Недабораў не будзе

- 15:33Актуально, Рознае

Днямі ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, падчас якой міністр адукацыі Сяргей МАСКЕВІЧ і супрацоўнікі апарату міністэрства пракаменціравалі новыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Па-першае, міністр адукацыі паведаміў, што адменена псіхолага-педагагічнае субяседаванне, якое практыкавалася ў апошнія гады пры паступленні на шэраг спецыяльнасцей.
Таксама ў новых правілах даецца прынцыпова іншая трактоўка мэтавай падрыхтоўкі. Напрыклад, раней яна ажыццяўлялася толькі для пэўных галін эканомікі, і паступаць на яе маглі жыхары сельскай мясцовасці і малых гарадоў з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек. З гэтага года на мэтавую падрыхтоўку могуць паступаць усе абітурыенты (незалежна ад месца пражывання і адзнак у дакуменце аб адукацыі) на ўсе спецыяльнасці, якія будуць вызначаны заказчыкамі кадраў.
Колькасць месцаў для мэтавай падрыхтоўкі можа быць павялічана па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 60%, па іншых спецыяльнасцях — да 40%. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі: па сельскагаспадарчых і медыцынскіх спецыяльнасцях — да 60% (раней было 30%), па іншых спецыяльнасцях — да 30%.
У новых правілах прыёму істотна пашыраны пералік катэгорый абітурыентаў, якія могуць паступаць без уступных выпрабаванняў. Напрыклад, на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту без экзаменаў будуць залічвацца пераможцы, прызёры і ўдзельнікі Параалімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульняў, пераможцы афіцыйных чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь па відах спорту, уключаных у праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў, першынстваў свету і Еўропы сярод інвалідаў па зроку, слыху або з парушэннем апорна-рухальнага апарату.

Таксама без уступных выпрабаванняў пры паступленні ва ўстановы адукацыі сілавых структур і на ваенныя факультэты будуць залічвацца выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, кадэцкіх вучылішчаў пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 7 балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана.
Пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці (іх пералік будзе ўстанаўлівацца Міністэрствам адукацыі) без уступных выпрабаванняў па рэкамендацыі педсаветаў школ могуць быць залічаны пераможцы (дыпломы ўсіх трох ступеней) трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама медалісты і асобы, якія маюць дыплом установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай.
“Гэта вельмі важкае рашэнне, — пракаменціраваў новаўвядзенне першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. — Для таго, каб ва ўніверсітэты прыходзілі добрыя абітурыенты і спецыялісты ў будучыні былі добрыя, патрэбны кваліфікаваныя настаўнікі.
Прапанаваная мера павінна прыцягнуць у педагагічныя ўстановы матываваных маладых людзей. Хачу зазначыць, што цікавасць да педагагічных спецыяльнасцей не такая ўжо нізкая. У мінулым годзе ў нацыянальным летніку “Зубраня” я сустракаўся з цэлай зменай школьнікаў, якія мараць аб прафесіі настаўніка. Іх было досыць многа з усёй краіны. Акрамя таго, нам вядома, што ў шэрагу школ, ліцэяў, гімназій у складзе педагагічных калектываў 15—20 і больш працэнтаў настаўнікаў — былыя выпускнікі. Гэта значыць, там створана адпаведная атмасфера і фарміруецца цікавасць да педагагічнай прафесіі. Вопыт такіх устаноў трэба вывучаць і распаўсюджваць”.
Дапоўнены таксама катэгорыі абітурыентаў, якім пры паступленні выстаўляецца 100 балаў. У прыватнасці, майстрам спорту Рэспублікі Беларусь, майстрам спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту выстаўляецца 100 балаў па дысцыпліне “Фізічная культура і спорт”.

Захавана льгота пазаконкурснага залічэння для дзяцей-сірот пры паступленні на ўсе спецыяльнасці вышэйшай адукацыі, акрамя медыцынскіх, а таксама спецыяльнасцей “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”. На пазаконкурснае залічэнне могуць прэтэндаваць абітурыенты і іншых катэгорый (чытайце правілы прыёму). Для ўсіх іх захоўваецца патрабаванне наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 6 балаў па прадметах уступных выпрабаванняў. Для некаторых катэгорый (дзеці-сіроты, асобы, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей або органаў памежнай службы і інш.) уведзена абмежаванне колькасці месцаў для пазаконкурснага залічэння да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму.
Новымі правіламі не прадугледжаны асобны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ. Аляксандр Жук патлумачыў гэта тым, што ўзровень падрыхтоўкі гарадскіх і сельскіх школьнікаў у апошнія гады практычна зраўняўся. “Меры, прынятыя ўрадам па падтрымцы сельскіх школ, далі свае вынікі, — заўважыў ён. — Сёння паняцце глыбінкі для атрымання якаснай адукацыі адсутнічае. Сельскія выпускнікі паказваюць на ЦТ вельмі добрыя, нават 100-бальныя вынікі”.
Згодна з новымі правіламі, падаваць дакументы ў прыёмныя камісіі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў могуць не толькі самі абітурыенты, але і іх давераныя асобы. Гэта дазваляецца, калі ў паступаючых няма магчымасці падаць дакументы асабіста, напрыклад, па прычыне хваробы, удзелу ў міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовай камандзіроўкі і г.д. (прычына павінна быць дакументальна пацверджана).

Важнае новаўвядзенне чакае абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія паступаюць на аснове агульнай базавай адукацыі. Яны будуць залічвацца па дакументах аб адукацыі (раней залічэнне ажыццяўлялася па выніках двух уступных выпрабаванняў).
Шэраг новаўвядзенняў тычыцца абітурыентаў сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Напрыклад, паступаючым у сельскагаспадарчыя ВНУ на скарочаны тэрмін (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі) дазваляецца здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах. Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю па завочнай форме, як і раней, маюць магчымасць выбіраць: або здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, або — уступныя іспыты ў ВНУ. Пры гэтым магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту ў завочнай форме прадастаўлена асобам, якія працуюць не толькі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, але і ў арганізацыях, якія займаюцца перапрацоўкай і абслугоўваннем сельскай гаспадаркі, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, і фермераў.

Адметна, што новымі правіламі прыёму прадугледжана магчымасць вызначэння тэрмінаў і ўмоў дадатковага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэта значыць, што калі пасля залічэння застануцца вакантнымі бюджэтныя месцы, то на іх будзе праводзіцца дадатковы конкурс.
Трэба заўважыць, што многія палажэнні, якія раней рэгламентаваліся правіламі прыёму, цяпер перададзены для рашэння Міністэрству адукацыі. Менавіта міністэрства будзе вызначаць пералік груп спецыяльнасцей і адпаведных ім профільных выпрабаванняў, тэрміны прыёму дакументаў, правядзення ўступных выпрабаванняў і залічэння (у тым ліку тэрміны і ўмовы дадатковага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі), пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія ажыццяўляецца залічэнне без уступных выпрабаванняў, а таксама мінімальны станоўчы бал цэнтралізаванага тэсціравання па прадметах і іншыя.
Як заўважыў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Жук, сёлета Міністэрства адукацыі плануе захаваць мінімальныя станоўчыя балы ЦТ на ўзроўні мінулага года.
“Вышэйшая адукацыя патрабуе добрай школьнай падрыхтоўкі, — заявіў першы намеснік міністра адукацыі. — Мы ведаем, што абітурыенты адэкватна адрэагавалі на ўвядзенне мінімальнай планкі пры паступленні ў ВНУ і сталі больш адказна рыхтавацца да ўступных выпрабаванняў”.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.