КЛАСічНЫ ГДУ

- 11:03Гомельшчына

Паводле апошняга рэйтынгу сусветных універсітэтаў Webometrics, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны разам з БДУ, БНТУ, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і БДУІР уваходзіць у пяцёрку лепшых вышэйшых навучальных устаноў Беларусі (у параўнанні з ліпенем мінулага года, установа паднялася на 152 пункты і адносіцца да 13% лепшых УВА свету). “Настаўніцкая газета” атрымала магчымасць паназіраць за жыццём аднаго з лідараў знутры.

Калі пішаш пра вялікія ўстановы, часта складана вылучыць тое, што адрознівае адзін універсітэт ад другога. У выпадку з ГДУ імя Францыска Скарыны аказалася лягчэй, бо перад намі ён паўстаў праз прызму “на кожным факультэце — свая “фішка”. А то і не адна.

Філфак — энергія натхнення, ці “Дарослых трэба слухаць…” не заўсёды

Першыя крокі па ўстанове пачаліся са спаткання з творчасцю: ва ўніверсітэце якраз адкрылася выстава “малюнкаў і думак” студэнткі філалагічнага факультэта Настассі Дадонавай “Ад Насці — да Дадо” (Дадо — псеўданім дзяўчыны). У ліку экспанатаў каля двухсот работ, якія ў розныя перыяды сталі адлюстраваннем унутранага свету іх стваральніка. Нават прафесійнаму воку тут ёсць за што зачапіцца: малюнкі выкананы ў розных тэхніках — пачынаючы ад алоўкавых накідаў, заканчваючы аплікацыямі. Работа над імі, па словах Насці, — шанс вырвацца з рэчаіснасці і апынуцца ў асабістым сусвеце.

— Прагульваючыся па выставачнай зале, вы бачылі неверагодна прыгожыя работы. За кожнай з іх стаіць душа Насці — эмоцыі, перажыванні, боль, радасць, моманты жыцця. Кожны з вас, атрымліваючы гэтую нітачку ад аўтара, напаўняе творы сваімі сэнсамі і таямніцамі. Гэтая энергія — энергія творчасці, любові, натхнення і летуцення — не заканчваецца ніколі, — адзначыла творчы натхняльнік дзяўчыны дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта Алена Кастрыца.

Студэнтка расказвае, што яе шлях мастака павінен быў абарвацца з самага пачатку, хоць малявала яна з тых часоў, як сябе памятае. А ўсё таму, што ў мастацкай школе нехта сказаў: “Насця, у цябе нічога не атрымліваецца — няма творчага мыслення”. І наступныя 10 гадоў дзяўчына ўвогуле не малявала, бо “дарослых трэба слухаць”.

— А пасля падумала: “А чаму гэта я не малюю? Чаго спынілася?” І на аркушах пачалі з’яўляцца крывыя людзі, недарэчныя галінкі дрэў — нягеглыя малюнкі сінім стрыжнем у сшытках. Матуля гаварыла: “Здорава, што ты вырашыла паспрабаваць”, падбадзёрвалі і матывавалі сябры. Пасля я паступіла ва ўніверсітэт, дзе маю творчую існасць заўважылі выкладчыкі, — расказвае студэнтка. — Каласальная падтрымка ад усіх навокал і зрабіла мяне тым чалавекам, якога вы бачыце. Я не ўяўляла, што магу стаяць вось так — перад вамі. Дзяўчынка з маленькага горада, якая ехала вучыцца не ў мастацкі інстытут. А цяпер людзі глядзяць на мае работы, усміхаюцца і гавораць добрыя словы. Гэта вопыт, у які нельга паверыць. Таму хачу папрасіць вас: падтрымлівайце людзей, якія спрабу­юць нешта рабіць. Не трэба няшчыра хваліць — проста гаварыце дзякуй за тое, што стараюцца.

Усё пра грошы…

… ведае эканамічны факультэт. Вядома, што яны прайшлі вялікую эвалюцыю: ад шкурак жывёл, зерня, какавы і каштоўных металаў да электронных грошай і крыптавалют. Пра іх шлях раскажуць на кафедры фінансаў і крэдыту, дзе ўжо трэці год дзейнічае музей грошай. Тут сабраны экспанаты, якія прадстаўляюць розныя краіны і эпохі. У экспазіцыі можна ўбачыць манеты і банкноты Рымскай імперыі, Старажытнай Русі, ВКЛ, Расіі да 1917 года, СССР і грошы, якія былі ў абарачэнні ў Беларусі. У калекцыі таксама знахо­дзяцца грошы з Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Аўстраліі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

На сустрэчу са Скарынам — да гісторыкаў

 На гістфаку зрабілі копію станка, на якім асветнік выдаваў свае кнігі. А тэкст на адбітку цалкам паўтарае першы тэкст друкара. Нярэдка Францішак сам расказвае гасцям пра станок і дае ўказанні, як яго выкарыстоўваць.

