Бязмежнасць дзіцячай творчасці

- 10:56Культура

Гэтымі днямі ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” праходзіць выніковая выстава ХV Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, якая прэзентуе не толькі работы-пераможцы, але і погляд членаў журы на дзіцячую творчасць. Восем міні-выстаў, што складаюць аснову ўсёй экспазіцыі, былі сфарміраваны экспертамі з Беларусі, Расіі, Кітая, Балгарыі, Украіны, Румыніі, Польшчы і Літвы.

Конкурс “На сваёй зямлі” з’яўляецца адным з самых маштабных, вядомых і аўтарытэтных спаборніцтваў мастацкай творчасці дзяцей. Так, сёлета было прадстаўлена больш за 10,6 тысячы работ юных мастакоў ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў з 26 краін.

Дарэчы, у лік дзіцячых малюнкаў, адабраных экспертамі для выніковай выставы, увайшлі як работы пераможцаў, так і тыя, што не былі адзначаны журы, у склад якога ўвайшлі 12 мастакоў і педагогаў, пастаянна працуючых з юнымі творцамі ў сваіх краінах. ХV конкурс “На сваёй зямлі” атрымаўся эксперыментальным, бо ўпершыню быў накіраваны на тое, каб адлюстраваць падабенства і адрозненні поглядаў мастакоў-педагогаў з розных краін на дзіцячую творчасць. Кожны эксперт пры адборы арыентаваўся на нешта сваё. Напрыклад, для Чжы Сіньцзянь з Кітая першаснымі былі арыгінальнасць, цэласць і валоданне тэхнічнымі навыкамі, Альдона Колуцка з Польшчы звяртала ўвагу на цікавыя эксперыменты, кампазіцыю і фактуру, прадстаўнік Балгарыі Іван Стаянаў — на душэўнасць аўтара і адлюстраванне нацыянальных традыцый. А вось Нерынга Шупінскене з Літвы ацэньвала спосаб эмацыянальнага выказвання дзіцяці, яго фантазію і светапогляд, Камелія Іордачэ з Румыніі — натхненне дзяцей і іх уменне свабодна самавыяўляцца.

Работы юных мастакоў прыцягваюць арыгінальнасцю стварэння мастацкіх вобразаў, наіўнасцю інтэрпрэтацыі рэальнасці, фантазійным успрыманнем свету. Па словах мастака-жывапісца, сябра Беларускага саюза мастакоў, члена журы конкурсу “На сваёй зямлі” з 2006 па 2017 год Ягора Батальёнка, выставы дзіцячай творчасці дапамагаюць не загразнуць у штодзённых праблемах: “Дзіцячыя малюнкі — гэта акно ў той чысты, наіўны свет, які нам, дарослым, ужо недаступны”. А Валерый Цімафееў з Расіі лічыць, што выніковая выстава цікавая і тым, што журы пастаралася падабраць такія работы, якія б раскрывалі творчы патэнцыял кожнага дзіцяці.

Варта адзначыць, што арганізатары выставы і конкурсу “На сваёй зямлі” за 20 гадоў сабралі вялікую калекцыю дзіцячай творчасці — больш за 40 тысяч работ з 57 краін свету. У гэтым годзе яна папоўнілася яшчэ на 1500 твораў юных мастакоў. “Дзіцячыя малюнкі адрознівае чысты і яркі погляд на свет, асаблівае наіўнае дзіцячае бачанне прыгажосці, — адзначыў дырэктар ГА “Беларускі зялёны крыж” старшыня аргкамітэта конкурсу “На сваёй зямлі” Уладзімір Шаўцоў. — Вось гэтай прыгажосцю, энергіяй і сілай дабра мы імнёмся падзяліцца з усімі: дарослымі і дзецьмі”.

У галерэі “Універсітэт культуры” выніковая выстава конкурсу “На сваёй зямлі” будзе доўжыцца да 25 красавіка. Акрамя таго, работы пераможцаў можна паглядзець анлайн на сайце ГА “Беларускі зялёны крыж”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.