер”  д­асць магчы­масць маладым людзям не толькі стаць майстрамі вытворчага навучання, але і працаваць на прадпрыемствах. Майстэрства студэнтаў даказваецца выставай іх работ, выкананых у межах курса “Мастацкая апрацоўка дрэва”: на карцінах, створаных з кавалачкаў розных парод, ажываюць жывёлы, птушкі і кветкі.

Гордасць універсітэта — галерэя алімпійскіх чэмпіёнаў з факультэта фізічнай культуры. Раман Петрушэнка, Марына Палтаран, Вольга Худэнка, Надзея Папок, Ірына Кулеша, Артур Літвінчук — толькі нямногія з тых, хто пакінуў свой след на сусветных спартыўных арэнах.

Атмасфера творчасці не знікае і пры знаёмстве з прадстаўнікамі тэхнолага-біялагічнага факультэта. Дзяўчаты-студэнткі лічаць, што лепшая прэзентацыя аддзялення — іх работы. Тэхнік і матэрыялаў тут нямала: габелены, аплікацыя з саломкі, вышыўка крыжыкам і бісерам. Майстрыхі кажуць, што 70% іх навучання складае творчасць.

Трэцякурсніца Аліна Заяц (спецыяльнасць “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”) зрабіла выбар, арыентуючыся на творчыя схільнасці, якія пачалі праяўляцца з дзяцінства. Кажа, што ва ўніверсітэце ёсць шмат магчымасцей заявіць пра сябе. Здаецца, гэта ёй удалося, бо педагогі расказваюць пра яе як таленавітага студэнта, які жыве творчасцю, і прызнаюцца, што зайздросцяць яе будучым вучням. Дарэчы, тэхнолага-біялагічны факультэт — адзін з нямногіх у краіне, які рыхтуе па спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”.


У канцы візіту ў МДПУ імя І.П.Шамякіна адбылася сустрэча журналістаў з выкладчыкамі і студэнтамі ўстановы.

— Без эмоцый і ўражанняў журналістыка мёртвая. З вокнаў нашай рэдакцыі бачны толькі праспект Незалежнасці, а сапраўднае жыццё —  тут, у рэгіёнах. Таму мы і прыехалі: нам важна бачыць зацікаўленыя позіркі, вынікі вашай работы, — звярнуўся да прысутных дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў. А пасля адказаў на іх пытанні.

Вобраз сучаснага педагога ў СМІ, які ён?

— Тэма стварэння іміджу педагога вельмі складаная, таму, на жаль, кожны журналіст раскрывае яе так, як хоча. СМІ, на мой погляд, у вялікім даўгу перад педагогамі. Для “Настаўніцкай газеты” гэта прафесійная тэма: мы любім настаўнікаў і шмат робім для таго, каб пра іх гаварылі. Ужо тры гады рэалізуем праект “Адукацыя ў асобах”, у рамках якога гісторыі педагогаў і выкладчыкаў з’яўляюцца на першай паласе “Настаўніцкай газеты”. Усе спецыялісты розныя, і нам абсалютна не важна, ёсць у іх узнагароды ці няма: мы разумеем, што праца настаўніка важная на ўсіх этапах. Радуе, што без нашай падачы гэты праект быў заўважаны і адзначаны на конкурсе “Залатая ліцера” ў намінацыі “Творчы праект года”. Сустракаючыся з калегамі з грамадска-палітычных выданняў, таксама стараюся размаўляць на гэтую тэму: пара, каб педагогі атрымлівалі аддачу ад грамадства. Калі журналісты на планёрцы прапаноўваюць новыя тэмы, я не перастаю здзіўляцца. Настаўнікі — гэта наватары. Чаму б пра гэта не расказваць?

Зараз ідзе абмеркаванне прыкладных этычных правіл у дзейнасці педагагічных работнікаў. Ці дастаткова іх у сучаснай сістэме адукацыі?

— Тэма, сапраўды, злабадзённая. Этычнага кодэкса педагагічных работнікаў недастаткова. Гэта, хутчэй, наш адказ грамадству на запыты апошняга часу. Пара вызначыць парадак узаемаадносін усіх удзельнікаў вучэбнага працэсу. Крыху дзіўна, што канфлікт узнікае часта не ўнутры ўстановы адукацыі, а з бацькоўскай грамадскасцю.