“Хутар” з магчымасцямі

Аспіранта факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Аляксея Зайцава ва ўніверсітэце называюць “зорачкай”. Тры гады назад хлопцу падарылі кнігу “100 ідэй для Беларусі”. Як высветлілася, сярод удзельнікаў не было ніводнага прадстаўніка ГДУ. І малады чалавек вырашыў дзейнічаць: яго праект Farm Moebius IoT (“Хутар Мёбіуса”) стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу.

У рабоце з будучымі абітурыентамі дзейсныя таксама “ўніверсітэцкія суботы” (праф­арыентацыйныя мерапрыемствы, на якіх пра будучую спецыяльнасць расказваюць не толькі спецыялісты ўстановы, але і работнікі пэўнай галіны). Так, нядаўна школьнікі наведалі сустрэчы “Усім устаць! Суд ідзе” і “Як знайсці крэатыўныя ідэі ў бізнесе”.

“Хутар Мёбіуса” накіраваны на аўтаматызацыю і аптымізацыю аграпрамысловых комплексаў і фермерскіх гаспадарак. Ініцыятыва прадугледжвае стварэнне аўтаномнай станцыі, якую можна будзе выкарыстоўваць на фермах ці сельскагаспадарчых тэрыторыях. Хутар самастойна акамулюе энергію ветру і сонца, збірае метэаданыя і выкарыстоўвае сістэму абароны сельскагаспадарчых культур. Па словах Аляксея Зайцава, да метэапункта больш прасунутыя фермеры змогуць далучыць таксама сістэмы па паліве і ўгнаенні глебы, усталяваць сонечныя батарэі і нават механізмы, якія будуць паведамляць пра з’яўленне грызуноў.

А сёлета эстафету дасягненняў ад Аляксея пераняў яго вучань Ілья Галавач, які стаў пераможцам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, распрацаваўшы інфармацыйны партал “Пляцоўка. бай”. Дарэчы, зараз Ілья разам са сваім калегам Дзмітрыем Касцючэнкам распрацоўваюць мабільны дадатак “Бяспечны шлях” для Гомельскай аўтаінспекцыі. Ідэя хлопцаў накіравана на тое, каб павысіць бяспеку дзяцей на дарозе. Плануецца, што на поўную моц яна запрацуе ў будучым годзе.

Калегі Феміды ў справе

Юрыдычны факультэт — бацька студэнцкай адукацыйнай клінікі “Жывое права”, якая дзейнічае 17 гадоў. Удзельнікі праекта — студэнты факультэта — кансультуюць жыхароў горада і вобласці па пытаннях жыллёвага, грамадзянскага, сямейнага і працоўнага права. Такое ўзаемадзеянне дапамагае — і тым, хто звяртаецца, і самім студэнтам — набываць вопыт, арыентавацца ў дзеючым заканадаўстве, пераадольваць бар’еры ў камунікацыі і працаваць у калектыве.

Спартыўны трамплін ГДУ

Выпускнікі факультэта фізічнай культуры заяўляюць пра ўніверсітэт на сусветным узроўні (імёны Леаніда Гейштара, Алены Рудкоўскай, Алы Цупер, Марыі Мамашук гавораць самі за сябе). Тут запальваюцца зоркі маладых спартсменаў — першакурснікаў Ульяны Мінянковай і Аляксея Зайца. Ульяна — пераможца міжнароднага турніру European Judo Open (у Польшчы) у вагавой катэгорыі да 57 кг (дзяўчына стала першай сярод 400 спартсменаў з 44 краін). Лёша — спартыўны акрабат, які выступае ў пары. Зусім нядаўна хлопец у складзе беларускай зборнай прадстаўляў Беларусь на этапе Кубка свету, дзе разам з партнёрам Арцёмам Яшчанкам заваяваў “бронзу”.

За руку з навукай

Наступны пункт падарожжа па ўніверсітэце — бязрэхавая камера (падраздзяленне факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій). Тут праходзяць тэарэтычныя даследаванні, якія СМІ назвалі “шапкай-невідзімкай” (дзякуючы пакрыццю, што паглынае ЗВЧ-выпраменьванні, аб’екты становяцца непрыметнымі для радараў). Памяшканне абсталявана паглынальным матэрыялам у выглядзе частакола. Форма пакрыцця камеры —  “вастразубая” — выбрана невыпадкова: электрамагнітныя хвалі пры доследах павінны “заблытвацца” ў зубчыках матэрыялу. Зараз спецыялісты працуюць з тэхналогіяй друкаваных плат (сумесны праект з санкт-пецярбургскімі калегамі).

