У беларускай адукацыі няма правінцыі

Гэты выраз настаўніцы гісторыі калінкавіцкай гімназіі Ірыны Мікалаеўны Калбасінай стаў дэвізам сёлетняга прэс-туру “Настаўніцкай газеты” па Гомельскай вобласці.

Трэці раз журналісты галіновага выдання на чале з дырэктарам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — галоўным рэдактарам “Настаўніцкай газеты” Вадзімам Кнышавым наведалі Гомельшчыну. Варта сказаць, што першы прэс-тур адбыўся ў 2016 годзе. З таго часу наша дружная каманда 16 разоў выяз­джала ў рэгіёны, знаёмілася з педагогамі і рознымі ўстановамі адукацыі.

Сёлетні прэс-тур па Гомельскай вобласці быў асаблівым. Ён пачаўся са знаёмства з новым начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Русланам Смірновым і падпісання двухбаковага пагаднення ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Праект стартаваў яшчэ ў 2012 го­дзе і прадугледжваў адкрыццё карэспандэнцкіх пунктаў ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Менавіта з таго часу пачалося цеснае ўзаемадзеянне галіновай газеты з упраўленнямі адукацыі і педагагічнай грамадскасцю ў абласцях. Сёння наша ўстанова змяніла свой статус. Цяпер гэта Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”, у які ўваходзяць “Настаўніцкая газета”, а таксама яшчэ пяць друкаваных выданняў і сеткавы рэсурс. Гэты факт і стаў падставай для паўторнага падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве, урачыстая цырымонія якога адбылася ў першы дзень прэс-туру ў сценах Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Пасля таго як на дакументах былі пастаўлены подпісы, пачалася прэс-канферэнцыя начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Р.І.Смірнова і дырэктара Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” В.А.Кнышава. Цікава, што, акрамя прафесійных журналістаў, задаць свае пытанні маглі дзеці, якія толькі пачынаюць першыя пробы пяра і займаюцца ў студыі журналістыкі абласнога палаца творчасці. Юныя творцы хацелі даведацца, у якіх выданнях яны могуць друкавацца, ці абавязкова мець спецыяльную адукацыю, каб трапіць у журналістыку, і як развіваць сваё журналісцкае майстэрства. Юнакі і дзяўчаты запыталіся таксама, наколькі складана быць кіраўнікамі, якімі якасцямі пры гэтым неабходна валодаць.  Журналістаў “Настаўніцкай газеты” цікавіла, якія кірункі ў адукацыйнай сферы рэгіёна начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі лічыць прыярытэтнымі. Руслан Смірноў назваў два важкія складнікі: якасць адукацыі і бяспека дзяцей.

Дыялог атрымаўся насычаным і цікавым. Я ўглядалася ў твары маіх калег, чытала шчырую зацікаўленасць у іх вачах і чарговы раз адзначыла для сябе, што інакш быць не можа: у “Настаўніцкай газеце” здольны працаваць толькі той, хто зжываецца з адукацыйнай тэматыкай, паглыбляецца ў яе, хто любіць людзей і любіць педагогаў, хто па-сапраўднаму хварэе справай і для каго не­прымальны фармалізм.

Раніцай наступнага дня наш мікрааўтобус імчаў у напрамку Мазыра. Першая ўстанова, якую мы мелі намер наведаць, — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Гэта яшчэ адна навіна: упершыню ў праграму прэс-туру былі ўключаны ўстановы вышэйшай адукацыі. Падрабязна пра гэта раскажуць мае калегі, а я сёння, здаецца, у адказе за эмоцыі, за тыя перажыванні, якія кранулі журналістаў і педагогаў.

Дзве гадзіны ў дарозе былі запоўнены гутаркамі: нешта абмяркоўвалі, успаміналі. Колькі іх, незабыўных сюжэтаў і герояў, што захаваліся ў гісторыі дзякуючы “Настаўніцкай”! Захаваліся яны і ў нашых душах, бо чымсьці прывабілі, кранулі сэрцы, чамусьці навучылі. Шчыра кажучы, вельмі хочацца верыць, што і мы, журналісты, застаёмся ў памяці нашых герояў прыемным успамінам. А яшчэ для нас важна адчуваць сябе патрэбнымі, ведаць, што справа, якую мы робім, мае сэнс, што наша выданне неабходна педагогам, бо мы працуем менавіта для іх.

Ірына Мікалаеўна Калбасіна быццам прачытала ўсе гэтыя думкі. Так, у калінкавіцкай гімназіі мы пачулі адказы на хвалюючыя нас пытанні. Настаўніца гісторыі расказала пра тое, як ёй дапамагае ў рабоце “Настаўніцкая газета”, які вопыт калег з іншых рэгіёнаў яна апрабавала на сваіх занятках, назвала свае любімыя рубрыкі і дадаткі ў газеце.

— Я ведаю вашы імёны, бо я ваш пастаянны чытач, — звярнулася Ірына Мікалаеўна да нас. — І так прыемна, што сёння вы ў нашай установе і мы маем магчымасць бачыць адно аднаго. Гэта доказ таго, што ў беларускай адукацыі няма правінцыі.

— Для нас вельмі важна чуць гэтыя словы, — з удзячнасцю адказаў Ірыне Мікалаеўне дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Вадзім Кнышаў. — Так мы ўпэўніваемся, што наша выданне патрэбна настаўнікам і служыць для іх пэўным дапаможнікам і, што вельмі прыемна, нас чытаюць.

— Ведаеце, калі мы, настаўнікі, не навучым дзяцей чытаць кнігі, яны не будуць развівацца належным чынам, — рэзюмавала педагог. — Тое ж значэнне мае і галіновая газета для настаўніка.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.