Мы не супраць правіл. Сама прафесія патрабуе быць этычным — пачынаючы ад умення трымаць сябе і заканчваючы вядзеннем сацыяльных сетак. Але я не падтрымліваю ідэю аб увядзенні адміністратыўнай адказнасці за абразу настаўніка. У нас ёсць артыкул аб паклёпе і абразе — можна абараніцца, іншага не трэба. Гэта няправільна: не трэба дэманстраваць, што мы абараняемся ад грамад­ства, — неабходна ўзаемадзейнічаць. Важна вызначыць ролю баць­коў у жыцці навучальнай установы, у тым ліку, рэгламентаваць наведванні заняткаў. Бо, як правіла, большасць праблемных сітуацый, якія ўзнікаюць, часта не маюць дачынення да саміх дзяцей і іх праблем. Бацькі пачалі ўмешвацца ў пабудову вучэбнага працэсу. Яны павінны  зразумець, што педагогам трэба давяраць: мы не ворагі дзецям.

Не сакрэт, што сёння асноўнай крыніцай інфармацыі становяцца інтэрнэт-парталы. Якія перспектывы развіцця друкаваных выданняў у такіх умовах?

— Мы якраз рухаемся ў гэтым напрамку: намі зарэгістравана адно з першых у краіне сеткавых выданняў — партал ng-press.by. Спачатку адносна “вечнай” тэмы — ці памруць друкаваныя СМІ. Са спецыялізаванымі выданнямі сітуацыя нядрэнная, грамадска-палітычным значна складаней, бо навіны, па большасці, людзі даведваюцца з інтэрнэту. У нас ніколі не было аддзела навін, бо газета, нават калі інтэрнэт толькі-толькі развіваўся, разумела, што “новостюшка” не выратуе прафвыданне. Нам не дастаткова падаць некалькі цытат міністра з пасяджэння калегіі — неабходна ў сістэме данесці да педагога змест мерапрыемства. 

Ng-press.by атрымаў развіццё натуральна, таму што газета не можа справіцца з тым інфармацыйным кантэнтам, які ідзе з рэгіёнаў. Матэрыял можа быць важным для пэўнай установы ці карысным для раёна, але не дацягваць да рэспубліканскага ўзроўню. Мы разумелі, што пакідаць па-за ўвагай падобныя публікацыі нельга, таму партал развіваецца.

Якія кнігі вы парэкамендавалі б абавязкова прачытаць настаўніку?

— Ва ўніверсітэце, калі я вучыўся, быў выкладчык, у якога нельга было не ўлюбіцца. На яго многія раўняліся. З універсітэта дадому прафесар дабіраўся пешкі, і на гэтым шляху працавалі тры кнігарні. Ён вельмі любіў чытаць. Мы хадзілі за імі куплялі кнігі, якія ён разглядаў. А пазней я пачуў такую байку: неяк да выкладчыка прыйшоў аспірант і кажа: “Прафесар, так хочацца быць падобным да вас. Што трэба рабіць?” Той адказвае: “Трэба прачытаць усяго толькі пяць кніг”. Аспірант здзіўлены: “Якія?” “А каб ведаць якія, трэба прачытаць тысячы іншых”. Таму нельга сказаць адназначна: тое, што падыходзіць мне, не заўсёды можа быць карысным для вас.

На якія аспекты ў патрыятычным выхаванні мола­дзі сёння варта звярнуць найбольшую ўвагу?

— Тэма няпростая, паколькі такія праблемы часта губляюцца за словамі. Пытанні, звязаныя з патрыятычным выхаваннем, на мой погляд, тонкія, таму тут важныя не размовы, а прыклад. Часта можна пачуць: “Трэба любіць Радзіму”. Як гэтаму можна навучыць? Асабісты прыклад — лепшы вынік.

Якім вы бачыце маладога настаўніка ў якасці аўтара вашай газеты?

— Мэтанакіраваным, шырока адукаваным, які адбыўся як асоба і арыентуецца, чым жыве сённяшні свет. Бо важна навучыць дзяцей не толькі прадмету, але і быць людзьмі. Настаўнік павінен любіць чалавека, інакш у прафесіі ніяк.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.