Таксама ў ГДУ ёсць першы ў краіне аўтарызаваны цэнтр навучання спецыялістаў па прымяненні абсталявання кампаніі D-Link. На базе аўдыторыі студэнты могуць прайсці сертыфікацыйныя курсы міжнароднай праграмы навучання: “Асновы перадачы і камутацыі даных у камп’ютарных сетках”, “Асновы бесправодных сетак Wi-Fi і “Тэхналогіі камутацыі і маршрутызацыі сучасных сетак Ethernet”. Задача цэнтра — зрабіць навучанне больш практыка-арыентаваным.

Матэрыяльная база ўніверсітэта дазва­ляе праводзіць заняткі і са школьнікамі. У пачатку года тут адкрылі лабараторыю інжынерна-тэхнічнай творчасці для старшых школьнікаў і студэнтаў STEM-Hub. Тут маладыя людзі могуць увасабляць свае ідэі на канкрэтным абсталяванні: іх задача — стварыць рабочы прататып праекта і даказаць яго эфектыўнасць. Тады абароненыя праекты атрымаюць у будучыні падтрымку. 

Біялагічны National Geographic

Заходзячы ў аўдыторыі біяфака, нібы апынаешся ў сюжэтах National Geographic. Чаго тут толькі няма! Хімічныя лабараторыі, спецыяльныя ўстаноўкі. А ў кабінеце творчых работ студэнтаў красуюць вырабы з раслін Беларусі: карціны, калажы, скульптуры і нават асобныя праекты. Сярод іх значна вылучаецца дыпломная работа Кацярыны Шруб — карціны з выявамі жывёл і птушак,  выкананыя ў тэхніцы экібана (адметна, што іх каларыстыка створана не штучна з дапамогай фарбаў, а на аснове высушаных раслін). Дарэчы, спецыялісты, якія валодаюць рознымі тэхнікамі работы з прыродным матэрыялам, вельмі запатрабаваны ў школах і цэнтрах творчасці.


Падчас прэс-туру мы завіталі на круглы стол “Школа — Універсітэт — Прадпрыемства”, які прайшоў у фармаце дыялогу ГДУ імя Францыска Скарыны з заказчыкамі кадраў. Патэнцыяльных работадаўцаў прадстаўлялі 23 арганізацыі. Сярод іх — адкрытыя акцыя­нерныя таварыствы “БМЗ”, “Гомсельмаш”, “Гомельскі тэхнапарк”, Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі, ліцэі і гімназіі, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна горада і інш. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў (упраўленне — адзін з галоўных заказчыкаў педагагічных работнікаў) агучыў праблемы падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.

— На рэспубліканскай канферэнцыі работ даследчага характару, якая праходзіла ў пачатку сакавіка, школьнікі Гомельшчыны заваявалі 26 дыпломаў, саступіўшы толькі Мінску. Гэты вынік — лепшы за апошнія гады. Такія ж поспехі ў ЦТ і рэспубліканскіх алімпіядах па прадметах, у чым вялікая заслуга выкладчыкаў вышэйшай школы. Найбольш цесныя сувязі ў гэтым кірунку з ГДУ імя Францыска Скарыны. Але мы не можам гаварыць пра поўную эфектыўнасць нашай работы да таго часу, пакуль мы як заказчыкі кадраў бачым адсутнасц­ь конкурсу на педагагічныя спецыяльнасці, пакуль у школу прыходзяць далёкія ад педагогікі маладыя людзі і значныя намаганні школы ідуць на тое, каб навучыць іх методыцы работы з класам, — адзначыў Руслан Смірноў.

Руслан Іванавіч прывёў вынікі штогадовага анкетавання педагогаў-пачаткоўцаў. Паводле іх, выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў дрэнна арыентуюцца ў метадах і методыках навучання (больш за 70% апытаных), не валодаюць метадамі і прыёмамі даследчай дзейнасці (60% рэспандэнтаў). Палова маладых спецыялістаў няздольна матываваць дзяцей да вучобы і выклікаюць цікавасць да свайго прадмета.

Кожны трэці ўладальнік дыплома аб вышэйшай педагагічнай адукацыі не арыентуецца ў вучэбных праграмах па прадмеце, не ўмее выяўляць тыповыя прычыны непаспяховасці, адчувае цяжкасці ў планаванні і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў і арганізацыі дысцыпліны падчас заняткаў, не ведае, як правільна пабудаваць узаемадзеянне з бацькамі.

— Самае складанае ў тым, што настаўнікі-пачаткоўцы не ўмеюць забяспеч­ваць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асобы дзіцяці. Сёння практычна кожны малады педагог незалежна ад спецыялізацыі будзе працаваць класным кіраўніком. І ад яго ведаў і асабістых якасцей часта зале­жыць не толькі атмасфера ў дзіцячым калектыве, але і жыццё школьнікаў, — перакананы Руслан Смірноў.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.